Футбол падчас каронавіруса: беларускі фурор

Беларусь па-ранейшаму застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе не спынілі чэмпіянат краіны па футболе. А ў свеце гэта яшчэ Нікарагуа, Бурундзі і Таджыкістан. Усё. Таварыскія футбольныя матчы яшчэ праходзяць у Швецыі, у якой дзейнічаюць адносна лагодныя каранцінныя захады. Як у спартовым свеце ўспрымаюць наш футбол падчас каронавіруснай пандэміі?

Фота ФК БАТЭ. Заўзятараў БАТЭ на трыбунах падчас матча з “Рухам” было няшмат. “Масачнікаў” сярод іх — меншасць

Фота ФК БАТЭ. Заўзятараў БАТЭ на трыбунах падчас матча з “Рухам” было няшмат. “Масачнікаў” сярод іх — меншасць


Галоўны вынік: пра нашу краіну яшчэ больш даведаліся ў свеце. Мы адначасова і забаўляем свет, і здзіўляем яго. Што праўда, па-рознаму: нехта шакавана круціць указальным пальцам ля скроні, а хтосьці захоплена падымае ўгару вялікі палец.
Многія краіны купілі правы на тэлетрансляцыі матчаў чэмпіянату Беларусі. Асаблівую цікавасць і рэзананс турнір выклікаў у суседзяў-расіян. Нейкі тамтэйшы каментатар сказаў, што аматары футболу глядзяць гульні чэмпіянату Беларусі нібы алкаголікі, якія, калі сканчаюцца прыстойныя напоі, пачынаюць піць абы-што. Фанабэрліва выказаўся ганаровы прэзідэнт Расійскага футбольнага саюзу Вячаслаў Каласкоў: «Гэта нейкая парнаграфія, лухта. Ні гледачоў, ні майстэрства, нічога няма. А мы на цэнтральным тэлебачанні паказваем гэтую лухту!». Адзін з лепшых футбалістаў у гісторыі Беларусі Аляксандр Глеб у інтэрв’ю расійскаму «Спорт-Экспрэсу» адказаў, што «парнаграфія — гэта ўсё-такі перабор», бо і БАТЭ шумеў у Еўропе, выйграючы ў грандаў, дый наш чэмпіянат толькі пачынаецца.
Ад вядомага беларускага футбольнага агента Валерыя Ісаева дасталося і Глебу, і Каласкову. «Саша, ты тут нарадзіўся, пачынаў, працягваў кар’еру! — звярнуўся ён да Глеба. — Нахабны, расійскі чыноўнік, які падвіс у СССР, наўпрост зневажае тваю радзіму, твой чэмпіянат! І ўсяго толькі «перабор»?». Што да расійскага спартовага функцыянера, то, па словах Ісаева, хай той пакажа ў расійскім чэмпіянаце каманду, якая б, не мяняючы схему гульні, у меншасці, выпускала б на замену гульца атакі: «Калі футбол гэтых хлопцаў парнаграфія, то гульня большасці багацейшых камандаў Расійскай прафесійнай лігі — вычварэнства». Футбольны агент меў на ўвазе гульню апошняга тура чэмпіянату Беларусі паміж «Мінскам» і «Энергетыкам-БДУ», у якой апошнія выйгралі нягледзячы на выдаленне з лікам 2:0. Прычым пасля трох тураў «студэнты» сенсацыйна набралі максімальныя 9 пунктаў і сталі адзінаасобным лідарам чэмпіянату! Тры фаварыты — мінскае і брэсцкае «Дынама», а таксама барысаўскі БАТЭ — унізе турнірнай табліцы. Увогуле першынство атрымліваецца па інтрызе і цікавых матчах проста супер! Заўзятарам пашанцавала і на яркія сюжэты матчаў, і на прыгожыя галы.
А самай улюбёнай камандай замежнікаў стаў «Слуцк». З’явілася нават дастаткова масавая сусветная фан-супольнасць гэтай нашай каманды. Паспрыяла назва. Па-англійску Slutsk сугучна са sluts (у прыстойным перакладзе — дзяўчыны лёгкіх паводзінаў, блудніцы). Дарэчы, слуцкі клуб перажывае цяпер складаныя фінансавыя часы і для выратавання абвясціў краўндфандынгавую кампанію. З разлікам у тым ліку на дапамогу сваіх новаспечаных заўзятараў па ўсім свеце.

