Напярэдадні незалежнасці
Кампартыя БССР напярэдадні абвяшчэння незалежнасці ўяўляла сапраўдны феномен. Галоўнай рысай ПКБ было ўпартае нежаданне яе кіраўніцтва ўбачыць рэаліі. Здаецца, тагачасныя партыйныя бонзы разглядалі вынікі сакавіцкага рэферэндуму наконт захавання СССР як пачатак заходу перабудовы і літаральна дыхалі хуткім рэваншам. (На здымку: Мікалай Дземянцей, старшыня ВС БССР 1990-1991)

Кампартыя БССР напярэдадні абвяшчэння незалежнасці ўяўляла сапраўдны феномен. Галоўнай рысай ПКБ было ўпартае нежаданне яе кіраўніцтва ўбачыць рэаліі. Здаецца, тагачасныя партыйныя бонзы разглядалі вынікі сакавіцкага рэферэндуму наконт захавання СССР як пачатак заходу перабудовы і літаральна дыхалі хуткім рэваншам.
(На здымку: Мікалай Дземянцей, старшыня ВС БССР 1990-1991)
Яны сталі такімі смелымі, што нават пачалі дазваляць сабе дражніць старэйшага брата: так, у ПКБ крытыкавалі Гарбачова за тое, што адноўлены СССР, адпаведна праекту, будзе
называцца Саюз Суверэнных Дзяржаў. А куды ж падзелася слова «сацыялістычных» не маглі датумкаць на Карла Маркса, 38, дзе месціўся партыйны ЦК. З той жа оперы — патранаж
канферэнцыі прыхільнікаў антыгарбачоўскай бальшавіцкай платформы ў ліпені 1991 года. Канферэнцыя закончылася патасоўкай: бальшавікі фізічна прымусілі журналістаў устаць, калі загучаў
«Інтэрнацыянал».
Часам артадоксія камуністаў пераходзіла ўсе ліміты разумнага. Адзін з партыйных прапагандыстаў падзяліўся на старонках «Гродненской правды» адкрыццём: палякі Гродзеншчыны маюць
асаблівы ген, іншы за ген палякаў карэнных польскіх зямель. Не менш арыгінальнай была аргументацыя камуністаў таго, што людзей Курапатах расстрэльвалі не байцы НКУС, а немцы. Увага звярталася на
вялікі памер ботаў у ахвяраў, рэшткі якіх знайшлі ў курапацкіх могілках. Як пісала газета «Мы и время», такія вялікія боты маглі насіць толькі партызаны, паколькі абутак такіх
памераў вельмі зручны, каб «пераносіць у іх затворы, перадаючыя механізмы і нават кулямётныя стужкі».
Між тым, пакуль апаратчыкі вылічалі ген палякаў, камунізм губляў пазіцыю за пазіцыяй. За першую палову 1991 года са складу КПСС выйшла 10 працэнтаў сталічнага партактыву. Працоўныя калектывы кшталту
МАЗу адмаўлялі пярвічкам кампартыі і камсамолу ў арэндзе памяшканняў. Самы феерычны выпадак з гэтага шэрагу адбыўся ў Воршы. Там Аляксей Аўдзеенка, камсамольскі сакратар аднаго з заводаў, дамогся,
каб усе камсамольцы падпарадкаванай яму арганізацыі напісалі дзве заявы. Першая — пра выхад з ВЛКСМ, другая — з просьбай прыняць іх у шэрагі Канфедэрацыі анархістаў-сіндыкалістаў.
Усе 300 камсамольцаў заводу выканалі загад камсорга. Такога трыумфу ідэй Бакуніна і Крапоткіна зямля беларуская яшчэ ніколі не бачыла. Застаецца дадаць, што адміністрацыя заводу не даравала Аўдзеенку
яго ўчынак. Неяк яго падлавілі ў выцвярэзніку і на гэтай падставе звольнілі з прадпрыемства.
