Украінскія вайскоўцы паведамілі аб новым удары па востраве Змяіны

30 чэрвеня Расія заявіла аб вывадзе войскаў з вострава Змяіны ў Чорным моры, але яго абстрэлы працягваюцца.

image_5626_14.jpg

Расійскія вайскоўцы нанеслі новы ўдар па востраве Змяіны, паведамляе аператыўнае камандаванне «Поўдзень».
Па словах кіраўніцы прэс-цэнтра «Поўдня» Наталлі Гумянюк, такім чынам яны знішчаюць рэшткі сваёй тэхнікі на востраве.
«Гэта была спроба разведкі, ці не разгорнуць там гарнізон, які можна знішчыць. Але пакуль яны б'юць толькі па той тэхніцы, якую пакінулі самі. Напэўна, ёсць яшчэ якія сляды замятаць», — сказала Гумянюк.
30 чэрвеня Расія заявіла аб вывадзе войскаў з вострава Змяіны ў Чорным моры, размешчаным непадалёк ад Адэсы. Узброеныя сілы Украіны неаднаразова заяўлялі, што наносілі па востраве ўдары, знішчаючы размешчаную там тэхніку.
У сваёй заяве войска РФ сцвярджала, што рашэнне аб вывадзе войскаў прынята «ў якасці кроку добрай волі», аднак, як лічаць эксперты, гаворка ішла менавіта аб адступленні.