Француз на сармацкім троне: як у Рэчы Паспалітай прыдбалі сабе замежнага караля
Пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста магнаты і шляхта Рэчы Паспалітай выправілі паслоў па замежнага караля, якога шукалі ажно ў Францыі. Генрых Валуа, спадкаемца французскага трона, мусіў стаць кіраўніком аб'яднаных ВКЛ і Польшчы, але нешта пайшло не так. Гісторыю знакамітага абрання француза расказвае budzma.me.
У гэты дзень у далёкім 1573 годзе распачаліся выбары новага караля Рэчы Паспалітай. У выніку ім стаў Генрых Валуа — максімальна дзіўны персанаж для нашай гісторыі, які пасля непрацяглага ўладарання вярнуўся назад у Парыж. «Будзьма» спрабуе разабрацца, чаму так сталася.
Генрых быў сынам французскага караля Генрыха ІІ і Кацярыны Медычы. Сапраўдная зорная пара — яны былі вядомымі і вельмі ўплывовымі людзьмі свайго часу. Бацькавую смерць прадказаў сам Настрадамус, а маці належала да знатнага фларэнційскага роду.
Нікало Макіявелі свой знакаміты трактат «Уладар», у якім вядзецца пра тэорыю і практыку паспяховага кіравання дзяржавай, прысвяціў Ларэнца II Медычы, які быў прыхільнікам аб’яднання Італіі і выкараняў чужынскія ўплывы. Такім чынам мысляр імкнуўся задобрыць суворага кіраўніка пасля свайго палітычнага фіяска. Макіявелі належаў да іншай палітычнай партыі, якая ў выніку барацьбы прайграла ў Фларэнцыі, і мысляр аказаўся ў апале. Акрамя ўсяго іншага, Ларэнца Медычы — гэта бацька Кацярыны...
Генрых Валуа не быў адзіным дзіцём у сям’і. Акрамя яго былі яшчэ дзеці, але з іх ён быў найбольш любімым. Дзякуючы дбанням маці Генрых атрымаў вельмі харошую адукацыю. Ён ідэальна валодаў італьянскай мовай, на якой размаўляў з Кацярынай, чытаў творы Макіявелі і іншых выбітных італьянскіх мысляроў у арыгінале.
Ад бацькоў Валуа ўзяў усё лепшае: ад бацькі — высокі рост і развітыя цягліцы, ад маці — вытанчанасць і любоў да мастацтва. Ён быў надта эксцэнтрычным для свайго часу і статусу. Насіў завушніцы з буйнымі дыяментамі, на балі, дзе збіралася ўся французская арыстакратыя, прыходзіў у жаночай сукенцы. Пазней такім самым чынам эпатаваць публіку будзе Філіп І, герцаг Арлеанскі, родны брат Людовіка XIV.
Часам над Генрыхам брала верх іншая крайнасць — ён рабіўся надта рэлігійным і з усяе моцы бічаваў сябе перад прыслугай. Тыя не заўжды маглі падстроіцца пад норавы прынца: то ён носіцца размаляваны пад бульварную прастытутку, то перабывае ў вобразе рэлігійнага фанатыка. Так ці іначай, але такія два полюсы нейкім парадаксальным чынам спалучаліся ў яго галаве.
Са смерцю апошняга з Ягелонаў — Жыгімонта ІІ Аўгуста — зноў паўстала пытанне пра пераемніка. На караля прэтэндавалі многія, але фактычна змаганне ішло між дзвюма групоўкамі: адны хацелі бачыць новым каралём Івана Грознага, а іншыя — Эрнста Габсбурга, сына імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі.
Маскоўскі цар і сам быў бы не супраць стаць уладаром суседняй дзяржавы, але яго кандыдатура не карысталася вялікім поспехам. Сам Жыгімонт Аўгуст перад смерцю запавёў, каб трон ні ў якім разе не дастаўся правіцелю з Усходу. Габсбург выклікаў моцную непрыязнасць у пратэстантаў, якія набралі палітычную вагу ў краіне яшчэ пры Аўгуставым бацьку — Жыгімонце Старым.
Генрых Валуа быў такім сабе добрым кампрамісам: з аднаго боку, разумны і адукаваны, з іншага — чалавек, які наўрад ці будзе займацца пераследам лютэранаў або кальвіністаў, як тое рабіў эрцгерцаг, якога падтрымліваў сам Папа Рымскі Рыгор XIII. Да ўсяго, рабіць пратэкцыю прынцу ўзяўся адзін з найлепшых тагачасных дыпламатаў — Жан дэ Манлюк.
А што сам Генрых? Яму не надта была цікавая далёкая варварская краіна. Ён быў не самага лепшага меркавання пра наш край, думаючы, што тут жывуць адно п’яніцы. Яно і не дзіва — светагляд еўрапейца таго часу быў надзвычай еўропацэнтрычным. Шмат у чым яны, вядома, мелі рацыю. Але бытавала і многа стэрэатыпаў.
У любым разе, Генрых не мог адмовіцца ад кароны — бо родны брат і кароль Карл IX быў за тое, каб ён ачоліў Рэч Паспалітую, а таксама яго маці падумвала аб стварэнні магутнай антыгабсбургскай кааліцыі. Генрыху ІІІ нічога не заставалася, як толькі пагадзіцца на прапанову. Хаця ён і ставіў свечкі штодня ў касцёле за тое, каб яго ні ў якім разе не абралі...
