73 гады таму пачалося паўстанне ў Варшаўскім гета (відэа)
Варшава была адзіным горадам у Еўропе, дзе былі два паўстанні супраць нямецкай акупацыі.
Каля Помніка героям гета адбыліся ўрачыстасці ўшанавання герояў паўстання ў Варшаўскім гета. 73 гады таму, 19 красавіка 1943 года, пачалося паўстанне, якое габрэі ўзнялі супраць канчатковай ліквідацыі немцамі гета.
Дырэктар Музея гісторыі польскіх габрэяў Polin Дарыюш Столя падкрэслівае, што Варшава была адзіным горадам у Еўропе, дзе былі два паўстанні супраць нямецкай акупацыі.
Дарыюш Столя адзначыў:
— Паўстанне ў гета і Варшаўскае паўстанне — гэта самыя драматычныя моманты ў гісторыі сталіцы. Забойствы, смерць і дэпартацыя габрэяў з Варшавы — гэта сінонім знішчэння траціны жыхароў горада.
Ад Помніка героям гета ўдзельнікі акцыі пройдуць шэсцем да мемарыяльных месцаў польскай сталіцы, звязаных з габрэйскай гісторыяй і супрацівам. А 17.00 у Музеі Polin Таварыства габрэяў-ветэранаў узнагародзіць медалямі заслужаных для польска-габрэйскага дыялога асобаў.
19 красавіка 1943 года ў Варшаўскім гета знаходзілася каля 70 тысяч чалавек. У паўстанні прыняло ўдзел 1000–1500 габрэяў. Кожны дзень яны змагаліся супраць дзвюх тысяч нямецкіх жаўнераў. У малых і падзеленых групах габрэі змагаліся да 16 траўня. У гэты дзень немцы абвясцілі канец акцыі па знішчэнні гета і ў знак канчатковай ліквідацыі гета ўзарвалі Вялікую варшаўскую сінагогу.
У паўстанні загінула 6–7 тысяч габрэяў, чарговыя 7 тысяч былі забітыя немцамі падчас расправаў пасля заканчэння паўстання і прыблізна столькі ж было дэпартавана ў Трэблінку. Каля 36 тысяч габрэяў было вывезена ў Аўшвіц і Майданэк.