Беларускі футбол аднойчы ўжо быў на мяжы міжнароднай ізаляцыі

Усё складана сёння ў беларускім футболе, хаця ён застаецца ў гульні. Між тым былі часы, калі футбольная Беларусь літаральна вісела на валаску і стаяла на мяжы выключэння з міжнароднай супольнасці. Вы пра гэта забыліся ці ўвогуле не ведалі? То мы нагадаем.

Вадзім Жук: ад суддзі да «выкончаючага абавязкі». Фота Прэсбол

Вадзім Жук: ад суддзі да «выкончаючага абавязкі». Фота Прэсбол


Учора вечарам «эфір парвала» навіна пра тое, што УЕФА адмовіўся праводзіць у Беларусі любыя мерапрыемствы пад сваёй эгідай. Сёння ў Ньёне далікатна ўдакладнілі, што на матчы зборных і еўракубкаў вета не распаўсюджваецца, і яны пройдуць паводле раскладу.
Аднак сітуацыя працягвае заставацца напружанай і няпэўнай, і той самы расклад руйнуецца прама на вачах. У Беларусь ужо не прыехалі на спарынг футбалісты з Сьера-Леонэ, адмовіліся тое рабіць літоўцы і кіпрыёты, а ў спартыўнай прэсе можна прачытаць, што ў еўракубках беларускія клубы актыўна шукаюць запасныя аэрадромы за мяжой. І нібыта «Шахцёр» правядзе хатні матч з балгарскім Лудагорцам у Белградзе, а жодзінскае «Тарпеда» прыме дацкі «Капенгаген» у гасціннай Туле.
Над беларускім спортам згушчаюцца хмары. На хвалі палітычнага крызісу вагаецца легітымнасць многіх інстытутаў. Кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта не прызнанае МОК, старшыня хакейнай федэрацыі не можа выехаць у Еўропу, у Беларусі пазабіралі міжнародныя турніры і новых наўрад ці дадуць.

Футбол яшчэ неяк трымаецца, хаця асобныя матчы ўжо ідуць пад нож. Наперадзе еўракубкі, і невядома, ці адбудуцца яны ўвогуле праз нашы перакрытыя паветраныя прасторы. Калі не, то футбольная Беларусь фактычна акажацца ў міжнароднай ізаляцыі, стане чорнай дзіркай на карце Еўропы…
Між тым, такое ўжо было. Напрыканцы 1990-х айчынны футбол таксама хадзіў па лязе. Самы час прыгадаць тую гісторыю.

Шунтаў і праблемы

У гульні нумар адзін усё сур'ёзна. Міжнародныя федэрацыі прапаведуюць прынцып неўмяшання дзяржавы ў футбольныя справы. Парушэнне гэтага прынцыпу можа прывесці да выключэння мясцовай федэрацыі з ліку членаў ФІФА і УЕФА — з усімі вынікаючымі наступствамі: ад забароны на ўдзел зборных і клубаў у міжнародных турнірах да замарозкі фінансавання. У 1998 годзе гэта ледзь не здарылася з Беларускай федэрацыяй футбола.
Гэтая гісторыя каранямі сыходзіць у першыя суверэнныя гады. Яшчэ ў 1989-м федэрацыя футбола БССР была ператворана ў Беларускую федэрацыю футбола, якая праз тры гады атрымала афіцыйны статут, членства ва УЕФА і ФІФА, а нацыянальная зборная і клубы абзавяліся правам выступаць на міжнародных турнірах.Федэрацыю ўзначаліў, выйграўшы дэмакратычныя канкурэнтныя выбары, вядомы функцыянер Яўген Шунтаў, які прапрацаваў у беларускім футболе практычна ўсё жыццё.
Станаўленне незалежнага футбола, як і незалежнай краіны, праходзіла хваравіта. Не хапала грошай, інфраструктуры, кульгалі арганізацыйныя пытанні… Як следства — не лепшыя былі і рэзультаты на міжнароднай арэне.
Мінскае «Дынама» на савецкім багажы некаторы час яшчэ трымалася, выйграючы чэмпіянат за чэмпіянатам, але потым пачаліся праблемы і ў яго. У першую чаргу, вядома, праблемы фінансавыя. Пасля паспешлівай эміграцыі гаспадара клуба бізнесмена Яўгена Хвастовіча «Дынама» паспрабавалі нацыяналізаваць «імем рэвалюцыі», але гэта толькі пагоршыла сітуацыю і прывяло галоўны футбольны брэнд краіны да зусім ужо татальнага безграшоўя.
Так і сышлося ўсё. Клуб-флагман, які тоне тэмпамі «Тытаніка». Правалы зборнай у адборачных турнірах. Няважны стан футбольнай гаспадаркі ў цэлым.
Не хапала толькі каталізатара, аднак і яго чакалі нядоўга. Майскі фінал Кубка-1998 выбухнуў магутным судзейскім скандалам. Мінскае «Дынама» вяло ў ліку да апошняй хвіліны і рыхтавалася ўзяць чарговы трафей, але арбітр Сяргей Шмолік раптам прызначыў пенальці пасля відавочнай сімуляцыі гульца «Лакаматыва-96». Віцябляне зраўнялі лік, а ў дадатковы час вырвалі перамогу. Ведаць не ведаючы, як усё гэта здэтаніруе ў вышэйшых, як кажуць, эшалонах улады.

