Тадэвуш Касцюшка і руская кампанія Напалеона
Гісторыя жыцця Тадэвуша Касцюшкі да сённяшняга дня захоўвае вялікую колькасць недастаткова вывучаных гісторыкамі аспектаў.
Выхадзец з Беларусі, нацыянальны герой Польшчы і ЗША, Касцюшка, нягледзячы на страту Рэччу Паспалітай незалежнасці і вымушаную эміграцыю, і ў пачатку XIX стагоддзя працягваў заставацца ўплывовай грамадска-палітычнай фігурай. Бясспрэчны аўтарытэт гэтага чалавека прымусіў Аляксандра І і Напалеона Банапарта задумацца пра тое, як прыцягнуць генерала на сваю службу. Кожны з імператараў разумеў, што поспех у гэтай справе абяцае значныя дывідэнды ў вырашэнні так званага «польскага пытання».
Пасля вяртання з ЗША на стары кантынент у 1798 годзе Касцюшка пасяліўся пад Парыжам. Дадзены факт выклікаў вялікую занепакоенасць у вышэйшых палітычных колах Расійскай імперыі. Устрывожаны міністр замежных спраў Расійскай імперыі граф Варанцоў запатрабаваў тэрмінова сабраць звесткі пра тое, што мяцежны генерал робіць у Парыжы, як да яго ставяцца французскія ўлады і асабіста Напалеон. Адказ, дасланы ў Пецярбург з Парыжа, супакоіў царскага чыноўніка. У дэпешы ад 10 сакавіка 1804 года павераны ў справах Расіі ў Парыжы П. Убры дакладаў, што польскі генерал не меў адносін з французскім урадам.
Сапраўды, Касцюшка расчараваўшыся імперскімі амбіцыямі Напалеона, яго двухсэнсоўнымі і загадкавымі заявамі наконт лёсу Польшчы, абыякавым стаўленнем да салдат і афіцэраў польскага легіёна, які змагаўся на баку Францыі ў Італіі і іншых краінах, вырашыў не ўмешвацца ў палітычныя працэсы ў Еўропе.
Аднак поспехі напалеонаўскай арміі ўсё больш усялялі ў палякаў надзею на адраджэнне Рэчы Паспалітай. Падчас адной з сустрэч Напалеона з генераламі ў лістападзе 1805 года хтосьці з французскіх военачальнікаў заўважыў, што Тадэвуша Касцюшку варта было б выкарыстаць для падрыхтоўкі і арганізацыі ўсеагульнага польскага паўстання. Да таго ж у французскім штабе мелі досвед наконт сучаснай тактыкі і стратэгіі вядзення бою, якую прапаведаваў былы кіраўнік паўстання 1794 года. Менавіта Касцюшка быў адным з першых у Еўропе, хто пачаў выкарыстоўваць манеўранасць пяхоты падчас бою. Гэта тактыка даказала сваю эфектыўнасць падчас вайны за незалежнасць у ЗША.
У 1806 годзе французскі імператар загадаў міністру паліцыі Ж. Фушэ прывезці кіраўніка паўстання 1794 года ў яго штаб-кватэру. Прыехаўшы ў Барвіль, французскі чыноўнік заявіў генералу, што Напалеон збіраецца ваяваць супраць Расійскай імперыі і польскі народ павінен дапамагчы Францыі ў гэтай справе. Але «пан Тадэвуш» запатрабаваў гарантый аднаўлення незалежнасці Польшчы, яе канстытуцыі і палітычнай роўнасці яе грамадзян.
Даведаўшыся пра патрабаванні Касцюшкі, Напалеон заявіў, што абыдзецца без яго. Аднак французы канчаткова не адмовіліся ад ідэі выкарыстаць знакамітага ўраджэнца Брэстчыны. Ж. Фушэ ад імя Касцюшкі стварае ілжывы маніфест з заклікам да палякаў падтрымаць Напалеона. Абураны генерал запатрабаваў абвяржэння фальшыўкі і раскрыцця імя сапраўднага аўтара дадзенага дакумента.
Падчас зімовай кампаніі 1806–1807 гадоў польская тэма зноў стала актуальнай. Прычым актыўнасць у гэтым кірунку пачала праяўляць і Расійская імперыя. Так, сярод эліт былога Вялікага Княства Літоўскага адна за другой сталі з’яўляцца ідэі адраджэння Рэчы Паспалітай пад скіпетрам Аляксандра I. Аўтарамі аднаго з праектаў былі былы ўдзельнік паўстання 1794 года Томаш Ваўжэцкі і былы пасол ад Брэсцкага павета на соймы 1782, 1786, 1788–1792 гадоў Станіслаў Нямцэвіч. Менавіта Нямцэвіч прадставіў у Пецярбургу міністру замежных спраў Расійскай імперыі А. Чартарыйскаму свой план «Myśli względem ziem litewskich i ruskich», у адпаведнасці з якім з зямель былога ВКЛ меркавалася стварыць аўтаномную дзяржаву. На жаль, не вядома, якое месца адводзілі стваральнікі плана асобе Тадэвуша Касцюшкі, але вялікіх сумневаў няма, што рэалізацыя любога дзяржаўнага праекта на землях ВКЛ і Рэчы Паспалітай не магла б абысціся без такой важнай персоны.
