Ні дапамогі, ні пашаны

У чэрвені 1941 года першы ўдар вермахта сустрэлі не толькі савецкія памежнікі, але і жаўнеры ўмацаванага раёна Чырвонай Арміі, які быў пабудаваны на новай савецка-германскай мяжы. Гераізм гэтых абаронцаў заслугоўвае ўвагі.

Амбразура для кулямёта Дзегцярова

Амбразура для кулямёта Дзегцярова

«Новая» і «старая» мяжаПасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР дзяржаўная мяжа перамясцілася на сотні кіламетраў на Захад, і ўжо там трэба было будаваць абарончыя лініі. Пры гэтым пра ўмацаванні на былой «рыжскай» мяжы быццам бы забылі. Крэмль засяродзіў сваю ўвагу на будаўніцтве ўмацаванняў на захадзе савецкай Беларусі. У гэтым сэнсе брэсцкі накірунак адыгрываў важнейшую ролю. Ужо ў чэрвені 1940 года тут пачалося ўзвядзенне 62-га Брэст-Літоўскага ўмацаванага раёна (БЛУР).

Адзін з ДАКаў на Бугу

Адзін з ДАКаў на Бугу


Планавалася, што ён будзе прыкрываць 180 кіламетраў памежнай тэрыторыі, а ў яго паласе будзе эфектыўна абараняцца савецкая 4-я армія. У Маскве разлічвалі падрыхтаваць тут каля 400 доўгатэрміновых умацаваных кропак рознага тыпу (у тым ліку і артылерыйскіх паўкапаніраў), аднак удалося пабудаваць толькі палову. Кіраваў гэтай працай геній савецкай фартыфікацыі генерал-лейтэнант Дзмітрый Міхайлавіч Карбышаў, які пасля фінскай кампаніі Чырвонай Арміі быў упэўнены, што добра падрыхтаваныя абарончыя збудаванні могуць стрымаць нават самы моцны ўдар ворага (фінская «Лінія Манергейма» з гэтай роляй выдатна справілася). Камендантам Брэсцкага ўмацраёна быў генерал-маёр Міхаіл Пузыраў.

Карта памежных баёу 1941 года

Карта памежных баёу 1941 года



З чым сустрэлі немцаў

У 62-гі БЛУР, які канчаткова быў сфармаваны 4 чэрвеня 1941 года, уваходзіла тры (16, 17, 18) асобныя кулямётна-артылерыйскія батальёны (АКАБ), па 350–400 чалавек кожны. 16-ты батальён займаў пазіцыі ля Драгічына, 17-ты — у раёне Сямятыч, 18-ты — у Брэсце (3-я рота з яго складу несла службу ля Воўчына). Штаб умацраёна першапачаткова знаходзіўся ў Брэсце, аднак 20 чэрвеня 1941 года быў пераведзены ў Высока-Літоўскае. ДАКі на новай мяжы былі ўзброены амаль ідэнтычна з тымі, што стаялі пад Мінскам, Полацкам, Мазыром (76 мм і 45 мм гарматы, кулямёты «Максім» і кулямёты Дзегцярова).

Амбразура кулямётнага ДАКу ля Брэста

Амбразура кулямётнага ДАКу ля Брэста


Бетонныя ўмацаванні на Бугу былі першымі, хто сустрэў пяхоту вермахта раніцай 22 чэрвеня 1941 года. У раёне Казловічы — Рэчыца мужна змагаліся байцы 18-га кулямётна-артылерыйскага батальёна. Немцы спрабавалі знішчыць гарнізоны савецкіх умацаванняў агнямётамі. Штаб батальёна знаходзіўся на Поўнач ад Брэста, у так званых «чырвоных казармах», і сваёй ролі ў кіраванні абароны не адыграў. Вось як апісваў першыя гадзіны вайны старшы палітрук Фёдар Кокін:
«Калі пачаўся абстрэл горада, я пабег у 18-ты батальён. Гарэлі казармы, склады. З крэпасці беглі жаўнеры, многія ў адной бялізне, без зброі. Хутка пасля мяне ў гарадок прыбег начальнік хімслужбы малодшы лейтэнант Сёмкін. Мы адчынілі склады, выдалі вінтоўкі, гранаты і патроны байцам. Усё гэта адбывалася пад агнём фашыстаў. Хутка з’явіліся немцы. Мы сустрэлі іх агнём. Ворагі заляглі, а нас абстраляла артылерыя».

ДАК

ДАК


Самі ж гарнізоны ДАКаў 18-га батальёна, якія не мелі сувязі са штабам, на паўднёвай ускраіне Брэста адбілі 11 нямецкіх атак і знішчылі каля 400 жаўнераў вермахта. Ліквідаваць агнявыя кропкі ўдалося толькі тады, калі ў іх гарнізонаў скончыліся боепрыпасы. Ля вёсак Агароднікі — Арляя — Навасёлкі немцы абстэльвалі савецкія доўгатэрміновыя ўмацаванні з гармат, аднак «кропкі» трымаліся некалькі дзён. Усяго, паводле беларускіх даследчыкаў, з 258 байцоў і камандзіраў 18-га батальёна выжыць і прабіцца да сваіх удалося адзінкам.

