Дубавец: Фэйкам улады лічаць саму беларускую гісторыю, культуру і краіну, саму беларускую суб’ектнасць
Рэжым цэнзуруе літаратуру і перапісвае падручнікі па гісторыі, спрабуючы прадставіць рэальнасць такой, якая будзе зручнай Лукашэнку і яго расійскаму калегу. Але ці атрымаецца ў іх доўгатэрміновы эфект?
Ці можа быць выгаднай страта незалежнасці?
Калісьці мне задалі такое пытанне, і я задумаўся: а раптам нейкая выгада ёсць? Метафарычна гэта як з уласнай кватэры пераехаць да кагосьці на падсяленне. Уся магчымая выгада — грошы. Але грошы ратуюць на час, а незалежнасць страчваецца ў агляднай перспектыве назаўсёды.
Яшчэ з часоў перабудовы памятаю нярэдкую тады рыторыку: «На чорта мне ваша свабода? На хлеб не намажаш, і ўвогуле, што гэта такое?» — піша Сяргей Дубавец на «Свабодзе». — Інтэлігенты тлумачылі такія словы рабскай свядомасцю калгасных паднявольнікаў. А сёння? Што змянілася за мінулыя 30 гадоў?
Калі кіруе ўсіх жыццём чалавек са свядомасцю кіраўніка «нізавога звяна», ён проста не можа ўзняцца да вышынь разумення суб’ектнасці дзяржавы і нацыі. Бо якая там суб’ектнасць у калгаснікаў і ў самога калгаса? Мусіць быць начальства зверху, у Маскве, і начальства «на месцах» — ён. А паколькі ён захапіў уладу над дзяржавай і нацыяй, дык вымушаны трываць гэтую незалежнасць дэ-юрэ, усё болей страчваючы яе дэ-факта. Ён бачыць, як іншыя краіны і нацыі «носяцца» са сваёй незалежнасцю, значыць, яна чагосьці каштуе. А вось чаго і як гэта манетызаваць, ён не ведае.
І вось тут знаходзіцца адказ: можа быць тактычна выгадна пэўнаму правіцелю страціць незалежнасць краіны, каб захаваць сваю ўладу. Тыя, хто яго атачае, могуць разважаць падобным чынам. Але гэта ніколі не выгадна ані нацыі, ані краіне, для якіх суб’ектнасць — найвышэйшая форма існавання. Вяртаць страчаную незалежнасць неймавернымі намаганнямі давядзецца іншым. Такім, як Вацлаў Ластоўскі.
Свой погляд на саміх сябе
Вацлаў Ластоўскі ў 1910 годзе апублікаваў «Кароткую гісторыю Беларусі», дзе ўпершыню прадставіў нашу краіну і нацыю не як залежны ад кагосьці аб’ект, а як самастойны суб’ект. Гэта быў вертыкальны ўзлёт, які мяняў расійскі погляд на беларусаў (тых самых умоўных рабоў-калгасьнікаў) на ўласна беларускі погляд — на сябе як на народ, гістарычна і паводле ўсіх кандыцый варты ўласнай дзяржаўнасці і незалежнасці.
Адбылася такая пасадка саджанца, які імкліва пачаў расці, і ўжо прызнаныя мэтры гістарычнай навукі (як Мітрафан Доўнар-Запольскі) падхапілі канцэпт Ластоўскага. І далей цэлыя пакаленні беларускіх гісторыкаў множылі і множаць гэтую суб’ектнасць углыб і ўшыркі ўсе гэтыя больш за сто гадоў.
