Крысціна Ціманоўская: У нас забралі свабоду, нашы галасы, цяпер хочуць забраць і грамадзянства
Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская пракаментавала ініцыятыву сілавікоў пазбаўляць грамадзянства беларускіх апазіцыянераў, якія з'ехалі з краіны і «працуюць у інтарэсах заходніх краін».
«У нас забралі свабоду, забралі нашы галасы, забралі права гаварыць, — піша яна ў Instagram. — У мяне забралі мару і шанец выступіць на Алімпійскіх гульнях. А цяпер яны хочуць забраць у нас грамадзянства».
Ціманоўскую абурае такая ініцыятыва. Яна падкрэслівае, што
не здраджвала радзіме і хоча вярнуцца ў Беларусь, «калі там будзе
бяспечна».
Крысціна Ціманоўская летам 2021-га апынулася ў цэнтры ўвагі сусветных СМІ, нагадвае «Еўрарадыё». Пасля таго, як яна публічна выступіла з крытыкай трэнерскага штаба беларускай зборнай, яе вырашылі адхіліць ад Алімпіяды і датэрмінова адправіць у Беларусь. Ціманоўская звярнулася па дапамогу да паліцыі і Міжнароднага алімпійскага камітэта. Пазней спартсменка выехала з Японіі ў Польшчу, дзе цяпер і жыве.