Тыраны ня сьпяць спакойна: чаму вугорцы паўсталі супраць камунізму ў 1956
Пасьля Другой сусьветнай вайны пытаньне аб незалежнай вонкавай палітыцы ў Вугоршчыне амаль не стаяла. З 1945 года краіна фактычна знаходзілася пад акупацыяй замежнай Чырвонай арміі. Да 1949 года Будапэшт стаў паўнавартасным савецкім сатэлітам. Нават некалькіх гадоў хапіла, каб жыхары ўзяліся за зброю.
Ад адных гаспадароў – да іншых
Калі савецкія танкі грукаталі па вуліцах Будапэшту ў 1945 годзе, Чырвоная Армія прыйшла не як вызваляльнік, а як акупант. Вугоршчына была вызваленая ад нацысцкай тыраніі толькі дзеля таго, каб трапіць у кіпцюры савецкага камунізму. Гэта паклала пачатак кашмару, які будзе цягнуцца дзесяцігодзьдзямі і будзе заплямлены крывёю, тэрорам і рэпрэсіямі.
Так званы кааліцыйны ўрад, створаны пасьля 1945 года, быў толькі фасадам, бо Вугорская камуністычная партыя, якая знаходзілася пад непасрэдным кантролем Масквы, шляхам маніпуляцыяў і запалохваньня дэмантавалі крохкую пасьляваенную дэмакратыю Вугоршчыны крок за крокам. З утварэньнем Вугорскай Народнай Рэспублікі ў 1949 годзе на 40 гадоў краіна засталася пад татальным уплывам Крамля.
Крокі да рэвалюцыі 1956
Ніякая дыктатура, якой бы жорсткай яна ні была, не можа цалкам загасіць чалавечае імкненьне да свабоды. Галоўны камуніст Вугоршчыны Маціяш Ракошы, самаабвешчаны «лепшым вучнем Сталіна», шмат зрабіў, каб пераўтварыць Выгоршчыну ў сталінскую турму. Яго кіраваньне характарызавалася бязьлітасным перасьледам палітычных апанэнтаў, рэальных ці ўяўных.
У 1953 годзе, пасьля смерці Сталіна, ва ўсходнім блоку пачалася палітычная адліга. У Вугоршчыне гэта вылілася ў кароткае, асьцярожнае паслабленьне найбольш рэпрэсіўных аспектаў рэжыму Ракошы. Кіраваць краінай афіцыйна быў пастаўлены больш малады прадстаўнік кампартыі, якому не хапіла досьведу і ўпэўненасьці, каб паспрабаваць зьмяніць агульную карціну. Ракошы, прыхільнік сталінскай жорсткай лініі, неўзабаве аднавіў кантроль.
Эканамічная палітыка, навязаная Масквой, ужо тады прынесла Вугоршчыне незьлічоныя цяжкасьці. Прымусовая калектывізацыя сельскай гаспадаркі спустошыла насельніцтва ў вёсках, а хуткая індустрыялізацыя ператварыла гарады ў цэнтры галечы. Цяжкія ўмовы жыцьця ў спалучэньні з нізкай заработнай платай выклікалі незадаволенасьць сярод грамадзянаў.
Акрамя таго, «Таемная прамова» Хрушчова 1956 года, у якой ён асудзіў злачынствы і культ асобы Сталіна, выклікала шок ва ўсім камуністычным сьвеце. У Вугоршчыне гэта падбадзёрыла рэфарматараў усярэдзіне кампартыі і стварыла адчуваньне, што маналітная савецкая імпэрыя была больш уразьлівай, чым здавалася раней. Калі Сталіна, стваральніка масавых рэпрэсіяў, можна было дэзавуяваць, тады, магчыма, сістэму, якую ён пабудаваў, можна было б дэмантаваць. Апошнія падзеі таго часу ў Польшчы, дзе пратэсты прывялі да саступак з боку ўрада, падбадзёрылі вугорцаў. Станавілася відавочным: супраціў магчымы.
Незадаволенасьць, якая назапашвалася дзесяць гадоў, дасягнула кропкі кіпеньня. Вяртаньне жорсткай палітыкі, фактычна эканамічны крах і культурнае здушэньне — усё разам стварыла небясьпечную атмасфэру. Але больш за ўсё вугорскі народ ажывіла пачуцьцё здрады — адмовы ў абяцаньні рэформаў пасьля сьмерці Сталіна.
Выбух
Гэта пачалося, як і многія рэвалюцыі — не з узброенага сутыкненьня з арміяй ці паліцыяй, а з мірнага маршу студэнтаў 23 кастрычніка 1956 года. Марш пачаўся ў якасьці даволі сьціплага патрабаваньня рэформаў, але ўжо неўзабаве гэта перарасло ў татальную рэвалюцыю і па-сутнасьці зрынаньня Крамлёўскай улады. Няхай нават і ўсяго на кароткі час.
Патрабаваньні студэнтаў спачатку былі наступныя: свабодныя выбары, вывад савецкіх войскаў, свабода слова і аднаўленьне на пасадзе Імрэ Надзя, былога прэм'ер-міністра, які стаў сымбалем надзеі на больш гуманны сацыялізм.
Помнік Сталіну ў сталіцы быў зрынуты. На яго месцы ўзьнялі вугорскі сьцяг. Калі натоўп павялічваўся, іх мужнасьць расла. У другой палове дня да маршу далучыліся дзясяткі тысячаў звычайных вугорцаў. Яны прайшлі да статуі генэрала Юзэфа Бэма, польскага героя вугорскай рэвалюцыі 1848 года, і скандавалі лёзунгі за незалежнасьць і суверэнітэт. Вугоршчына, як змагалася за сваю свабоду ў ХІХ стагодзьдзі, была гатовая змагацца зноў.
