Легендарны доктар Усевалад Шыран

Польскі штогоднік «Rocznik Parafii Swetego Krzyza» за 1991–1993 гады апублікаваў вынікі пяцігадовых пошукаў ахвяр Беразвечча (беларускай Катыні) на Віцебшчыне. Сярод іх быў і наш зямляк з Беласточчыны доктар Усевалад Шыран.



03a3655fff3e9bdea48de9f49e938e32.jpg

Польскі штогоднік «Rocznik Parafii Swetego Krzyza» за 1991–1993 гады апублікаваў вынікі пяцігадовых пошукаў ахвяр Беразвечча (беларускай Катыні) на Віцебшчыне. Сярод іх быў і наш зямляк з Беласточчыны доктар Усевалад Шыран.
Штогоднік пісаў, што 13 красавіка 1991 года адбылася ўрачыстая імша ў Беразвеччы па бязвінна закатаваных суайчынніках. Такое ж ушанаванне ахвяр НКУС адбылося і ў вёсцы Мікалаёва каля Улы Бешанковіцкага раёна. У той 1939 год, калі Заходняя Беларусь адышла да Усходняй, было арганізавана каля 200 турмаў, якія сталі месцам дзікіх злачынстваў. Там закатавалі насмерць каля 1000 чалавек.
Усевалад Шыран нарадзіўся 11 сакавіка 1906 года ў вёсцы Лась Мазавецкага ваяводства (па іншай інфармацыі, ён нарадзіўся ў вёсцы Лапы) на Беласточчыне. Спачатку вучыўся ў Ломжынскай гімназіі, а потым працягваў вучобу ў Навагрудскай гімназіі імя Адама Міцкевіча, якую скончыў 9 чэрвеня 1925 года.
Пасля заканчэння Навагрудскай гімназіі Усевалад Шыран паступіў у Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя на медыцынскі факультэт. Ужо на трэцім курсе ён пачаў працаваць на кафедры ў якасці малодшага асістэнта апісальнай анатоміі, самастойна праводзіў навуковыя даследаванні. Адначасова Усевалад пачаў цікавіцца і палітыкай. Яго хвалявалі пытанні нацыянальнай і сацыяльнай справядлівасці, адраджэнне нацыянальнай беларускай самасвядомасці.
13 сакавіка 1932 года юнак з Беласточчыны выдае на беларускай мове ў Вільні першы нумар палітычнага і літаратурнага «Часопіса для ўсіх» накладам 2 тысячы асобнікаў. Але польская паліцыя хутка тыраж часопіса ліквідавала, а далейшае яго выданне забараніла. Сам рэдактар быў адпраўлены ў Лукішкі. У гэтым выданні непасрэдны ўдзел прымаў і Максім Танк, якога таксама хутка арыштавала дэфензіва і пасадзіла ў Лукішкі.
Нядаўна Андрэй Майсяёнак, прафесар з Гродна, перадаў мне копію пісьма Максіма Танка да яго. Пісьмо было напісана 27 лютага 1988 года. Спадар Майсяёнак цікавіўся тады Усеваладам Шыранам і пытаўся ў Танка пра яго. Народны паэт Беларусі пісаў: «На вялікі жаль, вельмі мала захавалася ў маёй памяці звестак пра Усевалада Шырана, бо з таго часу, калі я з ім сустракаўся, мінула больш за 50 год. Пазнаёміў мяне з ім адзін з кіраўнікоў камуністычнага падполля вясной 1932 года. Шыран тады збіраўся выдаваць прагрэсіўны журнал «Часопіс для ўсіх». У гэтым часопісе, які адразу быў канфіскаваны польскай цэнзурай, былі змешчаны мае апавяданні і вершы. З таго часу сувязі з маім рэдактарам на нейкі час перарваліся. І толькі вясной 1933 года, калі я працаваў у падполлі, я зноў сустрэўся з Усеваладам Шыранам у Лужках на Дзісненшчыне…»
Сапраўды, калі наш зямляк трапіў у турму, ён ужо меў дыплом урача Віленскага ўніверсітэта. Але прафесія — прафесіяй, а палітыка — палітыкай. Менавіта палітыка перашкодзіла Усеваладу Шырану застацца працаваць ва ўніверсітэце, займацца навуковай дзейнасцю. 1 мая 1932 года ўсе планы маладога ўрача рухнулі.
