Філосафка Ганна Тумаркіна: Як ураджэнка Дуброўна пакінула след у гісторыі
Выкладала ідэі Канта і Спінозы, зрабіла рэвалюцыйны прарыў у навуковай супольнасці і публічна падтрымала барацьбу жанчын за выбарчае права. «Салiдарнасць» расказвае пра першую ў Еўропе жанчыну — доктарку філасофскіх навук Ганну Тумаркіну.
Ганна Тумаркіна нарадзілася 16 лютага 1875 года ў мястэчку Дуброўна Магілёўскай губерні (цяпер — Віцебская вобласць) у купецкай сям’і. Бацькі яе, Павел Майсеевіч Тумаркін і Сафія Герцэнштэйн, паходзілі з Дуброўны, але бацька меў бесарабскія карані.
Бацька яе, артадаксальны яўрэй Палціэл, альбо на рускі лад Павел Майсеевіч, займаўся не толькі гандлем, але і публіцыстыкай, а таксама перакладамі з рускай мовы на іўрыт. Усім сваім дзецям ён даў добрую адукацыю.
Прыкладам, старэйшыя браты Ганны скончылі завочна рускую гімназію, а потым з’ехалі на вучобу ў нямецкія ўніверсітэты. Бацька ж прыканцы жыцця выслужыў асабістае дваранства.
Праз пэўны час сям’я перабралася ў Бесарабію — тут у Кішінёве Ганна скончыла жаночую гімназію і настаўніцкія курсы. Але на гэтым не спынілася. Ва ўзрросце 17 год дзяўчына паехала ў Еўропу — бо ў Расейскай імперыі, дзе пасля забойства імператара Аляксандра ІІ ўзмацніўся паліцэйскі рэжым, у тым ліку пачалі закрывацца жаночыя курсы, і на той час вышэйшая адукацыя жанчынам «не свяціла» (што, зрэшты, не перашкаджае цяпер многім прадстаўляць Тумаркіну як навукоўцу «расейскага паходжання».
Для параўнання: у беларускай Вікіпедыі яе прадстаўляюць як філосафку і гісторыка філасофіі яўрэйскага паходжання).
Спачатку паступіла ў Берлінскі ўніверсітэт, потым пераехала ў Швейцарыю, дзе ўжо вучыўся адзін са старэйшых братоў, Якаў. Праз тры гады Тумаркіна, якая за час вучобы вывучыла англійскую, французскую і латынь, абараніла сваю першую дысертацыю на факультэце філасофіі, германістыкі і гісторыі Бернскага ўніверсітэта — параўнальны аналіз філасофскіх трактатаў Гердэра і Канта. І менавіта з Бернам было звязана ўсё яе далейшае жыццё.
Наваспечаная доктарка філасофіі хацела не толькі публікавацца ў навуковых выданнях пад кіраўніцтвам больш вопытных калег, але і выкладаць сама, і ў 1898 годзе падала адпаведную заяўку ў навуковую раду ўніверсітэта. Важная дэталь: на той час ніводная жанчына не выкладала ў еўрапейскіх універсітэтах, а Ганна да таго ж была замежніцай з расейскім пашпартам…
І ўсё ж — талент і настойлівасць гралі на яе баку, і Ганна стала першай жанчынай-выкладчыцай філасофіі (а таксама эстэтыкі) і атрымала пасаду прыват-дацэнткі (Privatdozentin). Падзея насамрэч знакавая для фемінісцкага руху, і не толькі пазамінулага стагоддзя.
Даследчыкі адзначаюць, дарэчы, што лекцыі Ганны Тумаркінай былі вельмі папулярныя сярод студэнтаў. Навуковую кар’еру яна таксама не закінула — у 1906 годзе яна стала тытулярнай прафесаркай Бернскага ўніверсітэта, яшчэ праз некалькі год, у свае 34 — экстраардынарнай прафесаркай.
Дарэчы, у тым жа 1906-м, з розніцай хіба ў месяц, нобелеўская лаўрэатка Марыя Кюры пасля смерці мужы ўзначаліла Парыжскую фізічную лабараторыю — таксама ўпершыню гэта месца займала жанчына. Навуковая супольнасць Еўропы, мякка кажучы, была ў шоку.
Крыху пазней, калі былы настаўнік Тумаркінай пакінуў прэстыжнае месца загадчыка кафедры, Ганна прэтэндавала на ягонае месца нароўні з 30 выкладчыкамі-мужчынамі, і не стала кіраўніком толькі з прычыны каласальных нагрузак на здароўе.
