Палата прадстаўнікоў — чым далей, тым прадказальней

Былі часы, калі выбары праходзілі больш цікава і менш прадказальна. Напрыклад, у 2000-м Мікола Статкевіч быў на другім месцы па сваёй акрузе сярод 9 кандыдатаў. З тых часоў улады зрабілі шмат "працы над памылкамі"...

Фота з фб Алеся Ліпая

Фота з фб Алеся Ліпая

Палата прадстаўнікоў першага склікання была сфармавана ў 1996 годзе. Дэпутатаў ПП наўпрост сабралі з лаяльных кіраўніку дзяржавы дэпутатаў былога Вярхоўнага Савета 13-га склікання.

Адразу пасля фармавання ПП на адным з паседжанняў сесіі Палаты прадстаўнікоў было агучана, што яе дэпутаты «поставили интересы государства и интересы своих избирателей выше политических амбиций и мелочных обид».

Дэпутат Анатоль Красуцкі ахарактарызаваў Палату прадстаўнікоў як «покладистую, законопослушную, незаполитизированную».

Яшчэ больш адкрыта з гэтай нагоды выказаўся яго калега Мікалай Карпіевіч: «Мы все шли в одной спайке. Мы все сторонники президента».

У снежні 1998 года ў склад Палаты прадстаўнікоў увайшлі два былых дэпутата Вярхоўнага Савета 13-га склікання Уладзімір Волкаў і Мікалай Якоўчык замест выбыўшых калег: Мікалая Шыманскага і Яўгена Мікалуцкага, які, як вядома, быў забіты 6 кастрычніка 1997-га.

 

Другое скліканне: не адразу і не проста

Палата прадстаўнікоў другога склікання павінна была быць сфармавана шляхам выбараў, якія планавалася правесці ўжо на падставе новага заканадаўчага акта — Выбарчага кодэкса ад 11 лютага 2000-га.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў другога склікання адбыліся 15 кастрычніка 2000 года. На 110 дэпутацкіх месцаў прэтэндавалі 562 кандыдаты. Па афіцыйных звестках удзел у кампаніі ўдзельнічалі 61,08% грамадзян ад агульнай колькасці выбаршчыкаў, уключаных у спісы для галасавання.

Нягледзячы на гэта, 15 кастрычніка быў абраны толькі 41 дэпутат, а выбары адбыліся ў 97 акругах. У ходзе першага тура дэпутатамі сталі былы першы сакратар ЦК КПБ(б) Анатоль Малафееў, які дарэчы быў кіраўніком Палаты прадстаўнікой першага склікання, вядомы эпатажны палітык і паплечнік Аляксандра Лукашэнкі Віктар Кучынскі. Своеасаблівы рэкорд паставіў Уладзімір Канаплёў, які ў сваёй выбарчай акрузе на Шклоўшчыне атрымаў 80,5% галасоў.

У Мінску выбары не адбыліся па трох акругах: яўка выбаршчыкаў склала ад 37 да 46%. Цікава, што па іх вылучаліся даволі вядомыя асобы. Напрыклад, у сваёй акрузе Мікалай Статкевіч заняў другое месца сярод 9 кандыдатаў, атрымаўшы 20% галасоў выбаршчыкаў. У сваёй акрузе камуніст Сяргей Калякін апынуўся на трэцім месцы (14,3%) сярод сямі кандыдатаў, а Сяргей Гайдукевіч ў сваёй акрузе заняў апошняе — чацвёртае — месца з 10,9% галасоў выбаршчыкаў.

У выніку другога тура 29 кастрычніка 2000-га дэпутатцкія мандаты атрымалі яшчэ 56 кандыдатаў, сярод якіх апынуліся былы кіраўнік Савета Міністраў Вячаслаў Кебіч, Сяргей Гайдукевіч, кіраўнік Беларускага патрыятычрага саюзу моладзі Усевалад Янчэўскі, сённяшні кіраўнік афіцыйных прафсаюзаў Міхаіл Орда, вядомы славянафіл Сяргей Касцян, Уладзімір Навасяд, а таксама члены будучай апазіцыйнай дэпутатцкай групы «Рэспубліка»Валерый Фралоў, Сяргей Скрабец і Уладзімір Парфяновіч.

