Віталь Рымашэўскі: знешняя палітыка ЗША да Лукашэнкі можа стаць больш мяккай

Для палітычнай і культурнай эліты ЗША перамога Дональда Трампа — гэта параза. Такое меркаванне выказаў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі. «Для іх гэта чорны дзень», — заявіў ён.

1478681459_flags11.jpg


«Выбары харызматычнага непрадказальнага палітыка насуперак палітычнай і культурнай эліты сведчыць пра глыбокі крызіс унутранай сістэмы. Як кажуць, занадта далёкія яны ад народу. І вялікая доля людзей незадаволеная існуючым статус-кво», — падкрэсліў сустаршыня БХД.
На яго думку, сёння радуюцца ўсе аўтарытарныя краіны, у тым ліку і ў Крамлі. «Але я перакананы, што палітычная сістэма ЗША больш трывалая, гэта не толькі адзін прэзідэнт. І кампенсаторныя механізмы змогуць прадухіліць палітыку Злучаных Штатаў ад рэзкіх і неабачлівых крокаў», — мяркуе палітык.
«Што тычыцца Беларусі, то, мяркуючы па мінулых заявах Дональда Трампа, яму абсалютна нецікавая знешняя палітыка, ён у ёй неабазнаны. І для Беларусі гэта азначае, што ў важны, пераломны момант нашай гісторыі, калі магчымыя рэальныя змены і ў варунках эканамічнага крызісу дзейсны рэжым можна прымушаць, дзякуючы ўнутранаму і знешняму ціску, ісці на рэальныя крокі да рэформаў, знешнія ўмовы будуць зноў неспрыяльнымі. Можна чакаць, што ў лепшым выпадку палітыка ЗША да Беларусі будзе больш індыферэнтная, у горшым – больш мяккая да аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі», — адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Паводле bchd.info