У гэты дзень 96 гадоў таму былі падпісаныя Рыжскія пагадненні

У выніку Беларусь і Украіна страцілі вялікую частку сваіх тэрыторый.

Падпісаньне Рыжскіх пагадненььяў, commons.wikimedia.org/Adam Szelągowski, Wiek XX, Warszawa 1938, Domena publiczna,

Падпісаньне Рыжскіх пагадненььяў, commons.wikimedia.org/Adam Szelągowski, Wiek XX, Warszawa 1938, Domena publiczna,


Пасля паразы бальшавіцкіх войскаў пад Варшавай Польшча перайшла ў наступленне, і вельмі хутка яе войскі змусілі бальшавікоў адступіць з тэрыторыяў Заходняй Беларусі і Украіны, узгадвае Польскае радыё. У кастрычніку 1920 году палякі занялі Менск. Урад бальшавікоў быў вымушаны пайсці на мірныя перамовы, бо рэсурсаў для вядзення інтэнсіўных баявых дзеянняў з Польшчай проста не было
.З аднаго боку савецкі ўрад прызнаваў факт адыходу вялікай часткі тэрыторыяў Беларусі і Украіны да Польшчы, з іншага — Польшча павінна была прызнаць дзяржаўнасць БССР і УССР. Тэрыторыі гэтых рэспублік былі ў вялікай ступені адрэзаныя Польшчай і савецкай Расіяй. Савецкі ўрад таксама пагаджаўся выплаціць рэпарацыі — 18 мільёнаў залатых рублёў.
Беларуская дэлегацыя на перамовы не была запрошаная, а інтарэсы Беларусі «адстойваў» расейскі бок. Беларусь разглядалася хутчэй як карта для дыпламатычных гульняў, а не як нейкі самастойны суб’ект знешняй палітыкі. Нават копіі Рыжскіх пагадненняў былі складзеныя толькі на трох мовах: польскай, украінскай і расейскай.
У выніку Рыжскіх пагадненняў Польшча павялічыла тэрыторыю на 110 тыс. кв. кіламетраў з насельніцтвам у 4,5 мільёнаў чалавек.
Абодва бакі былі незадаволены дамоўленасцямі.
Пілсудскі лічыў гэты дагавор здрадай з боку сваіх саюзнікаў, асабліва ва Украіне. Ягонай мэтай быў максімальны захоп зямель, якія калісьці ўваходзілі ў Рэч Паспалітую, і стварэнне канфедэрацыі народаў. Аднак прадстаўнікі польскага нацыянальнага руху лічылі, што трэба паланізаваць тэрыторыі, якія адышлі да Польшчы, і стварыць адзіную нацыянальную дзяржаву.
Бальшавікі лічылі, што дамоўленасць носіць часовы характар і пры наяўнасці добрых умоваў Расея возьме рэванш.
Такі гвалтоўны падзел Беларусі асудзілі прадстаўнікі ўсіх беларускіх палітычных рухаў: кіраўніцтва БНР, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, дзеячы Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі БССР (Якуб Колас і Янка Купала).