Ні адны выбары ў Палату
     прадстаўнікоў не абыходзіліся без БРСМ)

Ні адны выбары ў Палату прадстаўнікоў не абыходзіліся без БРСМ)


Сярод дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў другога склікання было 35 парламентарыяў першага склікання, а таксама Наталля Машэрава, Таццяна Голубева (тая самая, якая ў ток-шоў «Выбар» 19 снежня 2010-га заклікала «поставить на место» і «выгнать из страны» удзельнікаў масавага антыпрэзідэнцкага шэсця).

Шаснаццаць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў другога склікання належалі да палітычных партый: 6 — камуністы, 5 — аграрыі, 1 — ліберал-дэмакраты, 2 — Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, 1 — Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя  (БСДП) народнай згоды (Народная згода), 1 — Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя.

18 сакавіка 2001-га ў 13 акругах адбыліся паўторныя выбары: 5 — Брэсцкая вобласць, 4 — Віцебская вобласць, 1 — Мінская вобласць, 3 — Мінск. На 13 дэпутацкіх мандатаў прэтэндавалі 86 чалавек. У выбарах узялі ўдзел 72,6% грамадзянаў ад агульнай колькасці выбаршчыкаў, якія ўключаны ў спісы для галасавання. 18 сакавіка былі абраны толькі два дэпутаты ў Мінску, сярод іх — вядомы псіхолаг Надзея Цыркун. 1 красавіка 2001 г. у ходзе другога тура былі абраныя астатнія 11 дэпутатаў, сярод якіх найбольш вядомым быў былы міністр унутраных спраў, былы кіраўнік КДБ генерал Уладзмір Ягораў. Пры гэтым працэнт грамадзянаў, якія галасавалі ў другім туры, быў значна ніжэйшы і склаў 55,07%.


Трэцяе скліканне: яўка 90% і адмова ў рэгістрацыі



Выбары ў Палату прадстаўнікоў трэцяга склікання адбыліся 17 кастрычніка 2004 года Як вядома, гэтыя выбары праводзіліся разам з сумнавядомым рэферэндумам, паводле вынікаў якога кіраўнік дзяржавы мог балатавацца на пасаду прэзідэнта фактычна бясконца.

Па афіцыйных звестках, у выбарах удзельнічалі 90,14 % грамадзян ад агульнай колькасці выбаршчыкаў, уключаных у спісы для галасавання. 17 кастрычніка былі абраны 108 дэпутатаў. На 110 дэпутатцкіх мандатаў прэтэндавалі 326 чалавек. Кандыдатаў магло быць значна болей, але менавіта тады ўлада пачала выкарыстоўваць такі вельмі эфектыўны сродак як адмову ў рэгістрацыі патэнцыйным апазіцыянерам. У выніку напярэдадні выбарчай кампаніі адмову атрымалі ажно 223 чалавекі. Аднак 43 скаргі «адмоўшчыкаў» задаволіла Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, а яшчэ дзве — Вярхоўны Суд.

historyja_vybarau__1_.jpg

Агітацыйны плакат Уладзіміра Здановіча — дэпутата Палаты прадстаўнікоў другога, трэцяга і чацвёртага скліканняў


Перш за ўсё уражваюць вынікі галасавання па кандыдатах. Яны складаюць ад 80 да 97% ужо у першым туры. Так, вядомы Уладзімір Канаплёў атрымаў 97,4% галасоў выбаршчыкаў на Шклоўшчыне. На гэтых выбарах, нарэшце, збылася мара Сяргея Гайдукевіча, які атрымаў запаведны дэпутацкі мандат.

