Амбасадар Францыі: Заклапочанасць адносна захавання правоў чалавека ў Беларусі не знікла

Перад адʼездам у Мінск новаму паслу Францыі ў Беларусі Дыдзье Канэсу была пастаўлена задача ўсебакова развіваць беларуска-французскія адносіны.

70045c5a_804e_444e_bea1_37e5762c7e5d_w987_r1_s.jpg


Пра гэта дыпламат заявіў у інтэрвію праграме «Карціна свету» на тэлеканале СТВ 10 снежня.
«Адносіны паміж Францыяй і Беларуссю набылі новы кантэкст. Практычна ўсе санкцыі Еўрапейскага звязу знятыя. Гэта былі вельмі важныя рашэнні, прыняццю якіх Францыя спрыяла. Перад тым, як накіравацца ў Мінск, наш міністар замежных спраў паставіў мне задачу развіваць усебакова нашы адносіны, — сказаў дыплямат. — Гэта, вядома, не значыць, што заклапочанасць з нагоды сітуацыі з правамі чалавека (у Беларусі), дэмакратызацыі знікла. Я думаю, што важна працягваць адкрыты дыялог па гэтых пытаннях».
«Мы заахвочваем Беларусь праводзіць палітыку, арыентаваную на канкрэтныя вынікі ў плане захавання міжнародных стандартаў у правядзенні дэмакратычных выбараў, права на дэманстрацыі, права на асацыяцыі і сходы», — падкрэсліў амбасадар Францыі.
Паводле Дыдзье Канэса, для Францыі і Беларусі важна паглыбляць палітычны дыялог і развіваць двухбаковыя гандлёва-эканамічныя адносіны, культурныя сувязі. Ён сказаў, што ў цэнтры яго прыярытэтаў знаходзіцца менавіта разьвіццё гандлёва-эканамічных адносінаў.
«Цяпер узровень нашых абменаў не адпавядае патэнцыялу Беларусі і эканамічнай вазе Францыі, якая з'яўляецца пятай эканомікай у свеце. Мы павінны сумесна старацца лепш распаўсюджваць інфармацыю сярод дзелавых колаў пра магчымасці на беларускім рынку і інфармацыю пра высілкі (беларускага боку) па паляпшэнню ўмоў для інвестараў», — адзначыў Дыдзье Канэс.
Ён лічыць, што ў сферы эканомікі Францыі варта было б звярнуць увагу на беларускую малочную прадукцыю, карʼерныя самазвалы, сферу інфарматыкі.
А сябрам, якія збіраюцца прыехаць у Беларусь, ён бы параіў «разглядаць краіну праз прызму літаратуры і гісторыі».
«Я б, напэўна, параіў творы Васіля Быкава, Святланы Алексіевіч. Вядома, не забыцца пра Шагала, Суціна, Малевіча», — адзначыў францускі дыплямат.
Дыдзье Канэс прыбыў у Беларусь 21 верасня. Ён з'яўляецца кадравым дыпляматам. Перад прызначэннем у Беларусь працаваў намеснікам дырэктара крызыснага цэнтра МЗС Францыі.
Паводле svaboda.org