Адноўлены гадзіннік на вежы лютэранскай кірхі ў Гродна плануюць запусціць летам

Стогадовы гадзіннік з лютэранскай кірхі ўжо амаль адноўлены і чакае транспарціроўкі ў Гродна, піша hrodna.life. Яго аднаўленнем на працягу года займаўся магілёўскі майстар Генадзь Галоўчык.

0_23.jpg

Сваю працу Генадзь падзяліў на тры этапы: першы – аднаўленне цыферблатаў, другі – аднаўленне механізму і даўкамплектацыя, трэці – аднаўленне званарнага бою.

Механізм усталююць пасля рамонту даху

«Застаюцца чыста касметычныя працы. Усё асноўнае зроблена і чакае транспарціроўкі ў Гродна, – распавядае Генадзь. – Я спачатку прыеду, каб усталяваць цыферблаты, якія ўжо перадаў. Яны захоўваюцца ў сутарэннях кірхі. Думаю, усталюем іх ужо, як будзе цёпла. З устаноўкай механізму ёсць праблемы. На вежы працякае дах – трэба спачатку яго адрамантаваць».

Генадзь Галоўчык паводле адукацыі інжынер. У Магілёве ў яго ёсць пасада – наглядчык гарадскога гадзінніка.

«Працаваць з гродзенскім гадзіннікам было цікава. Ужо набыты новы звон для механізму, у гэтым дапамог энтузіяст з Нямеччыны. Гэта практычна дакладная копія звона, які вісеў на кірсе 100 гадоў таму. Ён будзе вісець звонку будынка, над самім корпусам», – дадаў майстар.

1_8_3.jpg

«Вялікая падзея для горада»

Пастар лютэранскай кірхі ў Гродне Уладзімір Татарнікаў распавёў, што ўсталяваць гадзіннік паспрабуюць да лета 2020 года.

«Паспрабуем прымеркаваць гэту падзею да якога-небудзь свята. Можа, фестывалю нацыянальных культур або Дня горада. Гэта будзе вялікая падзея для горада, бо мы аднавілі аўтэнтычны гадзіннік з кірхі. Ды і тым больш у 2020 годзе наша абшчына будзе адзначаць 25-годдзе вяртання храма вернікам».

Гадзінніку 106 гадоў, захаванасць механізма – 85%

Механізм вежавага гадзінніка на кірсе захаваўся да нашых дзён у добрым стане. Паводле папярэдніх ацэнак яго захаванасць складала 85%. Узрост гадзінніка – 106 гадоў, яго ўсталявалі на вежы ў 1913 годзе. Механізм спыніўся прыблізна ў 1944 годзе. Сёння ў Германіі ўсё яшчэ існуе фірма, якая ўсталёўвала гадзіннік у Гродна. Ініцыятарам і спонсарам рэстаўрацыі выступіў былы прыхаджанін кірхі, які жыве сёння ў Германіі.


Паводле hrodna.life