«У Беларусі людзі, адданыя народу, нацыянальным каштоўнасцям, былі заўсёды. У самыя змрочныя часы»

Што такое «незалежнасць» для беларусаў і ці сапраўды яна на нас «проста звалілася» ў 1991-м? 

Камуністы пад Домам урада ў 2018 годзе. Фота «НЧ»

Камуністы пад Домам урада ў 2018 годзе. Фота «НЧ»

— Прачытаў на сайце расійскай «Свободы» матэрыял пра 30 гадоў праўлення Лукашэнкі, у прыватнасці, каментары дарадцы Святланы Ціханоўскай Аляксандра Дабравольскага і палітаглядальніка Валерыя Карбалевіча, — піша Сяргей Навумчык у сваім ТГ-канале. — Цікавыя развагі, шмат з чым пагаджуся, але ёсць некалькі момантаў, з якімі катэгарычна не згодны.

Так, Аляксандр Дабравольскі, маючы на ўвазе 1994 год, кажа, што «пророссийская риторика была в предвыборной программе Лукашенко уже тогда». Насамрэч, супраць незалежнасці Лукашэнка выступаў задоўга да выбараў — фактычна, заўсёды (пачаць з таго, што ён публічна адмовіўся галасаваць за яе 25 жніўня 1991 года).

Валерый Карбалевіч заўважае, што «это (прарасійскасць.С.Н.) описывает общие тренды белорусской политики того времени».

Тое, што ў 1994-м, праз два з паловай гады, значная частка насельніцтва (магчыма, і большая частка) не ўспрымала незалежнасць як каштоўнасць — пагаджуся (таму, паўтару, глабальнай памылкай было ўвядзенне прэзідэнцтва — на той час асноўная маса жыла савецкімі стэрэатыпамі і галасавала за падобнага кандыдата).

Але, кажучы пра трэнды, шаноўны Валерый абыходзіць той факт, што вядучая апазіцыйная сіла — БНФ — выступала якраз з супрацьлеглай пазіцыяй, з пазіцыі незалежнасці ад Масквы (і, між іншым, пераконвала не прымаць прэзідэнтцва). І гэтая пазіцыя была засведчаная і ў заканадаўчых прапановах (некаторыя з іх, як праект Дэкларацыі аб сувэрэнітэце і дакумента аб абвяшчэнні незалежнасці, хай і з карэкціроўкамі, але былі прынятыя), і ў палітычных ды эканамічных праграмах (за 1990-1994 гады эканамічных праграм у БНФ было чатыры), і ў выступах дэпутатаў БНФ на сесіях парламэнта, і ў палітычных заявах Сойма БНФ і Апазіцыі БНФ у ВС-12. Усё гэта было зафіксавана афіцыйна, публікавалася, абмяркоўвалася — і на сесіях парламэнта, і ў прэсе.

Нарэшце, Валерый Карбалевіч кажа: «Независимость Беларуси случилась неожиданно. Её, по большому счету, не хотела ни элита белорусская, ни даже белорусское общество в своём большинстве. Это случилось в ходе исторических процессов, Советский Союз распался — и Беларусь была вытолкнута в независимость. Поэтому белорусская элита чувствовала некий дискомфорт, ей хотелось прислониться к чему-то большому, попасть под какой-то зонтик или крышу. Поэтому идея интеграции витала в воздухе».

Тое, што «на беларусаў незалежнасць звалілася з неба», мне даводзілася чытаць сотні разоў, тут нічога новага. А вось пра эліту падобнае, здаецца, чытаю ўпершыню (магчыма, нешта раней і пісалася, але прапусціў).

Дык няўжо і сапраўды беларуская эліта не жадала незалежнасці?


Глядзіце таксама

Хаця ва ўсім свеце дэпутаты парламента лічацца часткай палітычнай эліты, выведзем за дужкі трыццаць дэпутатаў Апазіцыі БНФ на чале з Зянонам Пазняком, якія ставілі дасягненне незалежнасці галоўнай палітычнай мэтай.

Давайце я пералічу тых дзеячаў культуры і навукі, якія ўваходзілі ў склад кіраўніцтва Народнага Фронта — Сойма БНФ, альбо ценевага Кабінета Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце:

Такім чынам: пісьменнікі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Артур Вольскі, Уладзімір Арлоў, Васіль Сёмуха (аўтар перакладу на беларускую мову Бібліі і «Фаўста» Гётэ), мастакі Алесь Марачкін і Яўген Кулік, віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук, акадэмік Радзім Гарэцкі, член-карэспандэнт АН Іван Нікітчанка, доктар філасофскіх навук (як цяпер ясна, самы буйны беларускі філосаф ХХ стагоддзя) Мікалай Крукоўскі.

А вось імёны тых, хто ў БНФ не ўваходзіў, але падтрымліваў ідэю незалежнасці і як дэпутат ВС галасаваў за яе: паэты Ніл Гілевіч і Анатоль Вярцінскі, акадэмік Яўген Канапля, член-карэспандэнт АН Генадзь Карпенка.

Калі пісьменнік, чые творы былі перакладзены больш як на 50 моў свету (Быкаў) і навуковец, абраны не толькі ў нацыянальную, але і замежныя акадэміі навук (Гарэцкі), не эліта — ну, тады я не ведаю, што такое «эліта» і хто да яе належыць.

