Невядомая вайна ў беларускім Палессі

Гісторыя дзейнасці атрадаў Украінскіх нацыяналістаў (АУН — УПА) на тэрыторыі Заходняй Украіны падрабязна даследавана гісторыкамі постсавецкай прасторы. Стаўленне да гэтых ваенізаваных фарміраванняў неадназначнае. Ва Украіне іх называюць змагарамі за незалежнасць, у Польшчы — бандытамі і злачынцамі, у Расіі — фашысцкімі «прыхвастнямі». Архіўныя дакументы сведчаць, што атрады ўкраінскіх нацыяналістаў з канца 1930-х і да сярэдзіны 1950-х гадоў актыўна дзейнічалі на тэрыторыі паўднёвых абласцей Беларусі.

Украінцы пачалі ствараць свае палітычныя і вайсковыя структуры на Брэстчыне і Піншчыне яшчэ ў 1930-х, калі ўвесь палескі рэгіён знаходзіўся ў складзе адной дзяржавы — Другой Рэчы Паспалітай. Пасля далучэння Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны да СССР у верасні 1939 года ўкраінскія арганізацыі працягвалі актыўна дзейнічаць на тэрыторыі паўднёва-заходніх абласцей БССР. Савецкія рэпрэсіўныя органы займаліся ў асноўным «польскім кантынгентам», таму ўкраінскія нацыяналісты атрымалі некаторы карт-бланш. Дарэчы, у 1940 годзе на тэрыторыі Брэсцкай вобласці дзейнічала 60 украінскіх школ.
У час Вялікай Айчыннай вайны паўднёвыя раёны Беларусі, акупаваныя нацыстамі, былі ўключаныя ў рэйхкамісарыят «Украіна», што справакавала ўсплёск актыўнасці аўнаўцаў на беларускай тэрыторыі. Напрыклад, у адной з разведзводак НКУС БССР за жнівень 1941 года ў прыватнасці адзначалася, што «ўкраінскія нацыяналісты сумесна з нямецкімі акупантамі праводзілі сярод насельніцтва Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці контррэвалюцыйную агітацыю за самасційную Украіну».
У 1941 годзе адзін з лідараў украінскіх нацыяналістаў і кіраўнік «Палескай сечы» Тарас Баравец (Тарас Бульба) прысвоіў сваім ваенізаваным фармаванням назву — Украінская паўстанцкая армія (УПА). У жніўні таго ж 1941-га атрады УПА (каля 10 тысяч) сумесна з падраздзяленнямі Беларускай Самааховы (БСА) (5 тысяч) правялі «зачыстку» Палесся ад «акружэнцаў». Тады ў палескіх балотах адбывалася па сутнасці грамадзянская вайна, у якой немцы, часцяком, былі толькі назіральнікамі. Пад Мазыром украінскія і беларускія фарміравання злучыліся, утварыўшы своеасаблівы «крывавы палескі кацёл».
Да моманту вызвалення БССР ад нацысцкай акупацыі ў 1944 года, паўночней Буга дзейнічалі значныя сілы АУН, аб’яднаныя Брэсцкім акруговым провадам пад кодавай назвай «Крычаўскі». У 1948 годзе гэтую структуру перайменавалі ў Беларускі акруговы провад «Ніва», які да 1952-га аб’ядноўваў 3 надраённыя провады: Брэсцкі, Кобрынскі і Пінскі. Акрамя тэрытарыяльных звёнаў АУН на тэрыторыі Брэсцкай, Пінскай і Палескай абласцей БССР у 1944 годзе знаходзіліся падпарадкаваныя ім узброеныя фарміраванні УПА. Усяго да лета 1944 года на тэрыторыі Беларусі фарміраванні АУН — УПА налічвалі прыкладна 12–14 тысяч чалавек. У адной толькі Брэсцкай вобласці ў 1944 годзе дзейнічала 120 невялікіх атрадаў АУН — УПА (па 7–10 чалавек у кожным). Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў украінскія партызаны зрабілі стаўку на ваенныя аперацыі супраць частак савецкай арміі, унутраных войскаў, тэрытарыяльных органаў НКУС і НКДБ, савецкага партактыву. Найбольш інтэнсіўна на тэрыторыі БССР дзейнічалі атрады Дворкі, Ярмака, Канапелькі, Артэмчука, Юшчыка, Саўчука і інш. Атрады УПА актыўна займаліся распаўсюджванне ўлётак і розных заклікаў да насельніцтва. На думку некаторых беларускіх даследчыкаў, агітацыйныя матэрыялы друкаваліся ў Пінску. Дарэчы, улёткі распаўсюджваліся не толькі ў вёсках, але і ў гарадах, напрыклад, Іванава і Драгічыне. Тэксты заклікаў у асноўным друкаваліся на ўкраінскай мове, але сустракаліся ўлёткі і на рускай.