Былі, вядома, адхіленні ў розныя бакі, былі сталінскія рэпрэсіі, калі гістарычную школу ў Беларусі фізічна знішчылі (Ластоўскага расстралялі ў 1938-м), а кнігі забаранілі (!); былі паваенныя часы, калі беларуская гістарычная навука развівалася ў эміграцыі. Але ўжо ў 1960-я пачалі выходзіць і ў Беларусі навуковыя працы, а неўзабаве і энцыклапедычныя шматтамовікі, дзе ў аснове быў той самы канцэпт Ластоўскага — суб’ектнасць. Так і да цяперашняга дня — гісторыя адна (у сэнсе — адзіная) і не адна, бо побач, на тым самым корані, увесь гэты час уздымаліся дрэвы мовазнаўства, этнаграфіі, беларускай літаратуры, выяўленчага мастацтва, музыкі... Усё гэтае адзінства толькі мацавала беларускую суб’ектнасць. І цалкам арганічна працягвае гэта рабіць сёння (праўда, галоўным чынам па-за межамі Беларусі).
Гэта была чыстая творчасць. Дзіўна было б уяўляць сабе, што пачынальнікі рабілі сваю справу з мэтай камусьці нашкодзіць ці кагосьці пакрыўдзіць, як тое ўяўляецца Рэспубліканскай радзе. А пагатоў — што яны рабілі злачынства і цяпер «следчыя» іх выкрыюць і пасадзяць. Бо гаворка ідзе пра саму Беларусь, якая такім чынам прызнаецца «экстрэмісцкай».
Простая праўда палягае ў тым, што ў незалежнай дзяржавы ніякай іншай гісторыі быць не можа, як і ніякай іншай нацыянальнай ідэі, бо яна і ёсць наша гісторыя суб’екта. Мы можам дыскутаваць, высоўваць новыя тэорыі, дапаўняць усё знаходкамі і адкрыццямі, але мы ўжо ўскочылі на тую адзіную ноту, на якой гучым, умоўна кажучы, ад Вацлава Ластоўскага да Уладзіміра Арлова. Гэта гісторыя аб’екта мае шмат варыянтаў у розныя бакі, бо ні да чога не прывязаная і не мае пераемнасці. Якой вы гістарычнай палітыкі «изволите»?
Аб’ектыўна гісторыя з больш чым стогадовай пераемнасцю не можа быць «экстрэмісцкай», то-бок гвалтоўнай. Таму Рэспубліканская рада, называючы яе такой, сарамліва хавае свой уласны гвалт як адзіны спосаб утрымання пры ўладзе. Без суб’ектнай гісторыі ані дзяржава, ані ўлада не пачуваюцца ў поўнай меры легітымнымі. Гэтую ўладу, пачынаючы ад першай асобы па ўсёй вертыкалі, ніхто не выбіраў, таму яна не мае даверу ад народу і, адпаведна, не мае даверу да народу. Яна яго баіцца. Так на ўзроўні ўсёй краіны з тысячамі іншадумцаў у турмах, так і на ўзроўні Рэспубліканскай рады. Ператрусы цяпер уводзяцца ў норму не толькі ў кватэрах і офісах, але і ў кнігарнях ды бібліятэках.
Беларусь, прадстаўленая як фэйк
На згаданай нарадзе Дзмітрый Круты заявіў, што «пасля 2020 года спробы перапісаць гісторыю сталі яшчэ больш зацятымі з боку і беглай апазіцыі, і заходніх палітыкаў». Ён назваў задачай рады «аператыўнае рэагаванне на разнастайныя правакацыі, фэйкі».
Наконт фактычнай забароны канцэпта Ластоўскага (між іншым, не «беглага» і не заходняга палітыка) трэба разумець, што яго сіла і незаменнасць, тое, што злучае і сённяшніх гісторыкаў — гэта нацыянальныя інтарэсы беларускай нацыі і краіны. Таму «перапісаць» гэты канцэпт можна толькі ў нейкіх іншых інтарэсах, не беларускіх. А гэтага дакладна не адбываецца ў беларускіх навуковых асяродках. Што да «фэйкаў», дык сярод вялікага мноства вартых увагі гісторыкаў асабіста я не ведаю аніводнага, хто б «перапісваў гісторыю» ці ўвогуле апускаўся да «нізкіх жанраў». Тут кожны дбае пра сваю рэпутацыю. Калі ж меркаваць з адносінаў Рэспубліканскай рады да Ластоўскага, дык фэйкам яны лічаць саму беларускую гісторыю, культуру і краіну. То-бок саму беларускую суб’ектнасць. Па выніку яны прызнаюць фэйкам і беларускую Акадэмію навук, дзе праводзяць сваю нараду, і крэслы, якія займаюць.