Ратаваць аднакурсніка і сябра, а пазней мужа, пачала яго сяброўка па жыцці Браніслава Смольская. Дзякуючы ёй, Усевалада вызвалілі пад заклад. Дапамаглі гэта зрабіць прафесары з Вільні Сенгалевіч і Райхер, якія пазычылі спадарыні Смольскай 300 злотых. А 30 верасня 1933 года Віленскім следчым аддзелам справа была закрытая з-за недастатковых доказаў.
Пасля турмы Усевалад Шыран разам з Браніславай Смольскай вырашылі пакінуць Вільню і паехаць дзесь у глыбінку. Месцам працы яны выбралі вёску Лужкі на Дзісненшчыне. Там іх мясцовая ўлада сустрэла не вельмі добра. Але Браніслава Смольская ўладкавалася працаваць у бальнічную касу, а Усевалад Шыран захапіўся прыватнай медыцынскай практыкай. І ў яго атрымалася даволі паспяхова. Слава пра доктара Шырана хутка разышлася па ўсім Дзісненскім і суседніх паветах. З пісьма Максіма Танка да Андрэя Майсяёнка: «Відаць, з Усевалада Шырана быў харошы доктар, бо слава аб ім ішла далёка па ўсіх суседніх гмінах, бо ён, як тады казалі, лячыў ад усіх хвароб…»
І гэта было так. Доктар мог абыходзіцца практычна без спецыялістаў і выконваў самыя складаныя хірургічныя, акушэрскія, афтальмалагічныя і оталарынгалагічныя аперацыі. На свае ўласныя грошы ён купіў і меў у Лужках медыцынскае абсталяванне, даволі дарагое па тым часе. Гэта расказаў мне Андрэй Майсяёнак, які меў сустрэчу пры жыцці з Браніславай Людзвікаўнай Смольскай і якая яму распавядала пра дзіўны дар Усевалада Шырана як гісторыка, літаратара, публіцыста і медыка. А да таго яшчэ і выдатнага пчалавода і селекцыянера, які вырошчваў незвычайныя гатункі кветак і кавуноў.
Але мясцовыя польскія дактары ім былі незадаволеныя, бо яны страчвалі паціху сваю кліентуру. Ды і паліцыя за Шыранам пільна сачыла. Таму ў 1937 годзе ён з сям’ёй пакідае Дзісненшчыну і пераязджае ў Высока-Літоўск.
З архіўных дакументаў, якія захоўваюцца ў Брэсцкім абласным архіве, можна даведацца, што Усевалад Шыран польскімі ўладамі падазраваўся ў дзейнасці, накіраванай супраць тагачаснага ўрада Польшчы. Шлях у афіцыйныя дзяржаўныя ўстановы яму быў закрыты, таму і ў Высока-Літоўску наш зямляк займаўся прыватнай медыцынскай практыкай. Не забываў ён і Лужкоў, куды зрэдзь часу наведваўся, лячыў людзей, даваў кансультацыі.
Там, у Лужках, ён сустрэў і 17 верасня 1939 года. З прыходам саветаў, ён з сям’ёй зноў вярнуўся на Дзісненшчыну. У маёнтку Гарадзец Усевалад Шыран з жонкай Браніславай разгарнуў узорны стацыянар на 100 ложкаў, куды прывёз усё прыватнае медыцынскае абсталяванне. У той час не хапала медыцынскіх кадраў, таму доктар Шыран арганізаваў курсы медыцынскіх сясцёр.
