Паглядзіце, як трэнер з Полацка ўцягвае дзяцей у прапаганду вайны (фота)
У панядзелак беларускія паблікі, прысвечаныя адзінаборствам, абляцелі свежыя фатаграфіі з акаўнта дырэктара полацкага спартыўнага клуба «Патрыёт» Сяргея Фірсава з берагоў Краснадарскага краю. На іх трэнер, які падпісаў праўладны ліст спартсменаў, і яго непаўналетнія падапечныя пазіруюць з нанесенай на цела літарай Z — сімвалам вайны, якую развязала Расія ва Украіне.
Біяграфію Фірсава даследавала «Тр*буна» і выявіла, што ў дадатак трэнер-ябацька хлусіць пра свае нібыта гучныя спартыўныя дасягненні.
На сайце спортклуба «Патрыёта» можна даведацца, што Фірсаў паспявае трэніраваць адразу ў шасці відах адзінаборстваў — самба, баявое самба, дзюдо, самаабарона, грэплінг і MMA.
Спартыўныя заслугі Фірсава, пералічаныя на ўсё тым жа сайце,
таксама ўражваюць. Да прыкладу, там сцвярджаецца, што палачанін «пяціразовы пераможца Кубка свету па дзюдо», хоць у спісе рэальных
пераможцаў беларуса няма. Такі россып тытулаў робіць з Фірсава зорку сусветнага
спорту, аднак у спартыўнай супольнасці ён не лічыцца топавым байцом.
У іншых публікацыях Фірсава колькасць тытулаў нават
узрастае. У студзені 2021-га з яго Instagram стала вядома, што ён мае золата чэмпіянату свету па самба.
Як аказалася, званне чэмпіёна свету Фірсаў прыпісаў сабе за
перамогу ў 2020 годзе на спаборніцтве пад сумнеўнай назвай «Чэмпіянат
свету па самба сярод майстроў на прызы Саюзнай дзяржавы», які не мае
нічога агульнага з сапраўдным чэмпіянатам свету. ЧС-2020 прайшоў у сербскім
Нові-Садзе, дзе ў вагавай катэгорыі Фірсава (да 100 кг) золата ўзяў беларус
Андрэй Казусёнак. Аднак гэты факт не перашкаджае кіраўніку «Патрыёта» прыпісваць сабе чужыя дасягненні.