Лукашэнка і жывы эфір

27 мая Аляксандр Лукашэнка праводзіў нараду, падчас якой абрынуўся з моцнай крытыкай на ўрад, кіраўніцтва БФФ і ўладальніка «Дынама». Галоўнае пытанне сустрэчы датычылася якраз сітуацыі ў сталічным клубе. «Мне часам агідна глядзець тэлебачанне і чытаць газеты, як асобныя дзялкі ад футбола пачынаюць распавядаць казкі, якія яны вялікія, у той жа час дазваляючы сабе па паўгода не плаціць зарплату футбалістам», — распаляўся Лукашэнка. Ён быў традыцыйна рэзкі і пагражаў разагнаць-звольніць ледзьве не ўсіх датычных — віцэ-прэм'ера Уладзіміра Замяталіна, міністра спорту Мікалая Ананьева, яго намесніка Сяргея Цяцерына… Нават мэр Мінска Уладзімір Ярмошын і губернатар Міншчыны Пётр Пётух патрапілі пад гарачую руку і былі звінавачаны ў тым, што не дапамагаюць футбольным клубам.
І самае важнае — абвёўшы позіркам залу, у нейкі момант Лукашэнка дабраўся і да прэзідэнта БФФ Шунтава. Якому таксама сказаў з усёй сялянскай шчырасцю: «Вы чым, спадар Шунтаў, займаецеся? Вы што, думаеце, я за вас працаваць буду? Пакуль ідзе нарада, вы самі напішыце заяву. Не ўмееце працаваць — ідзіце на пенсію».
Гэты быў час жывых эфіраў, і выступ маладога гаранта Канстытуцыі транслявалі ўсе вядучыя тэлеканалы СНД. Зразумела, што спроба звольніць дэмакратычна выбранага кіраўніка федэрацыі не засталася незаўважанай у УЕФА.
Шчоўкаць абцасамі новая беларуская наменклатура тады ўжо навучылася, і Шунтаў, каб не будзіць ліха, заяву на звальненне аператыўна напісаў. Бюро выканкама БФФ яе прыняло, бо таксама «ўсё разумела». Быў нават прызначаны «в. а.» главы федэрацыі — ім стаў вядомы арбітр Вадзім Жук. Не зразумелі такія зігзагі толькі ў Швейцарыі. Бо як гэта? Прэзідэнт краіны наўпрост кажа кіраўніку федэрацыі (фактычна, грамадскага аб’яднання) сысці ў адстаўку — і той сыходзіць? Умяшання дзяржавы відавочней прыдумаць няпроста.
Рэакцыя афіцыйнага Ньёна была хуткай. Тагачасны генеральны сакратар УЕФА Герхард Айгнер накіраваў факс міністру спорта Беларусі, у якім настойліва прасіў растлумачыць, ці не ашукваюць яго вочы. Ці сапраўды кіраўнік дзяржавы дэ-факта зняў старшыню федэрацыі. Бо калі так, то УЕФА давядзецца адхіліць БФФ — з усімі вынікаючымі: пазбаўленнем права голасу, забаронай на ўдзел у турнірах для зборнай і клубаў. Айгнер ветліва прасіў міністра растлумачыць сітуацыю. Але адказу не паследавала. Ні на наступны дзень, ні праз тыдзень.
І прыйшоў час ультыматума. 20 чэрвеня ў Мінспорта прыйшла яшчэ адна папера, ужо за подпісам намесніка генеральнага сакратара УЕФА. Маркус Штудэр даў ведамству Ананьева пяць дзён на адказ. Калі міністр не паспее, то гатоўцеся, беларусы: УЕФА ініцыюе адхіленне БФФ.
Тут ужо Мінспорта гуляць з агнём не стала і на факс усё-ткі адказала. Адказ быў эпічным: маўляў, вы ўсё няправільна зразумелі. Нарада ў прэзідэнта было склікана па просьбе футбалістаў «Дынама», а словы Аляксандра Лукашэнкі насілі выключна рэкамендацыйны характар. Дый паглядзіце: Яўген Шунтаў нікуды не дзеўся — працягвае працаваць, дай бог яму здароўя. І ў справы федэрацыі ніхто не ўмешваецца. І сапраўды, выканкам БФФ неўзабаве сабраўся і дэманстрацыйна не зацвердзіў адстаўку прэзідэнта федэрацыі.
Такі фінт выратаваў беларускі футбол ад імгненнай ізаляцыі, але гісторыя і не думала заканчвацца. Бо сістэма ўсведамляла: трэба зрабіць так, як хоча Лукашэнка.

