Фрыстайлістка-чэмпіёнка Аляксандра Раманоўская шукае працу ў ІТ
Чэмпіёнка свету па фрыстайле Аляксандра Раманоўская сышла са спорту і распачынае кар'еру ў сферы ІТ. Журналісты заўважылі на яе старонцы ў LinkedIn паведамленне аб пошуку працы.
Аляксандра спрабуе ўладкавацца на пазіцыю QA engineer. Яна згодная прайсці стажыроўку, каб набрацца вопыту. 26-гадовая спартсменка перавучылася на ІТ-спецыяліста, прайшоўшы неабходныя курсы.
Лёс Аляксандры Раманоўскай — ілюстрацыя да таго, што сёння адбываецца з беларускім спортам і з фрыстайлам, у прыватнасці. У 2020 годзе яна выказался за перамены, за што праз пэўны час была звольненая з нацыянальнай зборнай нягледзячы на тое, што была чэмпіёнкай свету і мела выдатныя перспектывы на далейшыя поспехі.
У 2021 годзе яе затрымалі — меркавана, за налепку «Пагоні» на аўтамабілі — і аштрафавалі на буйную суму.
Тым часам з фрыстайлу выціснулі і легендарнага трэнера Мікалая Казеку, які таксама пасля выбараў выразна артыкуляваў прыхільнасць да перамен у Беларусі. Цяпер 72-гадовы спецыяліст на пенсіі, хаця пачуваецца бадзёра і яшчэ мог бы быць карысным ва ўлюбёнай справе. Гэта менавіта дзякуючы Казеку ў краіне паўстаў фрыстайл і стаў адным з самых паспяховых відаў спорту. З 1998 года з кожнай Алімпіяды беларускія лыжныя акрабаты прывозілі медалі — часта залатыя. І ледзь не кожны казаў у інтэрв'ю, што гэтая перамога — у тым ліку перамога Мікалая Казекі.
Да мінулага лета зборную праз адсутнасць Казекі трэніраваў яго вучань і ў мінулым тытулаваны фрыстайліст Дзмітрый Дашчынскі. Аднак у той атмасферы, у якой зараз існуе беларускі спорт, ён доўга не вытрываў і сышоў. Што характэрна: без працы не застаўся і неўзабаве з'ехаў працаваць у Аўстралію. Дашчынскаму — вось ён, знак прафесійнай якасці — там адразу даверылі нацыянальную зборную. У Аўстралію ён адправіўся адразу з сям'ёй, лічы, проста эміграваў.
А ў Беларусі няма чаго лавіць яшчэ і таму, што праз саўдзел Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны амаль увесь спорт аказаўся ў міжнароднай ізаляцыі. Фрыстайл не выключэнне — больш аніякіх Кубкаў і чэмпіянатаў свету і іншых турніраў. Больш аніякіх перспектыў.
Аляксандры Раманоўскай «НЧ» жадае поспехаў у новым жыцці, бо таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Няма сумневаў, што салідарныя беларусы абавязкова зробяць ёй добрую прафесійную прапанову, ад якой дзяўчына не зможа адмовіцца.