Стаялі на смерць

У раёне Сямятычы (зараз Польшча) абараняліся жаўнеры 17-га артылерыйска-кулямётнага батальёна, якім камандаваў былы памежнік, капітан Аляксей Паставалаў. Ужо ў першыя гадзіны вайны ротныя ўчасткі абароны апынуліся ў акружэнні. 1-я рота прыкрывала шашу на Сямятычы. У яе склад увайшла група памежнікаў. Байцы аднаго з паўкапаніраў падбілі нямецкі бронецягнік і знішчылі значную колькасць пяхоты праціўніка на чыгуначным мосце. Некаторыя «кропкі» змагаліся тыдзень. Дарэчы, разам з камандзірамі ў ДАКах знаходзіліся іх жонкі і дзеці. Некаторыя з іх загінулі, іншым удалося прабіцца да сваіх. Калі ў 1944 годзе савецкая армія выйшла на лінію дзяржаўнай мяжы пад Брэстам, жаўнеры знайшлі ў разбітых умацаваннях напаўспарахнелыя целы чырвонаармейцаў і камандзіраў у даваенных гімнасцёрках.

Знішчаны савецкі танк БТ-7

Знішчаны савецкі танк БТ-7


Немцы высока адзначалі гераізм абаронцаў савецкіх ДАКаў (дарэчы, як на новай мяжы, так і на старой, «рыжскай»). У адным з данясенняў 293-й дывізіі вермахта адзначалася: «На чале гарнізона заўсёды былі афіцэры. Яны і іх падначаленыя абараняліся да апошняга патрона. Адбывалася і так, калі нашыя жаўнеры ўваходзілі ў знішчаны ДАК, яны падвяргаліся абстрэлу. Патрабаванне аб здачы ў палон не аказвала ніякага ўплыву на абаронцаў».

Нямекія войскі штурмуюць савецкі ДАК

Нямекія войскі штурмуюць савецкі ДАК


Дарэчы, пра ўпартасць баёў на лініі ДАКаў пад Брэстам сведчыць і той факт, што па некаторых дадзеных для знішчэння гарнізонаў умацаванняў на ўчастку 3-й роты 17-га батальёна немцы вымушаны былі выкарыстаць атрутныя газы. Адной з апошніх кропак, якая абаранялася на гэтым участку, быў ДАК «Арол». Яго супраціў быў падаўлены… 3 ліпеня 1941 года. Пасля баёў на месцы знішчанага ўмацавання было знойдзена больш за 20 цел чырвонаармейцаў — іх пахавалі побач з бетоннай крэпасцю, якую яны абаранялі да апошняга.

Знак у памяць герояў Брэсцкага УРА

Знак у памяць герояў Брэсцкага УРА



І адзін воін

Паміж вёскамі Крупіца і Путкавіцы змагаўся 16-ты кулямётна-артылерыйскі батальён. Яго жаўнерам удалося знішчыць некалькі нямецкіх танкаў. Справа ў тым, што тут савецкае камандаванне зрабіла імправізаваныя агнявыя кропкі з укапаных у зямлю танкаў без рухавікоў. Ля вёскі Заенчыкі ў ДАКу абарону трымаў адзін чырвонаармеец. З дапамогай кулямёта «Максім» ён адбіў некалькі нямецкіх атак, але пазней трапіў у палон і быў забіты. Сем дзён змагаўся ДАК ля вёскі Машона Крулеўская. Яго гарнізон складаўся з шасці радавых і 12 маладых лейтэнантаў, якія 21 чэрвеня прыбылі на новае месца службы са Смаленскага пяхотнага вучылішча. Усе яны загінулі.

Нямецкі кулямётчык ля знішчанага савецкага ДАКа

Нямецкі кулямётчык ля знішчанага савецкага ДАКа


Падчас баёў на лініі дзяржаўнай мяжы пад Брэстам загінуў камендант Брэсцкага ўмацаванага раёну, генерал-маёр Міхаіл Пузыроў. Рэшткі 17 і 18 батальёнаў змаглі адысці на Усход і спалучыліся з 49-й стралковай дывізіяй РСЧА. У жніўні 1941 года савецкае камандаванне спрабавала рэанімаваць 62-і ўмацаваны раён на Поўнач ад Ельні, аднак нямецкае наступленне ў кастрычніку таго ж года канчаткова знішчыла гэтую вайсковую адзінку. Усяго з 1500 байцоў і камандзіраў БЛУРа да канца вайны дайшло не больш за 30 чалавек.

Немцы ля знішчанага савецкага даку

Немцы ля знішчанага савецкага даку


Часткі вермахта, якія перайшлі савецкую мяжу раніцай 22 чэрвеня 1941 года, не затрымліваліся ля савецкіх ДАКаў і іншых умацаванняў, а ішлі наперад. Пакінутыя ў тыле бетонныя агнявыя кропкі знішчалі сапёры і штурмавыя групы. З другога боку, гарнізоны ДАКаў да канца выканалі загад і на некаторых участках затрымалі прасоўванне вялікіх тактычных адзінак немцаў (нават дывізій). Абаронцы гэтых умацаванняў змагаліся заўзята яшчэ таму, што ў адпаведнасці з абарончымі планамі ім на дапамогу павінны былі прыйсці падраз­дзяленні з эшалону прыкрыцця.


У 1974 годзе Савет ветэранаў былой 4-й арміі спрабаваў дагрукацца да ўладаў у Маскве, каб тыя ўсё ж адзначылі подзвіг абаронцаў ДАКаў і ўзнагародзілі камандзіраў і радавых пасмяротна. Аднак з гэтага нічога не выйшла. Пры гэтым на польскім баку, на адным з ДАКаў мясцовыя жыхары павесілі памятную дошку. Такая ж зараз вісіць на адной з «кропак» і на беларускай частцы былога ўмацаванага раёну.
Фота з архіву аўтара