Праўладнаму апаненту Севярынец вынеслі папярэджанне

Праўладнаму кандыдату па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 Сяргею Занько 9 верасня за парушэнне Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь на пасяджэнні віцебскай абласной выбарчай камісіі вынесена папярэджанне. Пасяджэнне адбылося з нагоды скаргаў апанента Занько, прамоўцы БХД Таццяны Севярынец.

1473498447_1473190521_c9bef8f7fff5f586d8f984a4cc6402fb.jpg


Абскарджвалася рашэнне акруговай камісіі, якая адмовіла Севярынец у яе прэтэнзіях да праўладнага кандыдата, які выкарыстоўваў на сваіх пікетах службовую машыну. Апроч таго, яго давераныя асобы праводзілі пікеты ў свой працоўны час, а сам Занько, па словах яго даверанай асобы, быў на працы.
«Абласная камісія паўгадзіны разглядала фоты, якія былі далучаны да скаргі, маўляў, не , машына не тая, падобная. Зачытваліся дакументы, па якіх машыны ўвогуле не было, па другіх — яна была, але выпадкова апынулася каля месцаў правядзення пікетаў, бо прыехала ў краму «Пінскдрэў», што таксама выпадкова знаходзіцца каля месца, вызначанага для пікетавання. Але фоты як доказ перамаглі, іх было шмат», — адзначыла Таццяна Севярынец.
Наконт пікета ў працоўны час давераных асоб прад’явілі два дакументы, якія сведчылі, што прафсаюзны лідар медуніверсітэту быў у адгулах, а сам Занько — у працоўным адпачынку, але мог быць на працы, бо ён доктар і даваў клятву Гіпакрата.
Па другой скарзе наконт парушэнняў Занько арт.73 і рашэння гарвыканкаму аб вызначаных месцах сустрэч было патлумачана, што так, сустрэчы па-за рашэння гарвыканкаму былі, але выключна па гарачым запрашэнні працоўных інтэрнатаў, і было там усяго недзе чалавек 20. Працоўныя калектывы маюць права запрашаць любімых кандыдатаў.
Таццяна Севярынец атрымала чарговую адмову ў прэтэнзіях адмяніць кандыдату Занько рэгістрацыю. «Караць нельга памілаваць. Дзе абласная камісія паставіла коску, зразумела», — падкрэсліла Таццяна Севярынец.
Паводле bchd.info