Маналіт шэрагаў камуністаў імкліва разыходзіўся па ўсіх швах. Увесну ў Вярхоўным Савеце БССР з’явілася група крамольнікаў — «Камуністы за дэмакратыю», —
якой кіраваў адзін вядомы пасля палітык. Канфлікт унутры партакратыі быў яшчэ больш відавочны, калі ўзгадаць, што адбывалася ў правінцыі. У Наваградку пасля 5-гадзінных курсаў па беларускай мовы,
якія арганізавала мясцовая суполка ТБМ, гаркам КПБ у поўным складзе перайшоў на справаводства па-беларуску.
Жнівеньскі путч 1991-га цалкам пасаваў уяўленням кіраўніцтва камуністаў пра пажаданае развіццё падзей у краіне. Нічога дзіўнага, што яны дружна падтрымалі каманду Язава-Пугі. Як сведчылі высновы
парламенцкай камісіі аб падзеях 19–21 жніўня, падтрымка ГКЧП насіла з боку ПКБ сістэмны арганізаваны характар. Часам камуністы нават спрабавалі перашкодзіць дзейнасці выбраных органаў, які
не прызналі пераварот. Таму на хвалі агульнай нянавісці да путчыстаў 28 жніўня КПБ была пазбаўлена рэгістрацыі, хаця пры гэтым адказным супрацоўнікам дазвалялася сядзець у сваіх кабінетах. Так ці
інакш, з-за дэфіцыту палітычнай гнуткасці кампартыйнай вертыкалі на чале з сакратаром ЦК Малафеевым і старшынёй Вярхоўнага Савета Дземянцеем Беларусь аказалася адной з нешматлікіх рэспублік СССР, дзе
былая партыйная эліта не здолела пасля 19-га жніўня перафарматавацца і захаваць уладу.
Камуністычная агрэсіўная большасць — так называлі самую вялікую фракцыю ў ВС — аказалася ў падвешаным стане. Асаблівых палітычных ідэй, акрамя рэфлексу выжывання, у дэпутатаў не
было. На гэтым этапе фракцыя вырашыла тактычна блакавацца з цэнтрыстам Шушкевічам. 17 верасня падчас выбараў новага спікера ВС Кебіч, асноўны праціўнік Шушкевіча, зняў сваю кандыдатуру, і Станіслаў
Станіслававіч юрыдычна стаў кіраўніком краіны.
Пакт з Кебічам хутка каштаваў яму сяброўства з дэмакратамі. Апошнія пачалі пінаць Шушкевіча за адсутнасць канцэпцыі развіцця незалежнасці, эканамічныя правалы. У выніку гэта прывяло да стварэння на
базе БНФ ініцыятыўнай групы па правядзенню рэферэндуму наконт даверу да ўраду і прызначэнні датэрміновых выбараў.
Думаецца, што якраз з незалежнасцю ў тандэма Шушкевіч—Кебіч усё было добра. Нават, калі б яны нічога не рабілі, працэсы ў суседзяў аб’ектыўна прымушалі іх рухацца ў гэтым накірунку.
У якасці прыкладу — гісторыя з увядзеннем нацыянальнай валюты. Спачатку Кебіч і чуць не хацеў пра нейкія талеры, увядзення якіх настойліва патрабаваў БНФ. Пакуль Літва не абвясціла пра
пераход з 1 лістапада на рынкавыя кошты. Напярэдадні «гадзіны Х» у Беларусь уварваліся орды літоўскіх пакупцоў, набываючы ўсе, што можна. Пісалі, што ў бамжоў нават перакупалі пусты
посуд. Пра намер вызваліць кошты хутка абвясціла і Расія.
Сакратар ЦК КПБ В. Ціхіня, другі сакратар ЦК КПБ А. Камай і першы сакратар ЦК КПБ А. Малафееў. 1991 г.