Аднак гэта не перашкодзіла вучонай стаць першай у Еўропе прафесаркай філасофіі (у 1909-м), надзеленай правам прымаць экзамены на атрыманне доктарскай супені і рэцэнзаваць дысертацыі, і самой напісаць цэлы шэраг манаграфій па філасофіі, тэарэтычнай псіхалогіі, эстэтыцы і культуралогіі.
Яшчэ адзін выклік грамадскасці Тумаркіна кінула (магчыма, і не наўмысна), калі ў 1921 годзе пачала жыць разам з лекаркай Ідай Гоф — хоць даследчыкі не могуць сцвярджаць адназначна, ці былі яны парай, ці гэта быў так званы «бостанскі шлюб», у якім дзве незамужнія жанчыны вялі сумесны побыт, бо гэта давала большую фінансавую незалежнасць і магчымасці будаваць кар’еру.
Аднак дакладна вядома, што Іда Гоф была адной з паслядоўных феміністак і суфражыстак таго часу. Яна адна з першых жанчын у Берне набыла аўтамабіль, і разам з Ганнай Тумаркінай яны шмат падарожнічалі па Швейцарыі і суседніх краінах, а таксама пераканала Ганну далучыцца да руху суфражыстак.
Так, у 1928-м Тумаркіна брала ўдзел у першай Швейцарскай выставе жаночай творчасці, прадстаўляючы навуку. У той жа год прадстаўніца «ціхай навукі» апублікавала два гучныя артыкулы акурат па «жаночым пытанні»: «Погляд на духоўнае жыццё швейцарскіх жанчын» і «Права голасу для жанчын», таксама пісала ў Бернскім часопісе пра гендарную няроўнасць і эксплуатацыю жаночай працы.
Разам з Ідай Гоф яны наведвалі і сваякоў Тумаркінай у Бесарабіі. Дарэчы, брат Ганны, Лазар Тумаркін, скончыў медыцынскі факультэт і адкрыў у Кішынёве прыватны санаторый-водалячэбніцу (будынак, хоць і рэканструяваны да непазнавальнасці, захаваўся да нашых дзён, а вось лёс ягонага гаспадара невядомы пасля 1939 года).
Пасля распаду расійскай імперыі пашпарт Ганны Тумаркінай стаў несапраўдным — яна трымала швейцарскі пашпарт і грамадзянства, а да родных прыязджала яшчэ двойчы — у 1925-м і 1937-м. З адной такой сустрэчы захавалася сямейнае фота. А вось успамінаў — амаль не. Гады Халакосту большасць яе сваякоў, якія заставаліся ў Кішынёве, не перажылі…
Насуперак распаўсюджаным стэрэатыпам пра вучоных, якія быццам бы мала зважаюць на бягучыя падзеі ў навакольным свеце, яна вельмі цяжка перажывала іх — і рэвалюцыйныя падзеі 1917-га ў Расеі, і прыход да ўлады нацыянал-сацыялістаў у Германіі, і канешне, пачатак Другой сусветнай і масавы пераслед яўрэяў, — хоць у маленькай уладкаванай Швейцарыі асабіста яе і рэвалюцыі, і войны абмінулі.
Але ўсё больш падводзіла здароўе — яна пакутавала на «слановую хваробу» і мела патрэбу ў дапамозе сядзелкі. У сярэдзіне 1940-х з-за чарговага абвастрэння хваробы вымушаная была канчаткова адмовіцца ад працы ва ўніверсітэце. І ўжо цяжка хворай яна паспела ўбачыць выхад у свет сваёй фундаментальнай працы — «Сутнасць і станаўленне швейцарскай філасофіі» (1948).
Ганна Паўлаўна, на еўрапейскі манер Ганна-Эстэр Тумаркін, памерла ў 1951 годзе, у лютэранскім доме сясцёр міласэрнасці ў гарадку Гюмліген пад Бернам.
У 2000 годзе яе імем была названая пешаходная вуліца ля старога будынку Бернскага ўніверсітэта — яна вядзе міма вакна лекцыйнай залі, дзе шмат год чытала свае лекцыі першая прафесарка філасофіі.
Былая ўніверсітэцкая архіварыўс, доктар гістарычных навук Францыска Роггер, якая была асабіста знаёмая з Тумаркінай, расказала пра яе і іншых жанчын-першых студэнтак еўрапейскіх ВНУ, у кнізе «Доктарская шапачка ў шафе для мяцёлак» («Der Doktor hut im Besenschrank»).
У самой ВНУ ў памяць пра філосафку зладжаная навуковая
праграма ANNA. А вось у Кішынёве і тым больш у Дуброўне месца для
ўшанавання яе памяці (пакуль?) не знайшлося.