Заявы Амбасады ЗША да 100-годдзя Брэсцкага міру і ўтварэння БНР

Амбасада ЗША ў Мінску выступіла з заявай, прысвечанай 100-гадоваму юбілею адразу дзвюх падзеяў — Брэсцкага (Брэст-Літоўскага) міру і ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. 

usembassy.gov

usembassy.gov

"Сто год таму быў падпісаны Брэст-Літоўскі мірны дагавор. Жах вайны схлынуў з гэтай зямлі, пакінуўшы за сабой іншыя канфлікты, гора і зруйнаванні. Заключаны мір быў, на жаль, нядоўгім", — гаворыцца ў заяве.
"Першая сусветная вайна пакінула глыбокі адбітак на чалавецтве. Разам з амбасадамі іншых краін, што бралі ўдзел у Вялікай вайне, Амбасада ЗША аддае даніну павагі загінулым салдатам і мірным грамадзянам, а таксама іх родным. Штогод на Дзень перамір’я (11 лістапада, калі краіны Антанты і блоку Цэнтральных дзяржаў дамовіліся аб прыпыненні баявых дзеянняў) у гонар ахвяр вайны гучыць звон. На Беларусі былыя ворагі ляжаць побач адзін з адным на шматлікіх могілках уздоўж усёй былой лініі фронту — у цалкам знішчанай тады Смаргоні, у Крэве, Барунах, Ашмянах, Багданаве, Мядзелі, Валожыне, Баранавічах…"
"Беларусы, якім ніколі не бракавала няўрымслівасці і імкнення да справядлівасці і незалежнасці, пасля заключэння міру зрабілі спробу ўрэшце ўсталяваць уласную дзяржаўнасць. Аднак у віры супрацьлеглых мэтаў, амбіцый, настрояў і ваенных прысутнасцяў Беларуская Народная Рэспубліка ўжо меней чым праз год сканала. 25 сакавіка беларусы будуць ушаноўваць памяць тых, хто насуперак цяжкім, неспрыяльным абставінам адстойваў іх нацыянальную ідэнтычнасць і незалежнасць" — адзначаюць дыпламаты.