Бай-бай, Вудзі! Што чакае беларускі хакей пасля сыходу Крэйга Вудкрафта?

Якую спадчыну пакінуў канадскі трэнер і што будзе з легіянерам беларускага спорту ХК «Дынама», разбіралася «Тр*буна».

Крэйг Вудкрафт. Фота: ХК «Дынама-Мінск»

Крэйг Вудкрафт. Фота: ХК «Дынама-Мінск»


Крэйг Вудкрафт афіцыйна звольніўся з «Дынама» і зборнай. Вудзі трэніраваў клуб пяць сезонаў з тых 15, што клуб правёў у КХЛ. Гэта цэлая эпоха, піша «Тр*буна». І каб яе ацаніць, давайце паглядзім на Вудкрафта з усіх бакоў — як на чалавека, трэнера і ўдзельніка рэпрэсій.

Ён адпрацаваў пяць поўных сезонаў — ніхто іншы не змог працягнуць больш за два. Вудкрафт выводзіў «зуброў» у плэй-оф 4 разы. Адзін плэй-оф быў у Любаміра Покавіча (2014/15) і два — у Марэка Сікоры (2010/11, 2011/12). Але Сікора і Покавіч існавалі ў іншай рэальнасці. Бюджэт «Дынама» ў тыя гады быў значна большым: на пачатку 2010-х ён складаў каля 20-22 млн. долараў, у 2014/15 — 19 млн. долараў.

Гэта былі часы, калі «Дынама» магло лёгка набыць вядучую тройку лідараў іншага клуба, напрыклад, звяно Спірыдонаў — Глазачаў — Штумпел з «Барыса». Пасярод сезона ў зімовую паўзу клуб мог паехаць на зборы ў Дубай — кажуць, што разам з хакеістамі на збор маглі ўзяць нават іх жонак. У Вудкрафта (за выключэннем 2016/17) такіх фінансавых магчымасцей не было. Бюджэт «Дынама» пры канадцу складаў каля 10 млн. долараў, а заробкі былі на ўзроўні КХЛаўскай «падлогі».


Вудкрафт выводзіў «Дынама» ў плэй-оф у тыя часы, калі ўзровень КХЛ моцна прасеў, а канкурэнцыя стала ніжэйшай

Гэта факт — за выключэннем сезона 2016/17. Тры сезоны, у якія Вудкрафт выводзіў «Дынама» ў плэй-оф, ён працаваў у лізе, узровень якой моцна прасеў. 

Калі коратка, то асноўныя прычыны такія:

1) у КХЛ пачала ўстанаўлівацца даволі нізкая столь заробкаў;

2) праз гэта топы КХЛ былі вымушаны развітвацца з часткай топавых гульцоў;

3) напад Расіі на Украіну прывёў да адтоку не толькі некаторых топавых гульцоў з іншых клубаў, але і да сыходу моцнага суперніка «Дынама» па канферэнцыі — «Ёкерыта».

Гэтыя фактары станоўча паўплывалі на каманды ніжэйшай паловы табліцы, а больш за ўсіх бонусаў ад гэтага атрымала менавіта мінскае «Дынама».

Што яшчэ важна ведаць пра Вудкрафта? Ён ахвотна здымаўся з Лукашэнкам, удзельнічаў у рэпрэсіях і шмат чаго гаварыў за спінай

Калі шчыра, то Вудкрафт не самы прыемны чалавек. У клубе ён быў бог і цар, яго капрызы цярпелі і выконвалі ўсе, нават Баскаў. Пры гэтым Крэйг Вудкрафт, хаця і меў такі статус, сябе вінаватым ні ў чым прызнаць не мог. Вінаватымі ў паражэнні былі ўсе навокал, але толькі не ён. Адказнасць перакладвалася альбо на беларускіх хакеістаў — бо яны нібыта занадта слабыя і нічога не ўмеюць, альбо на легіянераў — бо ім плацяць вялікія грошы, а яны іх не адпрацоўваюць.

Яшчэ адзін тыповы момант — яго паводзіны з прэсай. Пры размове з журналістамі Крэйг усміхаўся, быў ветлівым і проста коцікам. Але за спінай пра гэтага ж журналіста мог сказаць што заўгодна. І ёсць такое адчуванне, што так ён паводзіў сябе з усімі.