Той жа Андрэй Майсяёнак пра доктара Шырана ў шаркаўшчынскай раённай газеце «Кліч Радзімы» ў 1988 годзе пісаў: «Вельмі хутка ўзрасла актыўнасць Лужкоўскай бальніцы. Медыцынская сітуацыя стала хутка паляпшацца. Таленавіты хірург змог арганізаваць правядзенне ў мясцовых умовах складаных хірургічных аперацый, а таксама дэталёвы догляд у пасляаперацыйным перыядзе. Цікава, што менавіта ў гэты час ён шырока карыстаўся «стацыянарам на даму», аб якім так многа размоў сёння. Ён шчодра дзяліўся сваімі ведамі з прадстаўнікамі савецкай аховы здароўя, прапаноўваў арыгінальныя метады лячэння розных захворванняў, аб чым пісаў у рэдакцыю ўсесаюзнай газеты «Медицинский работник», актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах савецкай улады. Не застаўся забытым і выведзены гатунак кавуноў — ён быў прапанаваны Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Савецкія даследчыкі з разуменнем і ўвагай аднесліся да яго».
Яшчэ ў сярэдзіне 1930-х гадоў Усевалад Шыран друкаваў у заходнебеларускіх часопісах свае вершы, якія змяшчаліся побач з вершамі Міхася Машары. Ды справа была далёка не ў літзаслугах, а ў незалежных паводзінах нашага доктара пры паляках і папулярнасці яго як лекара. Як чалавека знанага на Дзісненшчыне, родам з Беласточчыны, яго ў 1939 годзе дэлегавалі на Народны сход у Беластоку, які фармальна вырашаў лёс Беларусі. Дэпутатам Народнага сходу быў абраны і Міхась Машара, які першым з заходнебеларускіх паэтаў напісаў хвалебны верш пра Сталіна.
Вершаў Сталіну Усевалад Шыран не пісаў і не думаў пісаць. У чэрвені 1941 года яго арыштавалі органы НКУС. Савецкай уладзе значна больш, чым польскай, мог не падабацца яго нонканфармізм і нацыяналізм. Можа, былі і якія-небудзь іншыя прычыны, адзін Бог ведае. Але пасля арышту ў спешцы супрацоўнікі НКУС легендарнага доктара Усевалада Шырана расстралялі.
Працуючы над пошукамі звестак пра нашага земляка, напісаў ліст да даследчыка заходнебеларускай літаратуры і культуры Арсеня Ліса і спытаўся ў яго, што ён ведае пра Усевалада Шырана. Арсень Сяргеевіч адказаў: «Рады, што вы, руплівы шукальнік і вяртальнік нашай спадчыны, хочаце вырваць з цемры забыцця імя Усевалада Шырана. Калісь у маладосці сустракаў яго вершы ў часопісе «Шлях моладзі» за другую палову 1930-х гадоў. У «Калоссі», праўда, хоць поўны камплект не трапляў, здаецца, публікацый яго з чатыры было. Вершы не зрабілі ўражання. Але, пачуўшы ад светлай памяці Яўгена Іванавіча (маецца на ўвазе Максіма Танка — С.Ч.) пра яго гвалтоўную смерць у чэрвені 1941 года, быў узрушаны. Даведаўся, што Усевалад Шыран быў папулярны на Дзісненшчыне як доктар, лекар і як чалавек незалежных поглядаў, асоба. Фота, на жаль, яго падабізны нідзе не давялося бачыць. Думаю, што можна знайсці ў Вільні. Напэўна, ён заканчваў медыцынскі факультэт пры ўніверсітэце, і там захавалася яго асабістая справа, куды звычайна далучалі фотакартку. Відаць, ёсць яна і ў справе, якая захоўваецца ў Мінску ў архіве КДБ, але цяпер той архіў недаступны. Вось і ўсё, што магу вам сказаць пра Усевалада Шырана».