Мяняю ваша каханне на жыццё гэтых дурных «палякаў»
Мураўёў глядзеў на дзяўчыну з ухмылкай і рабіў выгляд, што слухае. Аднак пасля таго, як Соф’я скончыла, губернатар падышоў да яе і ціха сказаў: «У вас, спадарыня, ёсць адна магчымасць выратаваць сваіх блізкіх. Я мяняю ваша каханне на жыццё гэтых дурных «палякаў».
![14_5_paustancy_k_kalinouskaha.jpg 14_5_paustancy_k_kalinouskaha.jpg](/img/v1/news/full/14_5_paustancy_k_kalinouskaha.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Паўстанцы Каліноўскага
Здаецца, гісторыя паўстання Кастуся Каліноўскага
даследавана даволі глыбока і ўсебакова. Аднак людская памяць захоўвае
яшчэ шмат цікавых і да сённяшняга дня невядомых гістарычных
сюжэтаў.
Адзін з іх звязаны з гісторыяй шляхецкага роду Плюта з Гродзенскай губерні. Яго прадстаўнікі былі сапраўднымі патрыётамі. Яны аднымі з першых падтрымалі паўстанне Кастуся
Каліноўскага і, стварыўшы атрад, мужна змагаліся супраць царскіх акупантаў.
![14_3_sof_ja_pljuto_z_muzham_u_pecjarburze_logo.jpg 14_3_sof_ja_pljuto_z_muzham_u_pecjarburze_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/2013_4/14_3_sof_ja_pljuto_z_muzham_u_pecjarburze_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Соф’я Плюта з мужам у
Пецярбурзе
Нагадаю, галоўнай мэтай паўстанцаў было адраджэнне незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. У 1862 годзе ў Вільні быў арганізаваны Літоўскі правінцыяльны
камітэт (ЛПК), які і пачаў рыхтаваць узброенае выступленне. На пачатку лютага 1863 года ЛПК звярнуўся да насельніцтва літоўска-беларускага краю з просьбай падтрымаць паўстанне. Адным з
першых гэты народны ўздым падтрымаў багаты шляхціц з Гродзенскай губерні Станіслаў Плюта.
У Беластоку ён сфарміраваў атрад са сваіх сялян і мясцовай шляхты і ўдзельнічаў у некалькіх паспяховых аперацыях супраць царскіх войскаў. Трэба таксама адзначыць, што разам з бацькам ваяваў і
сын Плюты — Кастусь. Пад Сямятычамі паўстанцкі аддзел Плюты разам з іншымі паўстанцкімі часткамі супрацьстаяў 7 ротам царскіх войскаў з 4 гарматамі. Тады паўстанцы прымусілі рускія войскі
адступіць, пры гэтым ім удалося захапіць некалькі гармат і іншыя трафеі.
Паўстанцкі аддзел пад камандаваннем Станіслава Плюты ўдзельнічаў і ў іншых сутыкненнях з царскімі войскамі. У адным з баёў атрад быў атакаваны казакамі і амаль увесь загінуў. Рускія захапілі ў
палон параненага шляхціца і яго сына. Абодва апынуліся ў Гродзенскай турме. У той час у гэты астрог трапіла шмат знакамітых ураджэнцаў беларускай зямлі. За кратамі ў Гродна
знаходзіўся Напалеон Орда, якога арыштавалі па абвінавачанні, што ён удзельнічаў у антыўрадавых выступленнях і падтрымліваў «польскіх злачынцаў». Акрамя гэтага ў
Гродзенскім астрозе тады апынуўся і муж Элізы Ажэшкі Пётр, якога абвінавацілі ў дапамозе аднаму з кіраўнікоў паўстання ў гістарычнай Літве Рамуальду
Траўгуту.
Пра тое, што бацька і сын Плюты трапілі ў рускую вязніцу хутка даведаліся іх блізкія. Малодшая дачка Станіслава Соф’я вырашыла пайсці на беспрэцэдэнтны крок. Яна
накіравалася ў Вільню, каб сустрэцца з генерал-губернатарам Міхаілам Мураўёвым і папрасіць таго аб памілаванні для бацькі і брата.
І дзяўчыне ўдалося трапіць на аўдыенцыю да «Вешальніка». Яна расказала губернатару пра тое, як любіць бацьку і брата, спрабавала растлумачыць, чаму тыя
выступілі супраць Расіі.
![14_1_m_ha_l_mura_jo_veshal_n_k_logo.jpg 14_1_m_ha_l_mura_jo_veshal_n_k_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/2013_4/14_1_m_ha_l_mura_jo_veshal_n_k_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Міхаіл
Мураўёў-вешальнік
Мураўёў глядзеў на дзяўчыну з ухмылкай і рабіў выгляд, што слухае. Аднак пасля таго, як Соф’я скончыла, губернатар падышоў да яе і ціха сказаў: «У вас,
спадарыня, ёсць адна магчымасць выратаваць сваіх блізкіх. Я мяняю ваша каханне на жыццё гэтых дурных «палякаў».
Соф’я глядзела на «Вешальніка» як на ўвасабленне д’ябла. Яна моўчкі павярнулася і пайшла да дзвярэй. Па сямейных паданнях, Мураўёў прамовіў ёй услед:
«Зараз вы падпісалі сваім блізкім смяротны прысуд». Жанчына потым усё жыццё будзе ўспамінаць тыя словы, сказаныя крывавым катам паўстання. Мураўёў паклаў перад дзяўчынай на вагі яе
гонар і жыццё самых блізкіх для яе людзей. І яна выбрала першае. Праз некалькі дзён гродзенскі шляхціц, удзельнік паўстання Кастуся Каліноўскага, Станіслаў Плюта быў павешаны.
