Зянон Пазьняк заклікаў Лукашэнку ў навагоднім звароце вызваліць Івашына, Залатар і Шарэнду-Панасюк

У навагоднім відэавіншаваньні, апублікаваным на Youtube, лідэр руху «Вольная Беларусь» зьвярнуўся да розных катэгорый беларусаў унутры краіны і заклікаў шанаваць адно аднаго, падтрымліваць усё беларускае.

Зянон Пазьняк. Фота: Павел Хадзінскі

Зянон Пазьняк. Фота: Павел Хадзінскі

У прыватнасьці, Пазьняк зьвярнуўся і да тых беларусаў, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі і і лічаць, «што гэта добра», адзначае «Радыё Свабода».

«Такіх людзей шмат, і мы ня можам іх ігнараваць. Але што б я хацеў сказаць такім людзям? Памятайма, што Беларусь – наш агульны дом. Мы павінны яго берагчы, усе, якім бы мы чынам не адносіліся да палітыкі. Не прадаецца хата бацькоў, як сьпяваецца ў песьні. Таму дбайма пра нашую незалежнасьць, наш агульны беларускі дом і нашу дзяржаву», — сказаў Зянон Пазьняк.

Зьвяртаючыся да дзяржаўных служачых, палітык канстатаваў, што многія зь іх апынуліся ў цяжкім становішчы, калі трэба выконваць палітыку, якая не спрыяе беларускаму народу.

«Шаноўнае спадарства, не забывайце, што вы беларусы, не забывайце, што ў вашых руках улада. Будзьце патрыётамі сваёй краіны, беражыце наш народ. Можна не выконваць антынародныя распараджэньні. Можна паглядзець на нейкую злую справу, якую ад вас патрабуюць, скрозь пальцы. Можна яе ня выканаць і гэтым паспрыяць нашым людзям. Калі міліцыянт ідзе па вуліцы і бачыць, што маладыя людзі кажуць «Жыве Беларусь», не кідайцеся туды, не чапайце гэтую моладзь, ня біце іх дручкамі. Не заўважце гэтага і гэтым вы дапаможаце беларусам», – заклікаў Пазьняк.

Напрыканцы ён заклікаў Лукашэнку вызваліць трох палітвязьняў, каб праявіць добрую палітычную волю. Гаворка ідзе пра шматдзетную маці Вольгу Залатар, журналіста «Новага Часу» Дзяніса Івашына і берасьцейскую актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк.