БагатаДата 31 кастрычніка — 6 лістапада
Сёння, 31 кастрычніка, — гадавіна Курлоўскага расстрэлу. А 2 лістапада мы адзначым Дзяды. Але на гэтым тыдні ёсць яшчэ нагоды ўспомніць мінулае, дый пасумаваць і парадавацца.
![Людзі перад домам губернатара на Саборнай плошчы ў Мінску, кастрычнік 1905 года. Людзі перад домам губернатара на Саборнай плошчы ў Мінску, кастрычнік 1905 года.](/img/v1/images/kurlouski_rasstrel__miensk.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Людзі перад домам губернатара на Саборнай плошчы ў Мінску, кастрычнік 1905 года.
31 кастрычніка
Міжнародныя дні эканоміі і Чорнага мора.
1905. Дата Курлоўскага расстрэлу. У гэты дзень царскія войскі і паліцыя на загад губернатара Паўла Курлова адкрылі агонь па ўдзельніках 20-тысячнага мітынгу за дэмакратычныя свабоды ў цэнтры Мінску. 100 чалавек былі забіты, 300 паранены. Абурэнне мінчукоў было настолькі моцным, што Курлова адклікалі ў Пецярбург і пачалося афіцыйнае расследаванне. Аднак нікога не пакаралі. А Курлоў усклаў адказнасць за крывавыя падзеі на вайсковае камандаванне.
1965. У Гомелі нарадзілася лекгаатлетка Ірына Ятчанка. Уварвалася ў эліту кідальніц дыску пасля 30 год. Мае залаты медаль чэмпіянату свету-2003 і бронзу Алімпіяды-2000. Жонка кідальніка молату Ігара Астапковіча, неаднаразовага алімпійскага прызёра.
1 лістапада
Дзень працаўнікоў грамадзянскай авіяцыі ў Беларусі і Міжнародны дзень вегана.
1895. У вёсцы Крыловічы Дзяржынскага раёна на Міншчыне нарадзіўся адзін з заснавальнікаў беларускага тэатру, акцёр Уладзімір Крыловіч. Служыў у БДТ-1 (будучы Купалаўскі тэатр). Сярод роляў: Крыніцкі («Паўлінка»), Кастусь Каліноўскі (у аднайменным спектаклі).
![753843.jpg 753843.jpg](/img/v1/images/753843.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
2 лістапада
Дзяды (Дзень памінання памерлых).
![Шэсце на Дзяды ў 2015-м. Аўтар Уладзіслаў Рубанаў Шэсце на Дзяды ў 2015-м. Аўтар Уладзіслаў Рубанаў](/img/v1/images/dziady_2015_126_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Шэсце на Дзяды ў 2015-м. Аўтар Уладзіслаў Рубанаў
3 лістапада
1890. У маёнтку Блонь Пухавіцкага раёна на Міншчыне нарадзіўся антраполаг і археолаг Глеб Бонч-Асмалоўскі. У 1924 года ўпершыню ў СССР Бонч-Асмалоўскі выявіў рэшткі неандэртальскага чалавека ў гроце Кіік-Коба (у Крыме).
4 лістапада
1865. У маёнтку Аляшэвічы на Гродзеншчыне нарадзіўся дзяржаўны дзеяч Расіі і Польшчы, буйны землеўласнік і арганізатар сельскагаспадарчай дзейнасці ў Беларусі Караль Незабытоўскі. Дэпутат Дзяржаўнага Савету Расійскай імперыі ад Мінскай губерні. Міністр сельскай гаспадаркі і дзяржаўных маёмасцяў Польшчы.
5 лістапада
1970. У Мінску нарадзіўся спартовец (грэка-рымская барацьба) Сяргей Ліштван. 10-разовы чэмпіён Беларусі і сярэбраны прызёр Алімпіяды-1996. Быў сцяганосцам зборнай Беларусі на наступнай Алімпіядзе ў 2000 годзе.
6 лістапада
1945. Дата заснавання Мінскага мотавелазаводу. Першае абсталяванне для яго было прывезена з Нямеччыны. Брэнды: матацыкл «Мінск», ровары «Арляня» і «Бусел».