Пратэстоўцы сабраліся перад будынкам Будапэшцкага радыё, патрабуючы, каб іх голас быў данесены да нацыі. Камуністычныя ўлады адмовіліся, і калі натоўп націснуў далей, ненавісная таемная паліцыя адкрыла агонь. Гэта быў момант, калі мірны пратэст саступіў месца рэвалюцыі. Была пралітая кроў. Цела забітага было абгорнутае ў нацыянальны сьцяг і стала сымбалем, за якім выйшлі тысячы і тысячы.
Людзі захапілі зброю, вызвалілі ваенныя склады, і неўзабаве звычайныя жыхары Будапэшту сталі ўзброенай сілай. Наступныя дні былі веліччу паўстаньня. Вугорцы ўзялі штурмам штаб-кватэру камуністычнай партыі, сымбаль савецкай тыраніі.
Працоўныя далучаліся да студэнтаў на вуліцах, і цэлыя гарады траплялі ў рукі рэвалюцыйных радаў, якія стыхійна ўзьнікалі на месцах, каб пераняць кантроль у камуністычнага ўрада, які развальваўся. Заводы, газэты і радыёстанцыі былі захоплены людзьмі, і ўпершыню за апошнія гады паветра напоўнілася надзеяй.
Кардынал – рэвалюцыянэр
Да моманту выбуху рэвалюцыі ў кастрычніку 1956 года кардынал Ёжэф Міндсэнці ўжо стаў легендарнай асобай змаганьня з тыраніяй і камунізмам. Пры фашысцкім рэжыме падчас Другой сусьветнай вайны Міндсэнці жорстка выступаў супраць нацысцкага перасьледу і калябарацыянісцкага ўрада Вугоршчыны.
Але менавіта яго супраціў камуністычнаму захопу ўлады пасьля 1945 года замацаваў яго месца ў гісторыі. Міндсэнці стаў адным з самых гучных крытыкаў. Ён публічна прызнаваў, што камуністычны рэжым уяўляе сабой не толькі палітычную акупацыю, але наўпроставы замах на душу краіны.
У 1948 годзе гэтае непадпарадкаваньне прывяло да арышту кардынала Міндсэнці. Ён быў абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе, шпіянажы і спробе зрынаньня ўрада. Міндсэнці жорстка катавалі і трымалі за кратамі. Калі пачалася рэвалюцыя 1956 года, Ёжэф Міндсэнці быў вызвалены з вязьніцы рэвалюцыянэрамі. У ім бачылі лідэра, чый маральны аўтарытэт мог кіраваць нацыяй у самыя цяжкія часы.
3 лістапада 1956 года, у адзін з самых драматычных момантаў рэвалюцыі, за некалькі гадзінаў да ўварваньня Чырвонай арміі, кардынал Міндсэнці зьвярнуўся да нацыі ў радыёэтэры. Ён заклікаў да нацыянальнага адзінства, і разам з гэтым клікаў усіх вугорцаў разам супрацьстаяць савецкім прыгнятальнікам.
Пасьля паўторнай акупацыі савецкімі танкамі кардынал адмовіўся пакідаць тэрыторыю сваёй краіны і напрацягу 15 гадоў знаходзіўся ў сталіцы ў межах амэрыканскай амбасады. Сёньня кардынал Ёжэф Міндсэнці – адзін з галоўных герояў Вугоршчыны, чыім імём названыя вуліцы і розныя ўстановы. А Ватыкан распачаў працэс яго беатэфікацыі (першая ступень сьвятасьці).
Імрэ Надзь
Імрэ Надзь, вернуты да ўлады, стаў тварам рэвалюцыі. Вугорцы патрабавалі правядзеньня свабодных выбараў, вываду савецкіх войскаў і выхаду Вугоршчыны з Варшаўскай дамовы. На кароткі момант гэта здавалася магчымым. 28 кастрычніка 1956 года Надзь абвесьціў аб спыненьні агню і паабяцаў выканаць многія патрабаваньні, у тым ліку вывесьці савецкія войскі. Яны сапраўды выйшлі з Будапэшту, і людзі паверылі, што перамога ў іх руках.
На жаль, гэта было толькі марай. Праз кароткі час Хрушчоў адправіў на здушэньне сваю Чырвоную армію, і рэвалюцыя была залітая крывёю. 4 лістапада 1956 года сацецкія танкі атакавалі Будапэшт і ўсю Вугоршчыну. Калі адбывалася разьня, Надзь і яго ўрад усё яшчэ мелі надзею, што міжнароднае ўмяшаньне можа выратаваць Вугоршчыну. Але дапамогі не прыйшло.
Вугорскі народ і яго ўрад былі пакінуты ў самоце супрацьстаяць акупантам.
Сам Імрэ Надзь неўзабаве быў арыштаваны, і праз два гады павешаны, як «здраднік народу».
Паводле тагачасных публікацыяў камуністычнай прапаганды, «Імрэ Надзь з аднадумцамі лічылі, што дзяржава народнай дэмакратыі зьяўляецца дзяржавай капіталістычнага кшталту, а нацыяналізаваныя прамысловыя прадпрыемствы не зьяўляюцца сацыялістычнымі, бо зьяўляюцца дзяржаўна-капіталістычным сэктарам. Такім чынам яны спрабавалі дамагчыся ліквідацыі дыктатуры пралетарыяту».
На працягу некалькіх месяцаў пасьля здушэньня рэвалюцыі плыня бежанцаў хлынула праз межы Вугоршчыны на Захад. Больш за 200 тысячаў вугорцаў пакінулі сваю радзіму. Ці не столькі ж беларусаў зьведалі тую ж долю ў 2020?