Яны не дыскутуюць. Гэта іншы стыль нарады, дзе ставяцца задачы. З «ваенна-патрыятычным выхаваннем» уключна:
«Тая літаратура, якая ў нас прадстаўленая, павінна адпавядаць нашай дзяржаўнай гістарычнай палітыцы, калі мы гаворым пра гістарычную літаратуру. Да нас не павінна трапляць экстрэмісцкая літаратура», — выказаўся гісторык, а заадно дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вячаслаў Даніловіч.
І справа тут не столькі ў гістарычнай літаратуры, колькі ў агульным недаверы да чалавека, з аднаго боку, і ў абарончым рэфлексе таго, каго ніхто ва ўладу не выбіраў. Ён б’е і бароніцца адначасова. Бо людзі на гэтай нарадзе — спрэс прызначэнцы, вока іх ад погляду на іншага не пацяплее.
Так заўсёды бывае — пры дыктатуры чалавек пазбаўляецца прыватнасці. У яго ўвесь час правяраюць тэлефон, бяруць з горла мазок на ДНК, без дазволу ператрушваюць яго спальню... Усяляк даюць зразумець, што ён ніхто. Пры гэтым першае лагічнае пытаньне — навошта? — не мае адказу. Што б нам адказаў Даніловіч — навошта яму ўзмацняць той кантроль?.. Ды як бы і няма... гістарычнай прычыны.
А што такое «экстрэмісцкая літаратура»? Падручнік па выбухоўцы, наркотыках і нянавісці? Але прычым тут гісторыя? Кожная кніга робіцца ў выдавецтве, праходзіць рэдактуру, рэцэнзэнтаў, калі трэба, абмяркоўваецца, дыскутуецца. Ёсць, вядома, усялякія расійскія шавіністычныя кніжкі, але прычым тут наша гісторыя?
Застаецца зразумець, у чым заключаецца «дзяржаўная гістарычная палітыка» і ці гэта не такое самае пустаслоўе з інтэрпрэтацыяй «што дышла», як і «экстрэмізм»? Насамрэч не. Калі пад «экстрэмізмам» сарамліва хаваюць простае жаданне пасадзіць няўгоднага, а відавочных прычын для гэтага няма, дык пад палітыкай не менш, а то й больш сарамліва імкнуцца прыкрыць... тую самую страту беларускай суб’ектнасці на карысьць (каторы ўжо раз!) суседняй імперыі.
Агульны падручнік гісторыі
Напісаць агульны беларуска-расійскі падручнік гісторыі можна, і, калі кіравацца аб’ектыўнымі фактамі і беларускімі нацыянальнымі інтарэсамі, гэта будзе гісторыя агрэсіі і войн Масковіі супраць нашых продкаў — ад сярэднявечных да сучасных газавых і малочных, а таксама гісторыя русіфікацыі. Бо ў экзістэнцыйным плане Расія нам не дала нічога — наадварот, адбірала, у тым ліку і жыццё. Уся праблема ў тым, што такі падручнік не будзе адпавядаць і расійскім інтарэсам. Занадта розныя ў нас гісторыя і гістарычныя шляхі. Трэба выбіраць, ці з іх інтарэсаў пісаць, ці з нашых.
Людзі з Рэспубліканскай рады выбралі расійскія інтарэсы і шлях сцірання беларускай самабытнасці і ідэнтычнасці. Навошта? Бо, фігуральна кажучы, рэжым цалкам сядзіць на расійскай нафтагазавай трубе, якая, выглядае, нашмат даражэйшая за нейкія там «сантымэнты». Гэткая гісторыя і ўся дзяржаўная гістарычная палітыка — чыстая прагматыка. Грошы. Атрымліваецца, што цэлую беларускую гісторыю ўлада замяняе ўдзячнасцю пастаўшчыкам. Такі сабе рэверанс. Рэверанс на час.