Віталь Рымашэўскі прапануе павялічыць тэрмін пакарання за фальсіфікацыю выбараў

27 верасня ў Мінску адбыўся круглы стол "Як спыніць фальсiфiкацыi і вярнуць людзям права выбару".

Фота з сайта bchd.info

Фота з сайта bchd.info


У круглым стале прынялі ўдзел лідары Правацэнтрыскай кааліцыі, прадстаўнікі дэмакратычных палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Былі абмеркаваныя прапановы, распрацаваныя кампаніяй «Права выбару», у якую ўваходзіць большасць незалежных дэмакратычных арганізацый.

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі ўнёс прапановы пра змены ў Крымінальны Кодэкс.

«Заканадаўства за фальсіфікацыю выбараў павінна быць больш жорсткім. Сёння старшыні камісій, адказныя за гэта злачынства, могуць абысціся толькі штрафам, а максімальны тэрмін даўніны — пяць гадоў. Я прапаную зрабіць пакаранне больш жорсткім: да дзесяці гадоў пазбаўлення волі для ўдзельнікаў фальсіфікацый, каб адначасова і павялічыць тэрмін даўніны, у які можна распачаць крымінальную справу за парушэнне закону. Бо старшыні камісіі, здзяйсняючы злачынствы, адчуваюць сваю поўную беспакаранасць. А дзесяць гадоў — гэта даволі вялікі тэрмін. І людзі павінны ведаць, што іх могуць прыцягнуць да адказнасці. Гэта будзе дадатковым стымулам для іх падумаць, ці рабіць фальсіфікацыі», — адзначыў ён.


bchd.info