На спартоўцаў ціснуць, а яны не здаюцца
28 жніўня лёгкаатлетаў прымушаюць далучыцца да
праўладнага мітынгу ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Ці вытрымаюць спартоўцы? Пра гэта ў матэрыяле Радыё Свабода.
Адзін з ініцыятараў адкрытага ліста прадстаўнікоў спартовай галіны з палітычнымі патрабаваннямі да ўладаў, дырэктар гандбольнага клубу «Віцязь» Аляксандар Апейкін расказаў Свабодзе, які ціск чыніцца на падпісантаў і на якую падтрымку пацярпелыя могуць разлічваць.
«На волі зробіш нашмат больш, чым седзячы ў турме»
Аляксандар Апейкін — інспектар Еўрапейскай гандбольнай федэрацыі ў маркетынгу, дырэктар менскага гандбольнага клюбу «Віцязь». На ўзор свайго калегі Аляксандра Куля з баскетбольных «Цмокаў» татальна беларусізаваў калектыў: усё справаводства, рэкламная і публічная палітыка пераведзеныя на беларускую мову.
Ён сам у ліку больш чым 350 падпісантаў, якія асудзілі беспрэцэдэнтны маштаб фальсіфікацыяў прэзідэнцкіх выбараў і гвалт сілавікоў над мірнымі пратэстоўцамі. Як і многія актывісты, якія пасля драматычных падзеяў кінулі выклік сыстэме і атрымалі «чорную метку», цяпер на ўцёках.
«Пасля з'яўлення ліста пачаўся прэсінг, мяне праслухоўвалі, „вялі“. Не сказаць, каб усё гэта моцна напалохала, але было зразумела: само сабою не рассмокчацца і раней ці пазней чымсці скончыцца. Ну і знаёмыя, якія працуюць у сыстэме, параілі: будзе лепш, калі на нейкі час зьедзеш. Сэнсу геройстваваць няма: на волі зрабіць можна шмат больш, чым седзячы ў турме. Ведаючы характар беларускай улады, пакуль бяспечней пабыць недзе побач. Бо каб застаўся ў Менску, усё рызыкавала скончыцца толькі гэтым лістом. Цяпер жа развязаныя рукі», — тлумачыць суразмоўца.
За мяжой Аляксандар Апейкін абвесціў пра заснаванне «Беларускага фонду спартовай салідарнасці».
Мэты наступныя:
падтрымка прадстаўнікоў галіны, на якіх чыніўся ціск за адкрытае выказванне грамадзянскай пазіцыі або якія хочуць выказацца, але баяцца рэпрэсіяў;
дапамога спартоўцам, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі ці маюць патрэбу ў тэрміновых мэдычных аперацыях; прыцягненне ўвагі міжнароднай спартовай грамадзкасці да праблемаў у Беларусі;
дабрачынныя акцыі з удзелам зорак беларускага і ўсясветнага спорту;
кааперацыя з бізнесам для адаптацыі атлетаў пасля завяршэння кар’еры.
«Загад перагледзець спіс прэзідэнцкіх стыпендыятаў»
Паводле спартовага актывіста, неўзабаве такая дапамога можа рэальна спатрэбіцца. Больш за два дзясяткі супрацоўнікаў галіны на мяжы звальнення, на многіх ціснуць, каб адклікалі подпісы, пагражаюць адабраць іменныя стыпендыі, скасаваць зборы, выклікі ў зборныя.
«З падпісантамі вядуць прафілактычныя размовы, на іх чыняць ціск, махаюць перад носам працоўнымі кніжкамі. Зьявілася распараджэнне Міністэрства спорту перагледзець спіс тых, хто атрымлівае прэзідэнцкія стыпендыі. Даходзіць да таго, што правяраюць акаўнты спартоўцаў, у якой танальнасці яны выказваюцца пра падзеі. У сутнасці гэта рэпрэсіі. Таму найпершая мэта фонду — аператыўна падтрымаць людзей, якія страчваюць фінансавы падмурак, трацяць працу. Тых, хто цярпіць за грамадзянскую пазіцыю», — канстатуе Аляксандар Апейкін.
«Беларускі фонд спартовай салідарнасці» працуе на базе агульнай пляцоўкі дапамогі пацярпелым ад рэпрэсіяў — Belarus Solidarity Foundation. А ўжо ў рамках ініцыятывы заснавалі асобную праграму, накіраваную на падтрымку людзей спорту.
«Аўтарытэтныя людзі, якім давярае грамадзтва, не павінны застацца без салідарнасці, — кажа Аляксандар. — Спартоўцы абараняюць свае погляды, натхняючы на пратэст іншых. Нездарма колькасць падпісантаў пад лістом расце — літаральна некалькі чалавек адклікалі іх пад ціскам. Абсалютная большасць не паддаецца на шантаж, заявіўшы, што ў цяперашняй сытуацыі найменшая з праблемаў — гэта выключэнне з каманды ці пазбаўленне стыпендыі. Ну і звычайныя беларусы ўдзячныя сваім кумірам за адкрытае выказванне пазіцыі. Увесь свет сочыць».
