Віцэ-прэм'ер Польшчы прапануе выключыць Беларусь і Расію з міжнародных арганізацый
Беларусь і Расію неабходна выключыць з міжнародных арганізацый за стварэнне міграцыйнага крызісу. Такое меркаванне выказвае віцэ-прэм'ер Польшчы Пётр Гліньскі ў інтэрв'ю выданню Polska Times, піша Еўрарадыё.
Ён прапануе ўзмацніць міжнародны ціск на кіраўніцтва Беларусі і Расіі ў сувязі з эскалацыяй на беларускай мяжы. "Я б нават разглядаў магчымасць выключэння дзвюх гэтых краін з шматлікіх міжнародных арганізацый, а таксама спартыўных спаборніцтваў, якія для іх важныя", — кажа польскі віцэ-прэм'ер.
Беларускія ўлады заяўляюць, што краіны Захаду самі паклікалі да сябе мігрантаў, а цяпер не хочуць пускаць. Пры гэтым замоўчваецца прамая дапамога, якую беларускія памежнікі аказваюць мігрантам для парушэння мяжы з краінамі Еўрасаюза.
Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін таксама абвяргае датычнасць Крамля да міграцыйнага крызісу. Па яго словах, краіны Захаду шукаюць, на каго перакласці адказнасць.