«Караеў загадаў нас забраць». Як у Гродне судзілі заўзятараў, што не ўсталі падчас гімна
Тэлеграм-каналу «О спорт, — ты мир» удалося ананімна пагутарыць з адным з затрыманых заўзятараў і даведацца, чаму ён не ўставаў падчас гімна, як праходзіў суд і пры чым тут Юрый Караеў, піша «Наша Ніва».
Яшчэ ў снежні мінулага года ФХБ аштрафавала аршанскі «Лакаматыў» за тое, што пяцёра хакеістаў клуба не трымалі руку на сэрцы, калі кампазіцыя гучала перад матчам. А 15 кастрычніка ў Гродне прайшоў матч паміж «Нёманам» і «Гомелем», у якім за бяздзейнасць у момант выканання гімна пакаралі ўжо заўзятараў. Двое мужчын не ўсталі, а працягнулі сядзець — за гэта на іх склалі адміністрацыйныя пратаколы.
Падобны інцыдэнт ужо меў месца і на футболе. Прычым паміж
двума эпізодамі хапае паралеляў: першы таксама здарыўся 15-га чысла (толькі ў
жніўні), падзеі адбываліся ў тым жа горадзе, на полі выходзілі тыя ж каманды,
затрымалі гэтак жа двух гледачоў. Тэлеграм-каналу ўдалося ананімна пагутарыць з
адным з іх і даведацца, чаму ён не ўставаў падчас гімна, як праходзіў суд і пры
чым тут Юрый Караеў.
— Як вас затрымалі?
— У жніўні я з сябрам прыйшоў на гульню «Нёмана» і «Гомеля»
ў Гродне. Калі пачалося перадматчавае выкананне гімна, мы заліпалі ў тэлефонах
і не ўсталі. Нас яшчэ ў жывым эфіры па ТБ буйным планам паказалі. Пасля першага
тайма выйшлі папаліць. І як толькі ў падтрыбунным памяшканні апынуліся, нас
адразу «прынялі» два міліцыянты і тры амапаўцы.
— Гэта значыць, падчас гімна вы не ўставалі па няўважлівасці,
а не для пратэсту?
— Усё дакладна. Мы гэтаму першапачаткова наогул не надалі
ніякага значэння. Нават не думалі, што за такое могуць «закрыць».
— Што было пасля затрымання?
— Закінулі ў «бобік», завезлі ў РУУС. Там глядзелі тэлефоны,
зладзілі доўгі допыт. Пратрымалі гадзіны тры-чатыры. Пыталіся, чаму не ўсталі і
ці не акцыя гэта пратэсту. Мы сказалі што заліплі ў тэлефоне і адцягнуліся. У
выніку абвінавацілі па адміністрацыйным артыкуле 24.54.
— Як думаеце, чаму сілавікі звярнулі ўвагу на тое, што вы не
ўсталі падчас гімна?
— Як нам потым распавялі, мы сядзелі недалёка ад віп-ложы,
дзе матч глядзелі чыны. Сярод іх быў [кіраўнік МУС з чэрвеня 2019-га да
кастрычніка 2020-га, а цяпер памочнік Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці] Юрый
Караеў. Ён і аддаў загад нас забраць.
Паводле слоў інспектара ў РУУС, Караеў сказаў нас адразу
«закрыць» на трое сутак. Але там мяне з сябрам пашкадавалі, бо не знайшлі ў
тэлефонах нічога забароненага.
— Як праходзіў суд?
— У майго сябра ён быў у верасні, далі штраф 15 базавых
велічынь (435 рублёў, максімальны штраф па артыкуле 24.54). А я наогул з
Брэста, і маю справу хацелі перадаць туды. Але брэсцкія міліцыянты не захацелі
браць. Груба кажучы, сказалі: не займайцеся ###### [глупствам], адпусціце
хлопца і не заводзьце справу. Таму працягнулі разглядаць у Гродне. Туды я і на
суд павінен быў прыехаць, але ў мяне не атрымлівалася, таму ўсё зацягнулася. У
выніку напісаў хадайніцтва, і нядаўна справу разгледзелі без мяне. Так што суд
— фармальнасць. Таксама далі 15 базавых.
— На днях у Гродне зноў затрымалі заўзятараў, што не ўсталі
падчас гімна, — на гэты раз на хакеі. Як думаеце, чаму менавіта ў гэтым горадзе
такое адбываецца?
— Не ведаю. У Брэсце такога сапраўды не было. А пра Гродна так, чытаў на «Трыбуне». Караеў і на хакей хадзіў, напэўна. Ну а я на стадыён больш ні нагой. Хоць раней сачыў за футболам заўсёды.