Але здаецца, што сам лёс падаваў знакі Валуа — нічога добрага з каралявання не выйдзе. Бо 23 жніўня 1573 года адбылася знакавая для гісторыі Францыі і ўсёй Еўропы падзея — Варфаламееўская ноч. Тады не прайшло і тыдня, як сястра Генрыха Маргарыта пабралася шлюбам з Генрыхам Наварскім, які быў пратэстантам і стаў французскім каралём у 1589 годзе.
У Парыж, які тады быў пераважна горадам каталіцкім, з’ехалася шмат гугенотаў — так французы называлі кальвіністаў. Калі распачалася разня, то ў адным толькі гэтым горадзе было забіта сама меней 3 тысячы пратэстантаў. А па ўсёй краіне ад 30 да 50 тысяч чалавек былі пазбаўлены жыцця. Францыя аказалася на парозе чарговай грамадзянскай вайны.
Генрых Валуа не меў непасрэднага дачынення да тых падзей, але яго маці імкнулася выставіць сына абаронцам каталіцызму, таму шчодра распускала плёткі. Дайшлі яны і да самага Кракава, дзе пратэстанты былі неверагодна абураныя: яны не хацелі бачыць у якасці караля мясніка. У хуткім часе пачала з’яўляцца палемічная літаратура, дзе малады Валуа паўставаў жорсткім крывапійцам.
Жан дэ Манлюк не збянтэжыўся ад таго, што яго пратэжэ пратэстанцкая знаць не збіраецца прызнаваць за караля. Манлюк быў добрым прамоўцам і, нават не міргнуўшы вокам, здолеў запэўніць, што разня ў Францыі не мела масавага характару, а яе ахвярамі сталі выключна здраднікі.
Ён быў добрым у справе запэўнівання, таму пагаджаўся на ўсе патрабаванні. Так з’явіліся сумнавядомыя «Генрыхавы артыкулы» і «Pacta conventa» — у якіх каралеўская ўлада абмяжоўвалася максімальным чынам, шляхта атрымлівала права на паўстанне супраць уладара, а ўлада не магла перадавацца ў спадчыну.
Пры гэтым варта падкрэсліць, што прадстаўнікі ВКЛ у часе таго элекцыйнага сойму змаглі адстаяць сваё выключнае права на змены ў заканадаўстве падчас перамоў з прадстаўнікамі польскай кароны і французскімі пасламі.
Калі летам 1573 года польскія паслы прыбылі ў Парыж, каб падпісаць канстытуцыйныя дакументы, непрыемна здзіўлены быў ужо Генрых. Ён, начытаны і добра абазнаны ў гісторыі правіцель, ніяк не мог зразумець: а што наогул ён павінен падпісваць? Манарх мае сваю волю, якія астатнія проста павінны выконваць і падпарадкоўвацца. Атрымлівалася, што Манлюк добра выканаў сваю працу, але забыўся на погляды свайго гаспадара.
Спатрэбіўся тыдзень, каб усе нюансы былі высветленыя, а таксама пэўнасць ад старэйшага брата: у выпадку яго смерці французскі трон дастанецца менавіта Генрыху. Калі з фармальнасцямі было скончана, новы кароль зазбіраўся ў далёкую дарогу.
У лютым 1574 года яго багата ўбраны абоз, які налічваў больш за 1000 чалавек, прыбыў у Кракаў. Па першым часе Генрых пачуваўся някепска, але хутка засумаваў. Ён з маладых гадоў таксама любіў шыкоўныя балі, але яго раздражняла бясконцае п’янства мясцовай знаці...
Для выхаванага на творах Нікало Макіявелі чалавека было не зразумела, як у яго уладаннях могуць з’яўляцца памфлеты, дзе высмейваецца новы кароль, а шляхта і магнатэрыя паводзяцца з ім досыць вольна — як бы яны роўныя яму паводле ўладнай іерархіі, а не яго падданыя. Да ўсяго, яшчэ наперадзе маячыў шлюб з Ганнай Ягелонкай, якая была амаль на 30 гадоў старэйшая за Генрыха. Ён пачаў шукаць любой нагоды, каб кінуць усё ды вярнуцца ў Парыж.
Братава смерць у канцы траўня 1574 года канчаткова расставіла акцэнты, і маці даслала яму ліст, дзе прасіла як мага хутчэй вяртацца дамоў. Генрых скарыстаўся слабасцямі сваіх падданых і разыграў бліскучую камбінацыю: закаціў такі шыкоўны баль для прыдворных, што тыя цягам некалькіх гадзін літаральна перапіліся. Потым кароль разам з некалькімі асабіста вернымі яму французамі выправіўся сярод ночы дамоў.
За Генрыхам выслалі пагоню, якая нагнала яго толькі на мяжы з Аўстрыяй. Тут ужо ён праявіў цуды эквілібрыстыкі і запэўніў шляхцічаў, што ні ў якім разе не збіраецца выракацца польскага трону. Манарх быў такім пераканаўчым у сваіх словах і шчодрым на скарбы, што тыя павяліся і паверылі.
Генрых ІІІ спакойна вярнуўся ў Парыж, каранаваўся і кіраваў да 1589 года. Яго вяртанне адбылося ў самы разгар рэлігійных войнаў, таму кароль пайшоў на значныя саступкі для гугенотаў, якім былі дараваныя многія вольнасці.
Сам ён будзе забіты пасля таго, як па яго загадзе каралеўскія гвардзейцы заб’юць братоў дэ Гізаў — прадстаўнікоў уплывовага каталіцкага роду, з падачы якога некалі адбылася Варфаламееўская ноч.
На Генрыху III дынастыя Валуа перарвалася...