УЕФА і зборышча

На пачатку ліпеня Шунтаў у другі раз абвясціў, што сыходзіць у адстаўку. У інтэрв'ю «Прэсболу» ён распавёў пра асабістыя матывы — што больш не жадае знаходзіцца ў пастаянным стрэсе, быць громаадводам, «чырвонай анучай» для дзяржаўнай улады. Маўляў, гады не тыя, перажыванні пераносяцца ўсё цяжэй, ды і на карысць футболу ўсе гэтыя справы сапраўды не ідуць.
У хуткім часе Яўген Феліксавіч папрасіў выканкам прыняць яго заяву на звальненне, але... выканаўчы орган федэрацыі зноў не стаў браць на сябе адказнасць. Натуральна, з аглядкай на УЕФА, адкуль зноў прыйшлі недвухсэнсоўныя сігналы. Ньён сачыў за працэсамі і даваў зразумець: адстаўка Шунтава выкліча санкцыі. Сітуацыя здавалася патавай.
Напрыканцы ліпеня Беларусь наведаў прадстаўнік кіраўніцтва УЕФА Эрык Эпле, які яшчэ раз пацвердзіў: датэрміновы сыход кіраўніка федэрацыі будзе ўспрымацца як ціск і БФФ неадкладна будзе адхілена. Адпаведна, любы выканкам, які прыме заяву Шунтава, будзе прызнаны нелегітымным. Затым швейцарац сустрэўся з віцэ-прэм'ерам Замяталіным, і гутарка быццам бы выйшла прадуктыўнай. Але раптам разарвалася яшчэ адна інфармацыйная бомба.

Калаж Прэсбола

Калаж Прэсбола

18 членаў выканкама БФФ сабраліся ў прысутнасці віцэ-прэм'ера і міністра спорту ды ініцыявалі правядзенне напрыканцы лета пазачарговай выбарчай канферэнцыі федэрацыі. Ну, а што, разважалі функцыянеры, гэта вышэйшы орган, які ўпаўнаважаны вырашаць любыя пытанні, у тым ліку кадравыя. Эпле быў у шоку. Ён назваў выканкам зборышчам, заявіў, што УЕФА неадкладна замарожвае фінансаванне БФФ, а рашэнне пра адхіленне беларускай федэрацыі будзе прымаць адмысловы камітэт па надзвычайных сітуацыях.
Цікава, што паралельна падобныя драматычныя падзеі развіваліся ў суседняй Польшчы. Там урад наўпрост абвясціў па-за законам кіраўніцтва федэрацыі, якое адмовілася дапушчаць да дакументаў падатковыя органы. Аднак пасля ўльтыматума ад ФІФА і УЕФА і пагрозы байкоту матчаў чэмпіянату з боку клубаў палітычныя ўлады «ўключылі заднюю».
У Беларусі ж так рабіць не прынята, таму футбольную вертыкаль працяў страх будучыні. Пад пагрозай аказаўся матч зборнай з датчанамі, бліжэйшыя еўракубкавыя сустрэчы. І наогул жыццё самога беларускага футбола.
І тут сітуацыя раптам стала вырашацца. Стаміўшыся жыць паміж двух агнёў, Шунтаў сабраўся і паехаў у Швейцарыю, дзе дабіўся аўдыенцыі ў кіраўніцтва УЕФА. Уключыўшы ўсё сваё красамоўства, Яўген Феліксавіч запэўніў Ньён, што падае ў адстаўку выключна па ўласнай волі і па асабістым жаданні. А тут яшчэ і віцэ-прэм'ер Замяталін у лісце прыязна запрасіў еўрапейцаў наведаць канферэнцыю 31 жніўня, а віцэ-прэзідэнт федэрацыі Вадзім Жук узяў на сябе поўную адказнасць за забеспячэнне празрыстасці і незалежнасці правядзення форума.
І Швейцарыя нарэшце пайшла насустрач. У ФІФА сказалі, што можна абысціся без санкцый, а рыторыка УЕФА, якому расхацелася ісці на крайнія меры, змякчэла.

Яўген Шунтаў і Рыгор Фёдараў: паміж двух агнёў. Фота Прэсбол

Яўген Шунтаў і Рыгор Фёдараў: паміж двух агнёў. Фота Прэсбол


Канферэнцыя прайшла як па масле і нарэшце абрала новага старшыню. На месца Шунтава прыйшоў Рыгор Фёдараў — міністр авіяцыі. БФФ пазбегла ізаляцыі, але пачалася новая эра — эра дзяржаўных службоўцаў на чале беларускага футбола.