Пасьля самай страшэннай вайны мы страцілі Смаленск

У 1667 годзе было падпісанае Андрусаўскае замірэньне, якое скончыла самую спусташальную вайну ў гісторыі Беларусі. Тую самую, у якой з 1654 на працягу 13 гадоў Расея вынішчала нашыя землі. Замірэньне здабылі, Смаленск згубілі. Як скончылася тая вайна?

Выява створаная ШІ (instagram.com/belarus_minulaja)

Выява створаная ШІ (instagram.com/belarus_minulaja)

Трэба разумець, што гэтая мірная дамова не зьбіралася нават ужываць казачных фармулёвак кшталту «вечны мір». Гэта была канкрэтная дамова з пазначаным тэрмінам дзеяньня — 13 з паловай гадоў.

Пагадненьне было заключанае 30 студзеня 1667 году ў вёсцы Андрусава (на мяжы Мсьціслаўскага і Смаленскага ваяводзтваў). З боку Рэчы Паспалітай дамову падпісаў Юры Глябовіч, Крыштаф Завіша, Цыпрыян Брастоўскі, з боку галоўных ворагаў — Апанас Ордын-Нашчокін, Багдан Ордын- Нашчокін і Рыгор Багданаў.

Як адзначае гісторык Генадзь Сагановіч, зьнясіленая за доўгія гады вайны, Маскоўшчына не магла ўтрымаць усе захопленыя ў Вялікім Княстве Літоўскім землі ды ўжо ў 1664 годзе прапанавала нашай дзяржаве распачаць перамовы аб замірэньні.

Тады групы ўпаўнаважаных абедзьвюх дзяржаваў сустрэліся ў Дуравічах на Смаленшчыне. Перамовы праходзілі марудна і малаплённа. Маскоўскія паслы спрабавалі пакінуць пад уладаю маскоўскага акупанта Полацак ды іншыя беларускія гарады, падкупіць камісараў Рэчы Паспалітай вялізнымі сумамі грошай або запужаць іх войскам, якое нават у часе замірэньня ўрывалася на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага.

Шанцы на радыкальную перамогу над маскоўцамі ў спрыяльнай сытуацыі ў 1661—1662 гадах былі змарнаваныя. Тым часам на поўдні актывізавалася Турэччына, у Польскім каралеўстве распачалася вайна гетмана Любамірскага супраць караля. А ў Вялікім Княстве Літоўскім дайшло да абвастрэньня нутраной барацьбы паміж магнатамі.

У такой сытуацыі камісары Рэчы Паспалітай пайшлі на кампраміс і ўрэшце ў вёсцы Андрусава падпісалі дамову аб замірэньні тэрмінам на 13 з паловай гадоў. Тэкст дамовы быў зацьверджаны ўрачыстымі прысягамі ўпаўнаважаных.

Глядзіце таксама

Так скончылася сама доўгая і згубная для Беларусі вайна. Кожны другі жыхар Вялікага Княства Літоўскага быў замардаваны маскоўцамі. З 2,9 мільёнаў чалавек засталося толькі 1,4 мільёна. А ў Полацкім, Віцебскім і Мсьціслаўскім ваяводзтвах пустымі стаялі 65—70% сялянскіх хатаў.

У Полацку з 1500 даваеных дамоў засталося 102, што складае 7%. Астатнія гаспадаркі былі зьнішчаныя маскавітамі. У Віцебску страты склалі 95%, падлічыў гісторык Уладзімер Арлоў.

З галоўнага экспартэра збожжа ў Эўропе нашая краіна пераўтварылася ў краіну, якая з цяжкасьцю забясьпечвала свае патрэбы.

Ад безьлічы непахаваных людзей і жывёлаў пачалася эпідэмія чумы, што суправаджалася голадам. Чорны час Беларусі па віне Масквы.

Бясконцая колькасьць захопленых у палон нашых суграмадзянаў была вывезеная ў Маскоўшчыну, і ніколі не вярнулася назад. Тактыка, якой, на жаль, пасьпяхова карыстаюцца і сёньня тэрарысты з ХАМАС і іх духоўныя браты ва ўсім сьвеце.