Барацьба з украінскім нацыяналістычным падполлем на беларускай тэрыторыі расцягнулася практычна на 10 гадоў. У перыяд з 1944 па 1946 гады УПА здзейсніла на тэрыторыі Савецкай Беларусі 2 384 дыверсіі і тэракты, у выніку якіх загінула 1 012 чалавек. Адной з гучных акцый, праведзеных украінскімі нацыяналістамі, быў падрыў у Пінску гарадскога клуба, у якім праходзіў партыйны сход. У выніку гэтага тэракту загінула значная колькасць савецкіх вайскоўцаў, партработнікаў і грамадзянскіх асоб. У сакавіку 1949 года атрад УПА сумесна з падраздзяленнямі беларускіх нацыяналістаў здзейсніў напад на будынкі дзяржустаноў у Гайнаўцы. Некаторыя ўкраінскія атрады даходзілі нават да Навагрудка. Сакратары райкамаў адпраўлялі ў Мінск просьбы аб узмацненні вайсковых гарнізонаў у гарадах і мястэчках, матывуючы гэта небяспекай нападу на іх арганізаваных і добра падрыхтаваных «баівак» украінскіх нацыяналістаў.
У савецкі час пра гэта не прынята было пісаць, але немалаважным фактарам у дзейнасці УПА на тэрыторыі заходніх абласцей БССР была падтрымка гэтых фарміраванняў з боку мясцовага насельніцтва. Многія даследчыкі падкрэсліваюць, што без спачування з боку насельніцтва ўкраінскія атрады не змаглі б эфектыўна функцыянаваць на працягу 10 гадоў. Да таго ж падраздзяленні УПА папаўняліся не толькі асобамі ўкраінскай нацыянальнасці, але і беларусамі, якія ратаваліся ў лясах ад мабілізацыі ў савецкую армію.
Для барацьбы з украінскімі нацыяналістамі на тэрыторыі БССР савецкія органы ўжывалі «чэкісцка-вайсковыя» аперацыі. Напрыклад, у ходзе спецаперацыі, што доўжылася з 15 студзеня па 20 лютага 1945 года, былі праведзены ператрусы 48 799 падворкаў, прачасаны 12 тысяч квадратных кіламетраў лясоў і балот, у выніку чаго было разгромлена 33 узброеныя групы, забіта 98 і арыштавана 3 808 чалавек. Усяго з ліпеня 1944 па лістапад 1945 года НКУС БССР знішчыў 3 320 украінскіх нацыяналістаў. Акрамя гэтага, было затрымана і арыштавана 97 607 чалавек, сярод якіх былі як баевікі, так і грамадзянскія асобы. Апошніх, часцей за ўсё, цэлымі сем’ямі вывозілі ў Сібір. Так, савецкая ўлада спрабавала пазбавіць украінскіх паўстанцаў падтрымкі з боку мясцовага насельніцтва. Эфектыўнымі былі аперацыі па стварэнні ілжэантысавецкіх атрадаў і груп. Напрыклад, у 1945 годзе невялікая ілжэаўнаўская група, створаная НКУС БССР у Пінскім раёне, увайшла ў давер і знішчыла два буйныя атрады УПА пад кіраўніцтвам Трэчуна і Грэчкі.
У красавіку 1947 года ў Іванаўскім раёне Пінскай вобласці НКУС быў знішчыў штаб Пінскага надраённага провада АУН, пры гэтым было арыштавана 160 удзельнікаў нацыяналістычнага падполля. У траўні-чэрвені 1948 года ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці спецгрупай НКДБ быў ліквідаваны буйны атрад УПА. У тым жа 1948 годзе ў Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці аператыўна-вайсковая група НКУС БССР знішчыла Брэсцкі надраённы провад АУН. У чэрвені 1949-га быў ліквідаваны штаб Кобрынскага надраённага провада АУН. Пры гэтым, падчас аперацыі былі забіты надраённы праваднік Шах, праваднік па Кобрынскім раёне Ярмак (дарэчы, былы камандзір савецкага партызанскага атрада, які перайшоў на бок нацыяналістаў), праваднік па Дзівінскім раёне Дварко, кіраўнік жаночай секцыі акруговага провада Аксана, а таксама сувязны з Львова. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, хутар, на якім праходзіла нарада кіраўнікоў штаба надраённага провада, быў аточаны падраздзяленнямі ўнутраных войскаў. Бой працягваўся некалькі гадзін. Затым хата была падпалена, і кіраўнікі УПА, якія знаходзіліся там, загінулі ў агні. Апошняя ўкраінская партызанская група была ліквідаваная ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці ў 1952 года.
Вось некаторыя факты з гісторыі дзейнасці падраздзяленняў АУН — УПА на тэрыторыі паўднёвых абласцей БССР у 1930–1950 гадах. Варта адзначыць, што пры вывучэнні тых падзей нельга дапускаць аднабаковыя ацэнкі. Асноўнай мэтай барацьбы байцоў АУН — УПА было стварэнне незалежнай украінскай дзяржавы. Дзеля гэтага нацыяналісты не спыняліся ні перад чым. Іх ахвярамі на тэрыторыі БССР часам станавіліся не толькі савецкія вайскоўцы, супрацоўнікі НКУС або дзяржслужачыя, але і мірныя жыхары. З іншага боку, многія беларускія сяляне часта падтрымлівалі байцоў Украінскай паўстанцкай арміі ў іх антыфашысцкай і антысавецкай барацьбе. Такая падтрымка УПА з боку беларусаў тлумачылася тым, што занадта жорстка праходзіла саветызацыя Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. У любым выпадку, эпізоды той невядомай палескай вайны заслугоўваюць глыбокага і ўсебаковага вывучэння і асэнсавання.