Дацягнуўся да Месяца: як нараджэнец Гомельшчыны ствараў месяцаход
Беларус Васіль Старавойтаў разам з нараджэнцам украінскага Жытоміра Сяргеем Каралёвым працаваў над стварэннем месяцахода. І ў выніку стаў аўтарам 18 вынаходак, многія з якіх да гэтага часу трымаюцца ў сакрэце.
У Дзень касманаўтыкі «Штодзень» узгадвае слыннага нараджэнца Гомельшчыны.
З Гомелю за Урал
Васіль Старавойтаў нарадзіўся 21 студзеня 1919 года ў вёсцы Марозавічы Буда-Кашалёўскага раёна ў сялянскай сям’і. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Гомелі. У 1941 годзе скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхнічнае вучылішча імя Баўмана — адну з самых знакамітых савецкіх навучальных устаноў.
На фронт яго не ўзялі, пайшоў працаваць на Чэлябінскі трактарны завод, на якім акурат і разгортвалася вытворчасць легендарных Т-34 і самаходных артылерыйскіх установак СУ-152.
Цягам часу канструктар сышоў працаваць у Канструктарскае бюро Наркамата танкавай прамысловасці ў Ленінградзе. Пры ім заводскае КБ ператварылася ў вядучы навукова-даследчы інстытут саюзнага значэння, які ў 1960 годзе Старавойтаў і ўзначаліў.
Менавіта да яго з праектам месяцахода звярнуўся канструктар ракетна-касмічнай тэхнікі Сяргей Каралёў. Ён быў шмат чуў пра заслугі Старавойтава і цвёрда вырашыў, што хадавую частку хоча рабіць менавіта з «піцерскімі танкістамі» пад кіраўніцтвам Старавойтава.
Гусеніцы альбо колы?
Логіка і ўжо існуючы ў 1964 годзе макет месяцахода ўказвалі на карысць гусеніц. У пачатку 60-х гадоў аб месячным грунце мелі вельмі смутнае ўяўленне. Лічылі, што паверхня месяца падобная на нейкую багну з мясцовага пылу.
Зацвердзіць эскізны праект месяцахода Каралёў не паспеў. Прадчуваючы смерць, перадаў зачыны свайго ОКБ – 1 у канструктарскае бюро Георгія Бабакіна. З наказам: «Эскізны праект глядзець трэба. Дапамагаць ВНДІ-100 (яго ўзначальваў Старавойтаў — Рэд.) таксама трэба».
Галоўным канструктарам шасі месяцахода Старавойтаў прызначыў Аляксандра Кемурджыяна. Ім дапамагалі Астрасавет у Маскве, радыёфізічны інстытут у Ніжнім Ноўгарадзе, Пулкаўская і Крымская абсерваторыі, армянскія геолагі (яны сабралі два вагоны туфаў, падобных, на думку астраномаў, на месяцовыя камяні), веласіпедны завод у Харкаве, дзе рабілі спіцы і балансавалі колы месяцахода…
Праца кіпела ўдзень і ўначы. Амаль стварыўшы гусенічны варыянт, вырашылі ад яго ўсе ж адмовіцца: у гусеніцы адно вядучае кола, а канструктары вырашылі, што іх павінна быць восем.
На Месяцы
17 лістапада 1970 года «Месяцаход-1» з’ехаў з пасадачнай прыступкі на паверхню спадарожніка Зямлі і прапрацаваў там дзесяць з паловай месяцаў, прайшоўшы па Месяцы 10,5 кіламетра.
Эксперты ўпэўненыя: шмат з таго, што распрацоўвалася пад кіраўніцтвам Старавойтава, яшчэ чакае апісання будучых гісторыкаў навукі і тэхнікі. У тым ліку ўнікальны апарат СТР-1, які працаваў на даху трэцяга энергаблока Чарнобыльскай АЭС пасля катастрофы, і многія іншыя навуковыя працы і вынаходкі Старавойтава, якія дагэтуль засакрэчаныя.