Міністэрства спорту спрабуе загасіць незадаволенасць звыкла — адміністрацыйнымі мэтадамі. 27 жніўня кіраўніцтва ведамства прыйшло ў Рэспубліканскі цэнтар алімпійскай падрыхтоўкі, дзе атлетам нагадалі пра адказнасць перад дзяржавай. Раней нацыянальная каманда ў лёгкай атлетыцы выступіла супраць фальсыфікацыі выбараў і выказала абурэнне гвалтам супраць мірных людзей. Чыноўнікаў сустрэлі воклічамі заўзятары: «Спартоўцы — з народам», «Верым! Можам! Пераможам!».
28 жніўня лёгкаатлетаў прымушаюць далучыцца да праўладнага мітынгу ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, які таксама ўзначальвае НАК Беларусі. Аднак, паводле суразмоўцы, замест прагназаванай масавасці арганізатары рызыкуюць атрымаць паказальны дэмарш.
«Зразумела, ніхто на мітынг ісці ня хоча. Мала таго, сыход старшыні Беларускай фэдэрацыі хакею Генадзя Савілава наўпрост з гэтым зьвязаны, — ён заявіў, што размахваць сцягамі не збіраецца. Адрозна ад свайго наступніка Дзмітрыя Баскава. Напісаў заяву на звальненне і вырашыў для сябе пытанні. Усе контразахады чыноўнікаў сведчаць пра адарванасць ад рэаліяў, неразуменне настрою людзей. Не сумняюся, што большая частка спартоўцаў адмовіцца ад гэтага ганебнага „зборышча“. Магчыма, страцяць працу ці фінансаванне, але захаваюць сумленне».
«Пасля 9 жніўня ўбачылі, што ўлада ў краіне злачынная»
Яшчэ ў чэрвені, на этапе збору подпісаў за рэгістрацыю кандыдатамі ў прэзідэнты, Аляксандар Апейкін абгрунтаваў у сацыяльных сетках і ў прэсе, чаму спартоўцы падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку. Рабіў прагноз, што будуць галасаваць за яго і гэтым разам. Што зьмянілася?
«Да пэўнага моманту можна было канстатаваць — і гэта ня толькі мая думка, а большасці калегаў: для спорту як асобнай галіны зроблена шмат, — тлумачыць ён. — Узьведзеныя аб’екты інфраструктуры, забяспечаныя фінансавая падтрымка, дзяржаўныя гарантыі. Але ўсё кардынальна памянялася. Карціна сённяшняга дня ня мае нічога агульнага з былымі заслугамі. Пасля 9 жніўня мы ўбачылі, што адбываецца злачынства. Таму памянялі свае погляды нават тыя, хто „тапіў“ за Лукашэнку. Прыклад таго ж Вадзіма Дзевятоўскага. Дык гэта вядомы факт, а колькі прыхаваных?»
На думку Аляксандра Апейкіна, спробы функцыянэраў пераламіць сытуацыю бясплённыя: занадта шмат фатальных памылак нарабіла ўлада, каб аднавіць паўнавартасны дыялёг.
«Людзі ня хочуць працаваць з сыстэмай, якая агаліла свае найгоршыя бакі. Размова пра відавочныя рэчы. Перш за ўсё — парушэнне Канстытуцыі. З настолькі нахабнай фальсыфікацыяй нават памяркоўныя беларусы не маглі зьмірыцца. Абурыла, што з нашай думкай ня сталі нават лічыцца. Па-другое, беспрэцэдэнтны гвалт. Генацыд супраць уласнага народу, які ўбачылі ўсе — ад жыхароў маленькіх вёсак да людзей з блізкага атачэння Лукашэнкі, у тым ліку спартовага. Абсалютна ясна, што далей так быць ня можа. Спартовец ты, актывіст — няважна. Перш за ўсё ты — грамадзянін».
Алясандар Апейкін кажа, што цяпер ён у пастаянным кантакце са спартоўцамі, каб маніторыць факты звальнення, запалохвання ці подкупу падпісантаў калектыўнага ліста. І ўсе яны маюць практычна аднолькавы настрой.
«Практычна ўсе кажуць адно: не ўяўляем, як будзем абараняць колеры такой дзяржавы. Маральна цяжка ня тое што сутыкацца з чыноўнікамі, якія ўвесь час ціснуць зьверху, а нават трэнавацца. Цалкам дэматываваныя, а некаторыя і дэмаралізаваныя. Бо ня бачаць, што далей. У сутнасці, спорт сёння нікому не патрэбны. Кожная такая масавая падзея — гэта перш за ўсё свята. Пра які добры настрой гаворка, калі ёсць забітыя, а тысячы прайшлі праз прыніжэнні і зьдзекі? Як і ўсё грамадзтва, спартоўцы палітызаваліся — адчулі, у якой дзяржаве жывуць».
Аляксандар Апейкін кажа, што неўзабаве мае намер працаваць дыстанцыйна, бо дзейнасць фонду ў Беларусі не ўяўляецца магчымай. Фактычна ён стаў першым прадстаўніком спартовай галіны, вымушаным зьехаць з краіны празь небяспеку пераследу.