Адзін з мемаў на тэму нечаканай сусветнай папулярнасці клуба “Слуцк”,

Адзін з мемаў на тэму нечаканай сусветнай папулярнасці клуба “Слуцк”,

Непрадказальныя гульні першых трох тураў чэмпіянату Беларусі, які адзіны ў Еўропе не пайшоў на каранцін, даспадобы і гульцам на спартовых стаўках, і букмекерскім канторам. Яны таксама пацярпелі праз COVID-19. Прычым на бязрыб’і букмекеры прапануюць прадказваць на грошы вынікі матчаў нават аматарскай футбольнай лігі Беларусі.
Што да футбалістаў, якія гуляюць у чэмпіянаце Беларусі, то яны не надта радыя быць такім выключэннем у Еўропе, але мусяць выходзіць на поле. Некалькі разоў дазвалялі сабе рэзкія выказванні ў інтэрв'ю замежнай прэсе легіянеры, але пасля ў каментарах прэс-службам сваіх клубаў казалі, што іх словы журналісты перадалі не зусім карэктна. Напрыклад, нападнік салігорскага «Шахцёра» Дарка Бодул у інтэрв’ю аўстрыйскаму выданню Krone Zeitung заявіў: «Гэта быў цяжкі ўдар, калі мы даведаліся, што ліга стартуе. Быў шок. Але мы нічога не можам змяніць. Прэзідэнт Беларусі заявіў, што каронавірус — псіхоз, яму падабаецца гуляць у біг-боса. На шчасце, людзі не ўспрымаюць гэтыя заявы ўсур’ёз». Прэс-службе сваёй каманды ён затым сказаў: «Мае словы не толькі сказілі, але і былі даданыя рэплікі, якія я не выказваў. Мы, канечне, маем некаторае хваляванне наконт сітуацыі, але шокавым стан не назавеш дакладна... А выказванне пра маё стаўленне да словаў прэзідэнта Беларусі папросту выдумана журналістам. Я сказаў, што не чытаю па-руску і таму не ведаю, што казаў Аляксандр Лукашэнка наконт каронавіруса, але перакананы, што кіраўніцтва краіны зробіць усё, каб абараніць народ».
Што тычыцца заўзятараў, то па выніках апытання чытачоў газеты «Прэсбол» 48% выказаліся за спыненне чэмпіянату, астатнія ж выступілі за яго працяг ці ў звычайным рэжыме, ці без гледачоў на трыбунах. Як бы тое ні было, на стадыёнах фанатаў заўважна паменела. У трэцім туры, які прайшоў у мінулыя выхадныя, сярэдняя наведвальнасць была ў 10 разоў меней, чымсьці на матчах трэцяга туру мінулагодняга чэмпіянату.

Фота ФК “Славія”. Пасля перамогі ў Брэсце над чэмпіёнам мясцовым “Дынама” гульцы мазырскай “Славіі” дзякуюць свайму адзінаму фанату, які прыехаў падтрымаць каманду ў гасцявым матчы

Фота ФК “Славія”. Пасля перамогі ў Брэсце над чэмпіёнам мясцовым “Дынама” гульцы мазырскай “Славіі” дзякуюць свайму адзінаму фанату, які прыехаў падтрымаць каманду ў гасцявым матчы


Між тым, ужо 8 красавіка адбудуцца наступныя гульні. Гэта два паўфінальныя матчы Кубку Беларусі паміж брэсцкім «Дынама» і салігорскім «Шахцёрам», а таксама паміж мазырскай «Славіяй» і барысаўскім БАТЭ, І зноў у спартовай афішы свету, а таксама адпаведна ў навінах гэта будуць матчы дня!