Вольгу Кавалькову хочуць аштрафаваць за ўдзел у пікеце памяці
Сустаршыню аргкамітэта Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Вольгу Кавалькову хочуць прыцягнуць на адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Вольга Кавалькова на пікеце памяці 16 верасня. Фота з Facebook
Такім мерапрыемствам палічылі пікет памяці зніклых палітыкаў, які прайшоў 16 верасня падчас збору подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты лідара Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Мікалая Казлова.
27 верасня Вольга Кавалькова атрымала позву ў Цэнтральны РУУС, дзе яе чакалі яшчэ 24 верасня для складання пратакола па артыкуле 23.34 КаАП. Хутчэй за ўсё пратакол на актывістку склалі без яе прысутнасці. Калі будзе суд — пакуль невядома.

Пікет адбыўся у дзень 20-годдзя са дня знікнення сябра Палітрады АГП Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага. Акрамя Мікалая Казлова на ім прысутнічалі больш за дзесяць палітыкаў і актывістаў. Да пікетоўцаў прыйшоў з папярэджаннем прадстаўнік выбарчай камісіі па Старавіленскай акрузе у № 105. На яго думку, подпісы трэба збіраць без падобных заяваў.
18 верасня Мікалая Казлова выклікалі ў акруговую камісію і там вынеслі папярэджанне. Хоць Казлоў сцвярджаў, што расследванне палітычных знікненняў — частка яго перадвыбарчай праграмы, аднак камісія палічыла гэта агітацыяй.
spring96.org