Надзея Астапчук: Кожны шукае сабе ахвяру і пускае пад нож

Чаму перастала працаваць беларуская «машына спорту»? Ці працуе сёння перакананне «спорт па-за палітыкай» і ці атрымліваецца ў спартсменаў абстрагавацца ад падзей у краіне? Ці здольныя чыноўнікі ад спорту змяніць сітуацыю? Надзея Астапчук за паўхвіліны патлумачыла «Еўрарадыё»,  у чым прычыны хранічных няўдач беларускіх спартсменаў.

nadzeja_astapczuk.jpg

Правальны выступ беларускай сборнай на Алімпіядзе, скандал з бягухай Ціманоўскай, выезд з краіны шэрагу знаных спартсменаў і трэнераў — гэта ўсё пра сённяшні дзень беларускага спорту. Таго, які нібыта «па-за палітыкай».

Чэмпіёнка свету і Еўропы, сябра Каардынацыйнай рады Надзея Астапчук за паўхвіліны патлумачыла «Еўрарадыё», у чым прычыны хранічных няўдач беларускіх спартсменаў:

«Развязалі рукі людзям, якім нельга было. І кожны вырашае свае амбіцыі. Нехта — на кватэру, нехта — на новую пасаду. Кожны шукае сабе ахвяру і пускае пад нож, прадстаўляючы ворагам народа.

Яны недалёка ад Сярэднявечча сышлі. Памятаеце, як там на вядзьмарак палявалі? Галоўнае было каго-небудзь абвінаваціць, а далей — на вогнішча».

Беларусы праваліліся на Алімпіядзе і на Паралімпіядзе; хакеісты не выйшлі на наступныя Алімпійскія гульні; футбалісты прайгралі пяць разоў запар; Дзмітрыя Баскава дыскваліфікавалі, і гэта не адзіны скандал. Гэта ўсё — пра тое, куды сёння прывялі беларускі спорт.