У гэты ж час на польскіх землях, якія знаходзіліся пад французскай акупацыяй, таксама абмяркоўваліся планы адраджэння Рэчы Паспалітай. У прыватнасці, князь Ю. Панятоўскі прапаноўваў французскаму імператару аднавіць Польскае Каралеўства на тэрыторыях, якія адышлі пасля падзелаў да Прусіі і Расійскай імперыі. У Варшаве таксама былі чутныя заклікі аднавіць у Польшчы манархію, а каралём абвясціць... Тадэвуша Касцюшку.
Сам генерал увесну 1807 года накіраваў у напалеонаўскі генштаб дакумент пад назвай «Праект наступнай вайны ў Польшчы». У адпаведнасці з ім французскаму камандаванню прапаноўвалася сфармаваць з палякаў рухомыя кавалерыйскія атрады і накіраваць іх у дыверсійныя рэйды ў Брэсцкае ваяводства, іншыя раёны гістарычнай Літвы, а таксама на Валынь. Гэтыя атрады, пазбягаючы сутычак з буйнымі атрадамі рускіх, павінны былі руйнаваць тылавую інфраструктуру непрыяцеля і скоўваць перамяшчэнне буйных злучэнняў рускай арміі. Акрамя гэтага, дыверсанты вялі б выведвальную дзейнасць і правакавалі б антырускія выступы.
Эфектыўнасць гэтай стратэгіі была даказана яшчэ падчас паўстання 1794 года. Тады атрад пад камандаваннем С. Грабоўскага ў раёне Івянца перайшоў мяжу з Расійскай імперыяй і паглыбіўся на тэрыторыю Міншчыны. Рускі гарнізон у Мінску быў досыць шматлікім, таму Грабоўскі не адважыўся атакаваць горад і рушыў у бок Койданава. Насельніцтва ўсходняй Беларусі, нягледзячы на рускую прапаганду, у сваёй большасці са спачуваннем ставілася да «ліцьвінаў». Дыверсійны атрад пастаянна папаўняўся новымі добраахвотнікамі. Усё гэта дазволіла Грабоўскаму сходу захапіць добра ўмацаваны Бабруйск і знішчыць рускі гарнізон, які там знаходзіўся. Царскае камандаванне было настолькі занепакоена дзейнасцю дыверсантаў, што на барацьбу з імі з Заходняй Беларусі адклікала 4 тысячы рускіх салдат. Факты паспяховай дзейнасці дыверсійных падраздзяленняў Касцюшкі былі, безумоўна, вядомыя французскім генералам, што прымусіла іх з усёй уважлівасцю падысці да вывучэння прапановы генерала.
Пасля пачатку руска-французскай вайны 1812 года Касцюшка працягваў чакаць і назіраць. Прадстаўнікі Генеральнай канфедэрацыі Польскага Каралеўства спрабавалі прапанаваць генералу ўзначаліць гэты орган. Угаварыць састарэлага Касцюшку павінна была князёўна Ганна Сапега. Але генерал адмовіўся ад прапановы, матывуючы сваё рашэнне тым, што «канфедэрацыя не можа гарантаваць цэласнасць межаў Польскага Каралеўства».
Як вядома, руская кампанія Напалеона скончылася поўным правалам, і мноства палякаў, што падтрымалі французаў, назаўсёды засталіся ляжаць на заснежаных палях «матухны Расіі». Іншыя адступілі з рэшткамі «вялікай арміі». Навіну пра тое, што рускія войскі ўвайшлі на французскую зямлю, Касцюшка сустрэў з непрыхаваным натхненнем. У лютым 1814 года ён нават прымаў у сябе рускіх казачых афіцэраў і забараніў жыхарам сваіх уладанняў аказваць супраціў «вызваліцелям».
Пасля падзення напалеонаўскай імперыі «вырашэннем» лёсу польскіх земляў заняўся Аляксандр I. Рускі манарх, як і яго французскі візаві, не мог не ўспомніць пра Касцюшку, тым больш што генерал нагадаў аб сабе сам. 9 красавіка 1814 года ён накіраваў цару ліст, у якім прасіў абвясціць для палякаў усеагульную амністыю, стварыць у Польшчы канстытуцыйную манархію і, нарэшце, праз дзесяць год адмяніць прыгоннае права і надзяліць сялян зямлёй. Праз месяц Касцюшка атрымаў адказ ад Аляксандра I. У лісце цар рассыпаўся кампліментамі і запрашаў Касцюшку да супрацоўніцтва. 5 мая 1814 года генерал быў урачыста прыняты царом у Парыжы. У 1815 годзе адбыўся Венскі кангрэс, па выніках якога было створана Царства Польскае. З гэтага моманту рускі імператар ужо не цікавіўся асобай «знакамітага ліцьвіна». Хутка генерал выехаў у Швейцарыю, дзе і памёр у 1817 годзе.
Будучы сапраўдным патрыётам І Рэчы Паспалітай, Касцюшка з болем перажываў трагедыю падзелаў сваёй краіны ў канцы XVIII стагоддзя. «Ліцьвін» па паходжанні, ён стаў сапраўдным «палітычным» палякам, які жадаў адрадзіць з попелу некалі магутную Айчыну. Як бы ні было, герой паўстання 1794 года не стаў марыянеткай у чужых палітычных гульнях, чым прымусіў паважаць сябе і сучаснікаў, і нашчадкаў.