Каб неяк абараніць унутраны рынак, 15 лістапада ўрад абвясціў пра ўвядзенне з новага года купонаў. Пасля з’явілася інфармацыя пра тое, што маскоўская фабрыка Дзяржзнак надрукуе для Беларусі
партыю спецыяльных рублёў, якія будуць хадзіць выключна на нашым рынку. Нарэшце, у снежні міністры перасталі смяшыць людзей і пачалі кансультацыі з англічанамі наконт друку беларускіх грошаў.
Такім жа чынам, як з валютай, атрымалася і з суверэнітэтам. Дата падпісання новай саюзнай дамовы, парафіраваць якую афіцыйны Мінск (у тым ліку і новы спікер Станіслаў Шушкевіч) проста ірваўся,
адкладалася і пераносілася. Суб’екты агароўскага працэсу відавочна перасварыліся (Ельцын нават абяцаў рэвізію межаў паміж рэспублікамі). Сваё слова сказаў і канфлікт паміж расійскім і
савецкім гарантамі. Уся восень прайшла ў атмасферы нявызначанасці. Пакуль 1 снежня ва Украіне не прайшоў рэферэндум. Прагаласаваўшы за незалежнасць, украінцы паставілі крыж на Савецкім Саюзе, які без
Украіны мала хто ўяўляў. Папулярны каментатар Галіна Айзенштадт напісала ў той дзень: «Цяпер Беларусі няма куды падзецца. Яна асуджана на будаўніцтва сваёй суверэннай дзяржавы».
Прагноз спраўдзіўся праз 10 дзён у Віскулях, дамову падпісалі з беларускага боку Кебіч і Шушкевіч. Дарэчы, адным з першых рашэнняў С. Шушкевіча як кіраўніка цяпер ужо незалежнай беларускай дзяржавы
была адмова жыць у рэзідэнцыі ў Драздах.
Канчатковы выбар на карысць незалежнасці актывізаваў дыскусію па пытанню, ці патрэбны краіне прэзідэнт. Дэмакраты заяўлялі, што прэзідэнт — гэта шлях да дыктатуры.
Тыя, хто падтрымліваў прэзідэнцкую рэспубліку, узгадвалі дзяржаўны лад ВКЛ. На іх думку, правіцелі ВКЛ фактычна былі прэзідэнтамі, толькі называліся вялікімі князямі.
Пакуль ішлі дэбаты, матэрыялізаваліся першыя кандыдаты. Піянерам, які адкрыта пачаў казаць пра прэзідэнцкія амбіцыі, быў забыты цяпер Вячаслаў Якоўчык, 34-гадовы былы інжынер з тураўскага
леспрамгасу. З працы Вячаслава звольнілі яшчэ ў 1987 годзе. Аднак Якоўчык аказаўся моцным арэшкам. Каб аднавіцца на працоўным месцы ён, па яго словах, 80 разоў дамагаўся сустрэчы з прэзідэнтам СССР.
Пасля вырашыў сам стаць прэзідэнтам. У лістападзе былы інжынер апублікаваў свой зварот да беларускага народа. Цікава, што падчас сустрэч з журналістамі першае, што рабіў Якоўчык, —
дэманстраваў даведку з Міжнароднага незалежнага цэнтру па псіхатэрапіі.
Калі ў галіне дзяржаўнага будаўніцтва ўсё развівалася ў правільным накірунку, то ў эканоміцы сітуацыя была жахлівая. Ад студзеня да жніўня 1991 года вытворчасць тавараў народнага спажывання
скарацілася на 15 працэнтаў, харчовых — на 8 працэнтаў. Без працы стаяла трэць прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці. Узнікла праблема недапаставак. Увосень спыніўся МТЗ.
Дэфіцыт набываў шалёныя маштабы. Прэса сцвярджала, што ў сталоўцы Дома ўраду, як і ва ўсіх закусачных, таксама пачалі знікаць шклянкі. У інстытутах студэнтам выдавалі па тры сшыткі на канспекты па
ўсіх прадметах. У крамах масава пачалі раскупляць савецкія сцягі на тканіну. У Гомельскім універмагу, напрыклад, за адзін кумач прасілі 13 рублёў 13 капеек, што трошкі насцярожыла
кліентаў-вернікаў.