Па выніках парламенцкіх выбараў прасочваецца цікавая тэндэнцыя: наяўнасць у спісе дэпутатаў тых асабоў, якія даўно адыйшлі ад вялікай палітыкі, але працавалі разам з Аляксандрам Лукашэнкам ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання: Раман Унучка, Леанід Козік, Вінцэнты Казяк. У сваю чаргу скончылася дэпутацкая эпапея Вячаслава Кебіча і ўзышла зорка яшчэ аднаго дэпутата Вярхоўнага Савета 12-га склікання Уладзіміра Андрэйчанкі, а таксама Генадзя Давыдзькі.

Афіцыйны плакат паўторных
     выбараў у Гродна ў 2005 г. 

Афіцыйны плакат паўторных выбараў у Гродна ў 2005 г. 


Выбары не адбыліся ў Гродзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №52. 27 кастрычніка 2004 года другі тур адбыўся ў Наваполацку, у выніку якога Палату прадстаўнікоў папоўніў Пётр Саломуха, атрымаўшы 56,5% галасоў.

Што да Гродна, то паўторныя выбары адбыліся там 20 сакавіка 2005-га. Цікава, што незадоўга да паўторных выбараў у Гродне ў незалежнай прэсе сталі з’яўляцца фантастычныя сцэнары наконт таго, што Гродзенская-Цэнтральная выбарчая акруга №52 можа стаць добрым трамлінам да адзінага кандыдата, які гатовы кінуць выклік Аляксандру Лукашэнку.

Так, адзін з аўтараў сцвярджаўчы, што Гродна можа стаць другім Нью-Гэмпшырам (амерыканскі штат, дзе ўпершыню за год да асноўных выбараў вылучаюцца кандыдаты на пасаду прэзідэнта ад абедзвюх партый), заклікаў усе апазіцыйныя сілы сканцэнтараваць высілкі на выбарчай акрузе №52. Аднак 20 сакавіка 2005-га ў Гродна сенсацыі не адбылося, бо дэпутатам стаў рэктар мясцовага ўніверсітэту, будуч міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, які атрымаў 26059 галасоў выбаршчыкаў, што склала 65,3% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў, якія ўключаныя ў спісы для галасавання. Другое месца заняў член партыі БНФ Сяргей Антусевіч (14,22%), трэцяе — Валерый Фралоў (12,4%), які прадстаўляў БСДП (НГ).


Чацвёртае скліканне: з першага разу і спаленыя пасведчанні


На выбарах у Палату прадстаўнікоў чацвёртага склікання 28 верасня 2008 года на 110 дэпутацкіх мандатаў прэтэндавалі 279 кандыдатаў, хаця першапачаткова вылучаліся 365 чалавек. Па афіцыйных звестках у выбарах узялі ўдзел 76,7% грамадзян ад агульнай колькасці выбаршчыкаў, уключаных у спісы для галасавання.

Агітацыйны плакат Юрыя
     Васкрасенскага ў кампаніі-2008. 

Агітацыйны плакат Юрыя Васкрасенскага ў кампаніі-2008. 


Усе кандыдаты былі абраныя з першага раза, таму другога тура не было. Звяртае ўвагу тая акалічнасць, што склад Палаты змяніўся: зніклі такія вядомыя парламентарыі-старажылы як Сяргей Касцян, Ігар Катляроў, Анатоль Красуцкі, Уладзімір Канаплёў. Выбары прайгралі Вольга Абрамава і Віктар Кучынскі (упершыню ў сваёй Кобрынскай акрузе, пачынаючы з 1990 г.).

