ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць уладаў Беларусі

Міністэрства фінансаў ЗША 23 сьнежня ўвяло санкцыі супраць чатырох юрыдычных і адной фізычнай асобы ў Беларусі ў сувязі з фальсыфікацыяй прэзыдэнцкіх выбараў і пасьлявыбарчым гвалтам з боку дзяржавы, піша Свабода.

Фота Яны Трусіла

Фота Яны Трусіла


Пра гэта паведамляецца на сайце Міністэрства фінансаў ЗША.
Пад санкцыі патрапілі: Цэнтральная выбарчая камісія, Атрад міліцыі асобнага прызначэньня (АМАП), Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных спраў Менскага гарвыканкаму, падразьдзяленьне «Альфа» КДБ і Генадзь Казакевіч, намесьнік міністра ўнутраных спраў Беларусі — начальнік крымінальнай міліцыі.
«Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў на чале са старшынёй Лідзіяй Ярмошынай, намесьнікам старшыні Вадзімам Іпатавым і сакратаром Аленай Дмухайлай, якія ўжо знаходзяцца пад санкцыямі, кіравалі фальшывымі прэзыдэнцкімі выбарамі 9 жніўня. Выбары з мноствам парушэньняў — якія ўключалі забарону ўдзелу для апазыцыйных кандыдатаў, забарону доступу назіральнікаў і зацьвярджэньне непраўдзівага падліку галасоў — не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі», — гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства фінансаў ЗША.
Адносна Генадзя Казакевіча адзначаецца, што ён, як намесьнік міністра ўнутраных спраў і начальнік крымінальнай міліцыі, «адказваў за дзеяньні крымінальнай міліцыі ў ролі выканаўцаў санкцыянаванай раней Аляксандрам Лукашэнкам палітыкі жорсткіх разгонаў дэмакратычных пратэстаў у Беларусі».
Пра падразьдзяленьне «Альфа», АМАП і Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных спраў Менскага гарвыканкаму сказана, што яны «ўдзельнічалі у жорсткіх пасьлявыбарчых рэпрэсіях і падаўленьні мірных акцый пратэсту ў Менску».
Дзярждэпартамэнт ЗША таксама ўвёў візавыя абмежаваньні ў дачыненьні да 39 беларусаў, якія нясуць адказнасць за падрыў дэмакратыі ў Беларусі, гаворыцца ў заяве дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо.
Сьпіс гэтых асоб пакуль не апублікаваны. Усяго візавыя абмежаваньні ўведзеныя супраць 63 грамадзян Беларусі за фальсыфікацыю вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і рэпрэсіі, якія працягваюцца па сёньняшні дзень.
Міністэрства фінансаў ЗША раней паведамляла, што ўведзеныя санкцыі супраць кіраўніка МУС Беларусі Юрыя Караева, намеснік кіраўніка МУС і кіраўніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Аляксандар Барсукова, намесніка кіраўніка МУС і камандуючага ўнутранымі войскамі Юрыя Назаранка, намесніка камандуючага ўнутранымі войскамі МУС Хазалбек Атабекова, камандзіра менскага АМАПа Дзмітрыя балабы, сакратара ЦВК Беларусі Алены Дмухайлы, намеснік старшыні ЦВК Вадзіма Іпатава, начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Івана Кубракова.