Крэйгу ўвогуле нішто не замінала напісаць ці патэліць у тры гадзіны ночы з пытаннем: «Што гэты ##### [дрэнны чалавек] сабе дазваляе? Чаму ён дрэнна выказваецца пра вынікі «Дынама»? Ён што, не разумее, што ў серыі з 12 паражэнняў вінаваты не я?» Вудкрафт пастаянна расказваў, як прэс-служба павінна працаваць з прэсай, а на любыя заўвагі пачынаў гаварыць, што гэта непрафесійна. Бо ён добра разумее: ад таго, што піша прэса, залежыць наяўнасць працы ў яго. Так, ён вельмі любіў перакладаць артыкулы пра яго, а пасля выносіць мозг прэс-службе.

Быў у працы аднойчы момант, калі Крэйг — чалавек з заробкам 25 тысяч долараў у месяц — даведаўся пра заробкі прэс-службы. Ён вельмі здзівіўся, пачухаў патыліцу, перапытаўся і зноў здзівіўся. Пасля гэтага ён не выносіў мозг прыкладна 2 гадзіны — гэта быў рэкорд.

Таксама Вудкрафт любіць пра штосьці дамаўляцца, а пасля гаварыць, што «ні пра што мы з табой не дамаўляліся». Гэта тычылася любых інтэрв’ю, актыўнасцей з партнёрамі, сустрэч з заўзятарамі і чаго заўгодна ўвогуле.

Хакеісты трэнера не асабліва любілі. Ды што там хакеісты, калі нават калегі па трэнерскім штабе адгукаліся пра яго дрэнна — бо яго замашкі натуральна раздражнялі ўсіх. Думаю, любы трэнер, адміністратар, масажыст, хакеіст можа расказаць пра яго шмат непрыемнага.

Ну і яшчэ адзін важны момант. Крэйг Вудкрафт ігнараваў і фальсіфікацыі на выбарах, і рэпрэсіі, і вайну. У рэпрэсіях ён нават удзельнічаў: калі ў сезоне 2020/2021 у клубе збіралі подпісы ў падтрымку Лукашэнкі, ён, Мезін і Перапехін па адным выклікалі ў кабінет хакеістаў і прымушалі падпісваць гэтую брыдоту. Пры адсутнасці подпісу абяцалі, што чалавек не будзе больш гуляць у хакей. Мала хто змог адмовіцца. Адзін з такіх гульцоў — малады на той момант брамнік Мікіта Талапіла. Два тыдні таму стала вядома, што ён падпісаў кантракт з клубам НХЛ.


Вудкрафту ў прынцыпе нішто не замінала рабіць фота з Лукашэнкам, падхалімнічаць перад тыранам і ўсяляк яго хваліць. Не такога чакаеш ад чалавека, які нарадзіўся і вырас у цалкам свабоднай краіне, так?

Карацей, дакладна немагчыма сказаць, што Крэйг Вудкрафт — прыемны чалавек.

Дык ён геній ці шарлатан?

Калі на хвілінку адкінуць у бок пытанні да яго як да асобы, атрымаецца, што канадзец — добры трэнер, які зрабіў «Дынама» пастаянным удзельнікам плэй-оф. Крэйг Вудкрафт не геній і не шарлатан, ён проста прафесіянал.

Вудкрафт даволі сучасны трэнер, які, дарэчы, працаваў у зборнай Канады. Важна і тое, што ён мае прамы канал сувязі з НХЛ. Напрыклад, яго брат Тод — скаўт, які за апошнія 20 гадоў працаваў у пяці клубах НХЛ, зборнай Швейцарыі, Швецыі і, дарэчы, Беларусі. А іншы брат Крэйга — Джэй Вудкрафт  цяпер узначальвае клуб НХЛ «Эдмантан Ойлерз». Відавочна, што браты стасуюцца паміж сабой і многія методыкі Крэйг пераносіў у «Дынама». Гэта не ўсе ацэньваюць, а некаторыя рэчы ў нашым хакеі асэнсоўваюць толькі праз нейкі час. Напрыклад, гісторыя з сыходам Бэйлена — гэта гісторыя пра тое, як Вудкрафт зрабіў асобную распранальню для траўміраваных, што злавала гульцоў і асабліва Бэйлена, які ў выніку прапанаваў Вудкрафту go fuck yourself. Але ж менавіта ў НХЛ і робяць асобныя распранальні для траўмаваных — і гэту практыку Вудзі перанёс адтуль.

Некаторыя трансферы «Дынама» праходзяць не праз агентаў, а праз Вудкрафта. Ён асабіста курыруе ключавыя трансферы. Хутчэй за ўсё, пераход у склад «зуброў» пераможцы Кубка Стэнлі Седрыка Пакета (424 матчы ў НХЛ) і Марка Барберыа (281 матч у НХЛ) адбыўся дзякуючы братам Вудкрафтам.