Выява створаная ШІ (instagram.com/belarus_minulaja)

Выява створаная ШІ (instagram.com/belarus_minulaja)

Умовы

Як пісаў Сагановіч, паводле ўмоваў замірэньня да Маскоўскай дзяржавы адыходзілі Смаленскае ды Чарнігаўскае ваяводзтвы, Старадубскі павет і землі Ўкраіны да самага Дняпра. Затое яшчэ акупаваную паўночную Беларусь — Віцебшчыну, Полаччыну, Дынабург, а таксама Інфлянты — іхны цар Аляксей вяртаў Рэчы Паспалітай.

Кіеў быў перададзены Масковіі на 2 гады, але так і ня быў вернуты. У 1686 годзе па ўмовах «вечнага міру» канчаткова перайшоў пад уладу Маскоўскай дзяржавы, якая сплаціла за яго 146 тысячаў маскоўскіх рублёў.

Запароская Сеч апынулася пад агульным пратэктаратам абедзьвюх дзяржаваў, якія абавязаліся ва ўзаемнай дапамозе дзеля здушэньня там хваляваньняў. Гэта разьвеяла спадзевы запарожцаў на стварэньне ўласнае дзяржавы, і казацкі гетман Пятро Дарашэнка пачаў шукаць дапамогі ў туркаў.

Як падкрэсьліваў гісторык Усевалад Ігнатоўскі, адзін з артыкулаў замірэньня даваў маскоўскаму гаспадару права заступніцтва за праваслаўных жыхароў Рэчы Паспалітай. Любяць жа яны заступацца за ўсіх, палец у рот не кладзі.

Тэрыторыя на ўсходзе Вялікага Княства Літоўскага, якая была захопленая маскавітамі, пазначаная цёмным колерам.

Тэрыторыя на ўсходзе Вялікага Княства Літоўскага, якая была захопленая маскавітамі, пазначаная цёмным колерам.

Асобны пункт агаворваў неабходнасьць пацьверджаньня дамовы ў выпадку сьмерці аднаго з манархаў яго спадкаемцам. Гэта ўмова спатрэбілася даволі хутка. Ужо ў верасьні 1668 году вялікі князь літоўскі і кароль польскі Ян Казімір зрокся трону, і вальны сойм 31 траўня 1669 году абраў на трон Міхала Карыбута Вішнявецкага, які 28 жніўня 1672 году пацьвердзіў Андрусаўскі мір.

Але кіраваў ён усяго чатыры гады — 10 лістапада 1673 годуіМіхал Карыбут памёр, а вальны сойм абраў на трон Яна Сабескага. А 30 студзеня 1676 году памёр маскоўскі цар Аляксей. На трон сеў ягоны сын Фёдар. Абодва новыя манархі таксама пацьвердзілі Андрусаўскі мір.

Рэч Паспалітая і Масковія абавязаліся супольна выступіць супраць крымскага хана і Асманскае імпэрыі ў выпадку татарскіх набегаў на сучасную тэрыторыю Ўкраіны.

Было гарантаванае права вольнага гандлю між абедзьвюма краінамі.

За землі левабярэжнай Украіны Масковія сплаціла Рэчы Паспалітай 1 мільён злотых (каля 200 тысячаў маскоўскіх рублёў).

Масква, хоць і ня здолела ўтрымаць усё заваяванае, моцна павялічыла сваю тэрыторыю, а Рэч Паспалітая, ня змогшы адваяваць усяго страчанага, вярнула найбольш істотныя землі. Абодва бакі суцяшалі сябе таксама тым, што Андрусаўскае замірэньне толькі часовае, што ўмовы ягоныя праз 13 гадоў можна будзе перагледзець. Тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага зьменшылася з 370 тысячаў квадратных кілямэтраў да 312 тысячаў.

Вайна 1654—1667 гадоў настолькі моцна падарвала Беларусь, што наступствы той трагедыі яшчэ не адно стагодзьдзе вызначалі дэмаграфічнае, гаспадарчае і культурнае аблічча краіны. Да катастрофы, перажытай тады беларускім народам, сыходзяць вытокі і многіх яго цяперашніх бедаў.

Аднак тады, як слушна кажа Ўладзімер Арлоў, нашым ворагам не ўдалося галоўнага — поўнага зьнішчэньня нашай дзяржавы. Яна жыве і будзе жыць!