Рэлігія, дарэчы, таксама ўскосна стала чыннікам крызісу. Менавіта на вернікаў адміністрацыя сталічнага метро пераклала адсутнасць манет. Тут з 1 снежня прыпынілі размен папяровых грошаў. Манеты
зніклі быццам бы з-за таго, што кааператыўшыкі рабілі з іх крыжыкі.
У такой сітуацыі яўна губляліся былыя арыенціры і каштоўнасці. Фарсіраваны пераход да рынкавай эканомікі аслабіў веру ў яе хараство. Загучалі першыя ноткі настальгіі па савецкіх часах. Упершыню на
сценах з’яўляцца графіці кшталту «Слава ГКЧП». У снежні адрадзілася Кампартыя, у групе лідараў якой узнікаюць фігуры харызматычнага Валерыя Шчукіна і наменклатурнага Сяргея
Калякіна, шлях якога ў апазіцыю на той час прадбачыць было вельмі цяжка.
Аднак сур’ёзнай грамадскай альтэрнатывай лозунг вяртання ў СССР ужо не стане. Пад уплывам масавай культуры фармавалася новая жыццёвая філасофія з устаноўкай на тое, што кожнаму абавязкова
выпадае шанец. Не дзіўна, што вялікі інтарэс у грамадства выклікаў план выхаду з крызісу, які прадставіў увосень сацыял-дэмакрат Саўчанка. Ён прапанаваў Кебічу хутка стварыць беларускі флот і даслаць
яго лавіць краба для Японіі, дзе ён каштуе 24 долары за тону. Аднак Кебіч пайшоў іншым шляхам. 19 снежня намеснік прэм’ера Мясніковіч заявіў, што 1 студзеня 1992 года кошты на прадукты
вырастуць у 3–4 разы. Пры гэтым прыватызацыі, аднак, не планавалася. Ну, ці не рымейк Кебіча, ужо прэм’ера, мы наглядаем сёння. Праўда, ужо пад размовы аб прыватызацыі.
Агульны шок ад навіны пра новыя цэны трошкі развеяў Уладзімір Вольфавіч Жырыноўскі, які прыехаў напрыканцы снежня ў Мінск і ўмудрыўся на працягу аднаго дня справакаваць дзве вулічныя бойкі плюс даць
скандальнае інтэрв’ю праграме «Крок». Там ён, у прыватнасці, паабяцаў расправіцца з беларусамі, як калісьці гэта рабілі немцы. Усё грамадства дружна рынулася асуджаць
выхадку лідара ЛДПР. Пад гэтую тэму і сустрэлі 1992 год — год чорнай малпы.
-----------------------------------------------------------------------------------------
20 гадоў
Неўпрыкмет падзеі сучаснасці, творцамі і ўдзельнікамі якіх былі і ёсць мы самі, адыходзяць у гісторыю. І разам з тым пакрысе забываюцца. Вось ужо 20 гадоў на сусветнай мапе значыцца суверэнная
Рэспубліка Беларусь. Дата, якую ўлады па сутнасці праігнаравалі, хаця апошнім часам, пасля дзесяцігоддзя несупыннай інтэграцыйнай рыторыкі, толькі і цвердзяць аб сабе як аб гарантах гэтай
незалежнасці. Іх маўчанне красамоўней іх прапагандысцкай мальбы. Тое была не іх незалежнасць. Але яна была і ёсць — наша незалежнасць, наша Беларусь.
«Новы час» пачынае публікацыю серыі нарысаў Алега Новікава аб пражытых гадах у незалежнай Беларусі, пакуль аўтарытарнай, што на пакручастым шляху да Беларусі дэмакратычнай. Шлях
яшчэ не завершаны. Тым больш неабходна ўзгадаць усё, каб не забыцца, не звыкнуцца і ўрэшце дайсці, дайсці да Беларусі.
Аляксей Кароль