У парламенцкай кампаніі 2008-га звяртае ўвагу вялікая колькасць — 16 — безальтэрнатыўных акругаў. На 56 выбарчых акругах змагаліся толькі 2 кандыдаты, на 26 акругах — 3 кандыдаты, на 11 акругах — 4 кандыдаты. Своеасаблівым рэкардсменам стала сталічная Адзінцоўская выбарчая акруга №101, дзе за дэпутацкі мандат змагаліся 7 супернікаў, у тым ліку і Станіслаў Шушкевіч.


historyja_vybarau__4_.jpg

Перфоманс 27 верасня 2008 года. Віктар Канцэвенка (справа) і Васіль Ваўрэнюк (злева) паляць свае пасведчанні. У цэнтры — Мікола Статкевіч

Выбары-2008 адзначыліся палітычным перфомансам (27 верасня 2008-га зарэгістраваныя кандыдаты Віктар Канцэвенка і Васіль Ваўрэнюк спалілі свае пасведчанні непасрэдна перад будынкам Цэнтрвыбаркаму ў знак пратэсту супраць ужывання адміністратыўнага рэсурсу і датэрміновага галасавання), а так сама ледзь не сэнсацыйнымі заявамі падпалкоўніка міліцыі Мікалая Казлова аб фальсіфікацыях вынікаў выбараў на адным з участкаў сталічнай Старавіленскай выбарчай акругі №105. У выніку вымушана была апраўдавацца сама старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына.


Пятае скліканне: шмат адмоўі байкот

У парламенцкіх выбарах 23 верасня 2012 года на 110 дэпутацкіх мандатаў прэтэндавалі 293 чалавекі. Такая, адносна невялікая колькасць кандыдатаў была абумоўлена наступнымі абставінамі.

Па-першае, палітыкай уладаў па адмове ў рэгістарацыі. На першапачатковым этапе жаданне стаць народнымі выбраннікамі выказалі каля 500 чалавек, аднак больш за сотю атрымалі адмову ў рэгістрацыі. І толькі 11 з іх, у тым ліку і Віктар Цярэшчанка, дамагліся рэгістарацыі, у выніку чаго 374 кандыдатаў уступілі ў перадвыбарчаю барацьбу.

Па-другое, новай стратэгіяй апазіцыйных сілаў, якія ўзялі на ўзбраенне байкот і заклікалі сваіх прадстаўнікоў здымаць кандыдатуры. У выніку свае кандыдатуры зняў 81 чалавек.

Афіцыйны передвыбарны плакат
     кампаніі-2012

Афіцыйны передвыбарны плакат кампаніі-2012


У выбарах узялі ўдзел 74,61% грамадзян ад агульнай колькасці выбаршчыкаў, унесеных у спісы для галасавання. Усяго была абрана 109 дэпутатаў.

Выбары не адбыліся па Гомельскай-Новабеліцкай акрузе №36, бо там балатаваўся безальтэрнатыўны кандыдат, які не набраў неабходнай колькасці галасоў.

Паўторныя выбары прайшлі там толькі 23 сакавіка 2014-га. З 79 958 грамадзян удзел прынялі 73,8%. У выніку перамагла ўрач Елена Астапюк. Праўда, вялікую колькасць — 21154 — галасоў яна атрымала ў выніку датэрміноваа галасавання.

Склад Палаты прадстаўнікоў пятага склікання адзначыўся вельмі нізкай колькасцю прадстаўнікоў палітычных партый: 3 — камуністы, 1 — аграрыі, 1 — Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. З іншага боку, на прыкладзе складу Палаты пятага склікання можна зрабіць выснову, у сцены парламента працягваецца рэкрутацыя тых людзей, якія маюць вопыт кіраўнічай дзейнасці. Напрыклад, дэпутат Палаты прадстаўнікоў пятага склікання Уладзіслаў Цыдзік пэўны час працаваў старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю па Мінскай вобласці.

Увогуле кампанія-2012 апынулася самай нецікавай. Праваабронцы і апазіцыйныя сілы сцвярджалі, што насамрэч выбары не адбыліся. Улады, у сваю чаргу, катэгарычна гэта абвяргалі.

У любым выпадку выбары па мажарытарнай сістэме зжылі сябе. Патрэбна радыкальная рэформа парламенту сучаснага беларускага тыпу, але, перш за ўсё, патрэбна рэформа выбарчага заканадаўства і новы фармат выбарчых кампаній, пераход да прапарцыянальнай сістэмы.