![14_2_sof_ja_pljuto_1866_g__logo.jpg 14_2_sof_ja_pljuto_1866_g__logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/2013_4/14_2_sof_ja_pljuto_1866_g__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Соф'я Плюто, 1866 г.
Аднак брату Соф’і Кастусю, калі так можна казаць, пашчасціла. Яго прысудзілі да высылкі ў глыбінныя губерні Расійскай імперыі. Шматлікія даследчыкі, аднак, лічаць, што
гэтае «выратаванне» на самой справе было жудаснай карай для асуджаных. У судовых дакументах, якія маюць дачыненне да пакарання паўстанцаў Каліноўскага, досыць часта фігуруе
фармулёўка «выслаць у аддаленыя губерні». Паводле афіцыйных звестак расійскіх уладаў, пасля падаўлення паўстання па прысудах ваенных судоў было выслана на катаржныя работы з
пазбаўленнем правоў стану і канфіскацыяй маёмасці 972 чалавекі, 345 чалавек было адпраўлена на вайсковую службу шараговымі салдатамі, 864 — адпраўленыя ў арыштанцкія роты, 4096
(каля 800 сямей) — высланыя «на водворение на казённых землях внутри империи», нарэшце паводле пастаноў судоў 7531 чалавек быў высланы на жыхарства ва ўнутраныя губерні
імперыі. Апроч таго, з месцаў свайго жыхарства былі выселеныя 629 сямей засцянковай шляхты. Такім чынам, агульная колькасць высланых з родных мясцінаў паўстанцаў сягала прыблізна 10 тыс. чалавек.
Сярод іх большасць (57%) складалі жыхары Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі.
Беларускі даследчык Сяргей Токць адзначае, што высылку з родных мясцінаў у аддаленыя губерні як сродак пакарання паўстанцаў і іх прыхільнікаў улады сталі выкарыстоўваць ужо
вясной 1863 года. Напрыклад, з Гродзенскай губерні ад пачатку паўстання да жніўня 1863 года былі высланыя 116 чалавек. У большасці сваёй гэта былі асобы, якія лічыліся
«нядобранадзейнымі». Праўда, з іх ліку ў Сібір трапілі нямногія, паколькі большая частка высылалася ў цэнтральныя губерні імперыі і на Урал.
![14_4_mura_jo_naz_rae_jak_veshajuc_pa_stanca_.jpg 14_4_mura_jo_naz_rae_jak_veshajuc_pa_stanca_.jpg](/img/v1/userfiles/images/2013_4/14_4_mura_jo_naz_rae_jak_veshajuc_pa_stanca_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мураўёў назірае як вешаюць паўстанца
Летам 1863 года ўлады ўпершыню выкарысталі такі спосаб барацьбы з паўстанцамі як высылка жыхароў цэлага паселішча разам з жанчынамі і дзецьмі. Па прапанове Міхаіла
Мураўёва-«Вешальніка» ад 24 ліпеня 1863 года былі высланы «на водворение» жыхары шляхецкай ваколіцы Шчукі ў Гродзенскім павеце. 30 верасня 1863 года гарадзенскі
губернатар атрымаў загад ад віленскага генерал-губернатара Мураўёва «аб неадкладным высяленні жыхароў ваколіцы Лукавіца». У дакуменце, у прыватнасці, прапаноўвалася
выслаць 37 сямей (каля 120 чалавек) разам з малымі і старымі ў Самарскую, Кастрамскую і Астраханскую губерні.
Сын гродзенскага паўстанца Кастусь Плюта быў сасланы у Томскую губерню, вёску Марыінск. Варта падкрэсліць, што да сярэдзіны 1867 года ў розныя куткі Томскай губерні было выслана
каля 5 тысяч паўстанцаў з тэрыторый былой Рэчы Паспалітай. Такая высылка шляхты Беларусі, Польшчы і Літвы рабілася дзеля паступовай «дэградацыі» гэтага саслоўя, таму што былых
паўстанцаў залічвалі ў катэгорыю «государевых крестьян». У архіўных дакументах 1868 года, у прыватнасці, пазначалася, што Кастусь Плюта, шляхціц Гродзенскай губерні, 26 гадоў, не
жанаты, сасланы без захавання маёмасных правоў. На радзіму Кастусь вярнуўся толькі напрыканцы жыцця.
Соф’я Плюта праз два гады пасля паўстання з’ехала ў Пецярбург і там выйшла замуж за шляхціца Андрэя Меера. Пазней сям’я
вярнулася ў Паўночна-Заходні край Расійскай імперыі. Па ўспамінах родных Соф’я Станіславаўна часта ўзгадвала сустрэчу з Мураўёвым-вешальнікам і дакарала сябе за тое, што не ўратавала брата і
бацьку.
Памяць пра гэтых людзей, сапраўдных змагароў за незалежнасць Рэчы Паспалітай і гістарычнай Літвы, жыве і сёння. Тыя, хто падтрымаў Кастуся Каліноўскага ў 1863 годзе, былі сапраўднымі патрыётамі,
і іх жыццё ўпісана залатымі літарамі ў летапіс гісторыі Беларусі.