Не здзіўлюся, калі наступным разам прачытаю, што ў беларусаў увогуле ніякай эліты не было, няма, ды і быць не можа. Сказаў жа адзін былы дырэктар саўгаса, што «на беларускай мове немагчыма выказаць складаную думку».

Нават калі б незалежнасці жадалі толькі гэтыя паўтара дзясяткі названых — гэтага было б ужо дастаткова, каб не сцвярджаць, што эліта незалежнасці не жадала.

Калі ж мы пашырым вугал агляду, убачым сотні тых, хто змагаўся за незалежнасць яшчэ з 40-50 гадоў ХХ стагоддзя і, як сябры «Саюза беларускіх патрыётаў» Васіль Мядзелец ды Антон Фурс, быў прысуджаны да смяротнага пакарання, ці Алеся Умпіровіч (Фурс) — да 25 гадоў пазбаўлення волі. Іх біяграфіі ёсць у кнізе Уладзіміра Арлова «Імёны Свабоды», якая вытрымала некалькі выданняў. Вельмі раю для чытання. Для кожнага беларуса гэта мусіць быць настольнай кнігай.

Але існуе яшчэ адна істотная акалічнасць: імкненне да незалежнасці было ўласціва не толькі інтэлігенцыі. Пагартайце газеты, што выходзілі падчас легендарнага красавіцкага страйку 1991 года, калі на плошчы перад Домам урада сабраліся калі 100 тысяч рабочых, а ў Оршы рабочыя селі на рэйкі і перакрылі чыгуначны рух.


Глядзіце таксама

Пагартайце — і вы даведаецеся (магчыма, з вялікім здзіўленнем), што ў шэрагу асноўных патрабаванняў страйкама, нароўні са зніжэннем цэн, было і наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы (г.зн., незалежнасці як мінімум дэ-юрэ). Гэта акурат тое, чаго дамагалася Апазіцыя БНФ падчас прыняцця дэкларацыі, з чэрвеня 90-га. І тут ужо трэба казаць не пра эліту. Тут варта ўжываць іншае слова — народ.

У мяне захоўваецца калектыўны ліст (травень 1991-га), які мне перадалі генеральныя дырэктары пяці найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў Віцебска ( у тым ліку «Маналіта», станкабудаўнічых заводаў «Камінтэрн» і імя Кірава), у якім яны (не паэты, не мастакі, не тэатральныя дзеячы, не філосафы — самыя што ні ёсць «крепкие хозяйственники», «крепче» ужо быць не магло) — патрабуюць ад Вярхоўнага Савета абвясціць незалежнасць Беларусі (пішу пра гэты ліст у кнізе «Дзевяноста першы»).

Так, можна сказаць, што 100 000 рабочых на плошчы ў красавіку 1991-га — гэта яшчэ не ўвесь «рабочы клас». Што дырэктарат — гэта яшчэ не ўсе работнікі прамысловасці. Што 30 дэпутатаў БНФ, якія ў жніўні 1991-га вынеслі на сесію ВС пакет дакументаў аб незалежнасці — гэта не ўвесь дэпутацкі корпус (нават не 1/10 частка). І што некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, якія ў дні Сесіі Незалежнасці збіраліся каля Дому ўрада — гэта нават не 1% ад жыхароў Мінска.

На гэта я адкажу, што ў Празе, дзе я пішу гэтыя радкі, у 1989 годзе ў дні Аксамітнай рэвалюцыі на Вацлаўскае намесце выйшлі 150-200 тысяч чалавек, што было крыху болей за 1 (адзін) % насельніцтва тагачаснай Чэхаславаччыны. Большая частка чакала, чым гэта скончыцца, ці глядзела хакей, абмяркоўваючы першае і другое пад піва. Але ні ў кога язык не павернецца сказаць, што чэхі і славакі не жадалі змен і не змагаліся за іх.


Глядзіце таксама

Лёс будучыні часта вызначае актыўны авангард, часам — некалькі дзясяткаў тысяч, а здараецца — што і ўвогуле некалькі дзясяткаў чалавек.

У Беларусі людзі, адданыя народу, нацыянальным каштоўнасцям, былі заўсёды. У самыя змрочныя часы. Вось як сёння — і найперш прыгадаем тых, хто ў вязніцах за сваю нязгоду з прамаскоўскім рэжымам.

І калі мы механічна, не задумваючыся, паўтараем не ведаю кім прыдуманыя тэзы пра «незалежнасць звалілася з неба» ці «нават эліта не жадала незалежнасці» — мы тым самым праводзім аналогію з якой-небудзь Тульскай ці Кастрамской губерніямі РФ, дзе ў 1991-м і раней дакладна мясцовая эліта незалежнасці ад Масквы не жадала (адрозна ад Татарстана, дзе якраз жадалі незалежнасці, ці Чачні, дзе змагаліся і гінулі за яе).

І замацоўваем у свядомасці нашых суседзяў (найперш з усходу, але і на захадзе таксама) меркаванне, што беларускі народ заўсёды хацеў быць пад Масквой, а абвяшчэнне незалежнасці — гэта так, казус гісторыі; адпаведна, і Беларусь як дзяржава — штучнае ўтварэнне.

Здаецца, гэтыя словы — «штучнае ўтварэнне» — ужываў Пуцін, калі спрабаваў абгрунтаваць напад на Украіну.