Вудкрафт трымаў стабільнасць, хаця кожны сезон ён быў вымушаны знаходзіць новых лідараў замест тых, хто сышоў на павышэнне. Там, дзе ў Вудкрафта была магчымасць, ён даваў добры вынік. Там, дзе не было, ён трымаў стабільнасць. Крэйг не зрабіў цуду, на які, напэўна, спадзяваліся Баскаў і Каркоцкі ў апошні сезон. Але патрабаваць цуду ад прафесійнага трэнера — гэта непрафесійна. Бо калі «Дынама» хоча быць прэтэндэнтам на штосьці большае, чым проста выхад у плэй-оф, гэтаму павінен адпавядаць не толькі трэнер, але і сам клуб.

Ні ў 2012-м, ні ў 2017-м, ні ў 2023-м клуб «Дынама-Мінск» не адпавядаў такому ўзроўню.

План развіцця «Дынама» ад Вудкрафта выратуе зборную Беларусі

Пра яго план развіцця варта расказаць падрабязней, бо гэта важная спадчына Вудкрафта ў беларускім хакеі.

У свой першы сезон у «Дынама» Крэйг напісаў стратэгію з такім бачаннем: «зубры» мусяць гуляць вялікай колькасцю якасных легіянераў, а канкурэнцыю ім складаць і вучыцца ў іх павінны маладыя беларускія хакеісты. У свой другі заход у «Дынама» канадзец рэалізоўваў менавіта гэту стратэгію.

Што мы маем па выніках чатырох апошніх сезонаў Вудкрафта?

У НХЛ гуляюць Шаранговіч і Протас. На мяжы НХЛ і АХЛ балансуе Калячонак. У АХЛ гуляюць Салаўёў і Вусаў. У топах КХЛ гуляюць Фалькоўскі, Сушко, Драздоў, Яроменка. Відавочна, што хутка на павышэнне пойдзе Пышкайла. У топы КХЛ могуць паехаць Сапега, Сувораў. Напэўна, паедзе ў НХЛ малады брамнік Коласаў, якому таксама даверыўся Вудкрафт.


Нагадаем, што яшчэ ў 2020 годзе беларусаў не было ў НХЛ, а ў межах КХЛ сачылі хіба што за Лісаўцом і Хенкелем.

Хтосьці можа сказаць, што ў гэтым няма заслугі Вудкрафта, што гэтыя таленты і самі сябе паказалі б. Але гэта не так. Тут паказальны прыклад Шаранговіча, які да арэнды ў «Дынама» гуляў у АХЛ у bottom 6. Пасля бліскучай паловы сезона ў КХЛ яго ўзялі адразу ў «Нью-Джэрсі», дзе ён заняў сваё месца ў топ-6.

Мала хто ведае, што Крэйг Вудкрафт рэальна спецыяліст у працы з маладымі хакеістамі. Пасля заканчэння кар’еры гульца ён доўга выбудоўваў уласны бізнес — сетку школ па развіцці маладых гульцоў (не тых школ, куды кожны дзень адводзяць дзяцей, а кэмпаў і г. д.). Гэты бізнес ён у нейкі момант прадаў, але вопыт нікуды не знік.

Як бы мы ні ставіліся да Вудкрафта, пасля працы з ім моладзь едзе ў топы КХЛ, клубы АХЛ і НХЛ. А яшчэ ўпершыню ў гісторыі «Дынама» ў клубе гуляў дуэт беларускіх брамнікаў Коласаў — Шостак (Мезін і Коваль, нагадаю, не беларусы, а натуралізаваныя рускія). Больш за тое, трэцім брамнікам таксама быў 20-гадовы беларус Аляксей Снытко (праўда, ён так і не дэбютаваў у КХЛ).

І ў гэтым, напэўна, галоўная спадчына Вудкрафта. Ён паказаў, што ідэальнае «Дынама» — гэта клуб з якаснымі легіянерамі і маладымі таленавітымі беларусамі, якія вучацца ў замежнікаў і становяцца зоркамі. Пры Вудкрафце за «Дынама», у асноўным, не было сорамна (гаворка толькі пра спартыўныя паказчыкі). Пры гэтым клуб працаваў на перспектыву беларускага хакея.

Ці будзе Квартальнаў паспяхова працаваць з моладдзю? Не факт.

Ці будзе ў наступныя гады карысць для беларускага хакея ад «Дынама»? Не факт.

Ці ёсць увогуле будучыня ў «Дынама» і зборнай? Таксама не факт, бо КХЛ дэградуе, а зборныя адхілены ад усіх спаборніцтваў. Але Вудкрафт пакінуў беларускаму хакею спадчыну, якая абавязкова дапаможа зборнай пасля перамен. І хаця б за гэта яму дзякуй.