Гары Каспараў згуляе партыю салідарнасці з беларускім гросмайстрам Уладзіславам Кавалёвым
Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін анансаваў паядынак паміж вялікім шахматыстам Гары Каспаравым і беларускім гросмайстрам Уладзіславам Кавалёвым.
«У нас у плане ў канцы снежня правесці дабрачынную шахматную партыю Гары Каспараў — Уладзіслаў Кавалёў. Каспараў пацвердзіў, што гатовы правесці такую партыю. І гэта будзе транслявацца на ўвесь свет. Пройдзе прэс-канферэнцыя. Матчам мы падтрымаем барацьбу за правы чалавека, за свабоду», — сказаў Апейкін.
Уладзіслаў Кавалёў — адзіны беларускі шахматыст, які ўваходзіць у Першую сусветную сотню. Сяміразовы чэмпіён і неаднаразовы прызёр Беларусі сярод юнакоў у розных узростах. Тройчы перамагаў на першынстве Беларусі да 20 гадоў ва ўзросце 15 гадоў (2009), 17 гадоў (2011) і 18 гадоў (2012). Шматразовы чэмпіён Беларусі па хуткіх шахматах сярод юнакоў. У 2005 годзе ў 11-гадовым узросце падзяліў 1-2 месца на Кубку Беларусі па хуткіх шахматах сярод мужчын.
Удзельнік сусветных шахматных Алімпіяд у Стамбуле (2012), Тромсе (2014), Баку (2016) і Батумі (2018) у складзе зборнай Беларусі, камандных чэмпіянатаў Еўропы 2013 (Варшава), 2017 (Крыт) і свету 2017 (Ханты-Мансійск), чэмпіён Рэспублікі Беларусь у 2016-м, майстар спорту міжнароднага класа Рэспублікі Беларусь.
Сёлета Уладзіслаў Кавалёў на знак пратэсту адмовіўся гуляць у чэмпіянаце Беларусі. Рашэнне ён прыняў за некалькі гадзін да старту турніру. Таксама ён падпісаў адкрыты ліст спартсменаў супраць гвалту і за сумленныя выбары.
Адначасова Кавалёў адмовіўся падпісваць «дадатковае пагадненне» да кантрактаў спартсменаў, у якіх казалася, што спартсменам забараняецца публічна выказвацца без узгаднення з наймальнікам. Як толькі ён адмовіўся падпісваць «дадатковае пагадненне», яму паведамілі пра непадаўжэнне кантракту і пазбаўленне стаўкі.