Гандбалістак не запрасілі ў зборную пасля падпісання ліста за новыя выбары

Пра гэта піша Свабода.

1583071477_0_45_608_387_1920x0_80_0_0_415e0cc7d73c77f005f88ee68eb6b2df.jpg

Карына Ёжыкава і Валянціна Несцярук лічыліся асноўнымі гандбалісткамі нацыянальнай каманды і гулялі за яе шмат гадоў.
Карына Ёжыкава раней заявіла, што можа адмовіцца ад выступленняў за зборную Беларусі праз палітычныя абставіны. Валянціна Несцярук адкрыта заявіла, што Лукашэнка мусіць адказаць за гвалт супраць беларусаў, піша «Трыбуна».
32-гадовая дыспэтчарка Несцярук, якая выступае за польскі «Ярослаў», 30-гадовая паўсярэдняя расійскай «Астраханачкі» Ёжыкава даўно выступалі за нацыянальную каманду, але пасля таго як падпісалі ліст за новыя празрыстыя выбары прэзідэнта, не атрымалі новага выкліку.
10 сакавіка на базе мінскага спартовага комплексу па гульнявых відах спорту стартуе вучэбна-трэніровачны збор жаночай зборнай, але славенец Томаж Чатэр не запрасіў на яго дзвюх гандбалістак. Сам Чатэр раней падпісаў праўладны ліст у падтрымку Лукашэнкі і дзеянняў сілавікоў.
Валянціна Несцярук сказала, што ёй нават не патэлефанавалі, каб апавясціць, што больш не выклікаюць у каманду, хаця яна гуляла ў нацыянальнай зборнай больш за 10 гадоў, была яе капітанам і рэгулярна атрымлівала выклікі.
«Вядома, перш за ўсё гэта рашэнне трэнэрскага складу. Але, улічваючы мой стаж у нацыянальнай камандзе, думаю, што заслугоўваю тэлефонны званок ці паведамленне хаця б ад начальніка каманды з інфармацыяй, што не буду ўключана ў склад зборнай. Вядома, крыўдна, якім спосабам усё гэта зрабілі. Ніякай інфармацыі, як быццам і не гуляла столькі гадоў у зборнай Беларусі».
З 19 па 21 сакавіка ў Мінску ў спарткомплексе «Чыжоўка-Арэна» пройдзе адборачны турнір чэмпіянату свету-2021. У суперніках беларусак — зборныя Швейцарыі і Фарэрскіх выспаў. Па выніках турніру дзве лепшыя каманды выйдуць у плэй-оф кваліфікацыі, якая адбудзецца з 16 па 21 красавіка.
Раней кіраўніцтва Міністэрства спорту і шэрагу спартовых федэрацый неаднаразова звальняла спартоўцаў з працы і не выклікала ў нацыянальныя зборныя за выказванні супраць рэжыму Лукашэнкі. У прыватнасці, працы пазбавілася вядучая фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская, а ў пляжным футболе чыноўнікі выключылі са зборнай краіны амаль увесь асноўны склад.
Пры гэтым баскетбалістку Кацярыну Сныціну, якая выказалася за новыя выбары і супраць гвалту сілавікоў, запрасілі ў нацыянальную каманду ў яе відзе спорту.
Фанаты футбольных клубаў салідарна паведамілі пра спыненне актыўнай падтрымкі на стадыёнах да змены ўлады ў Беларусі. Толькі заўзятары «Крумкачоў» заявілі адваротнае, матываваўшы рашэнне тым, што летась іх каманда актыўна выступіла супраць гвалту і фальсіфікацый, а таму заслугоўвае падтрымкі.