Яраслаў Пісарэнка: «Вельмі неабачліва са спартсменаў спрабаваць зрабіць нейкі статак»

Яраслаў Пісарэнка часова замяняе на канале «ЧестнОК» Аляксандра Івуліна, які працягвае знаходзіцца ў СІЗА паводле абвінавачання па 342-м артыкуле КК РБ — арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Яраслаў Пісарэнка. Фота СТБ

Яраслаў Пісарэнка. Фота СТБ

Вядучы YouTube-канала «ЧестнОК» Яраслаў Пісарэнка распавёў аднаму са спартовых каналаў, ці можа быць спорт па-за палітыкай.

— Ну, спорт, вядома, бывае па-за палітыкай безумоўна, але ў мірны час, калі людзі жывуць добра. Ёсць жа такое распаўсюджанае меркаванне, што спорт — гэта паказчык грамадства і дзяржавы. Калі са спортам усё добра, то значыць, што ў дзяржаве ўсё добра.

Але наогул, нішто ў нашым жыцці не па-за палітыкай. І вельмі неабачліва, калі са спартсменаў спрабуюць зрабіць нейкі статак. Спартсмены не павінны выказвацца, інжынеры не павінны выказвацца, юрысты, студэнты — наогул ніхто не павінен выказвацца. Гэта як мінімум неабачліва. Было мноства прыкладаў у сусветным спорце, калі людзі войны спынялі проста за кошт таго, што гэта медыйныя людзі, яны могуць уплываць на свайго, скажам, гледача, на тых, хто за імі сочыць. Але гэтая фраза стала цяпер мемам. Аднак спорт па-за палітыкай — гэта трызненне поўнае, — сказаў Пісарэнка.