Пакаленне «Next». Чым займаюцца ўнукі Лукашэнкі?
Усе трое сыноў дыктатара прыстроеныя — і так ці іначай маюць дачыненне да «кармушкі». А вось чым займаюцца ўнукі? Ці пашчасціла ім «піліць» дзяржбюджэт?

Лукашэнка са сваімі ўнучкамі. Фота: president.gov.by
10 лістапада «Зеркало» звярнула ўвагу на тое, чым займаецца ўнучка дыктатара Аляксандра Лукашэнкі Настасся — дачка Дзмітрыя Лукашэнкі (сын Аляксандра і кіраўнік яго спартыўнага клуба) і Ганны Лукашэнка (не так даўно стала пісаць тэксты да песень, якія ўсяляк прасоўваюцца на рэжымнай эстрадзе — нават БАТЭ прыцягвалі).
Звесткі знайшліся на сайце юрыдычнага факультэта Маскоўскага дзяржуніверсітэта, дзе з 2021-га вучыцца Настасся. Як аказалася, у гэтым навучальным годзе яна стала куратаркай адной з груп першакурснікаў факультэта — ці, як там гавораць, увайшла ў «каманду настаўнікаў», для чаго нават прайшла адбор (бралі 20 з 30 кандыдатаў), піша «Трыбуна». Адна з калег Лукашэнка па гэтай камандзе Дар'я Краўчанка ў 2022-м выйграла чэмпіянат Расіі U-20 па лёгкай атлетыцы ў эстафеце 4х100 метраў. А яшчэ ва ўсіх «настаўнікаў» апублікаваныя спасылкі на профілі ў сацсетках — дзякуючы гэтаму мы ведаем, што ў віртуале Настасся носіць псеўданім Кулакова (гэта, дарэчы, рэальнае прозвішча сястры яе маці).
Глядзіце таксама

Але наогул пра Настассю за два з лішнім гады вучобы ўсяго пара навін. Так, у лютым гэтага года Лукашэнка пад балалайку зачытала ўрывак з Якуба Коласа, для чагосьцi ўставіўшы ў радок «і там душою спачываю» чужое для беларускай мовы слова «ціхонька». А ў снежні 2021-га выйшла ў фінал танцавальнага конкурсу (там не ўзяла ні адной намінацыі) дзякуючы выкананню павольнага вальса — пад тэму з амерыканскага мультфільма «Анастасія» — з партнёрам-аднагрупнікам Саідам Магамедам Ізарыпавым, якім ганарылася за праведзеную ім працу. Пра Ізарыпава на сайце юрфака знаходзіцца адна навіна — свежая: месяц таму хлопец стаў пераможцам факультэцкага «свята спорту». Праўда, у кібердысцыпліне: з напарнікам выйграў турнір па CS:GO.
У роднай сястры Настассi таксама ёсць своеасаблівая сувязь са спортам. Дар'я Лукашэнка — вядучая шоу «Героі», якое паказваюць на галоўным рэжымным тэлеканале «Беларусь 1». Перадачу на дзяржТБ прасунуў спартыўны клуб Лукашэнкі (пад кіраўніцтвам бацькі Дар'і і Анастасіі, так), у ёй спаборнічаюць у прыкладным пажарна-выратавальным спорце, які культывуецца пры рэжымным МНС. Першы сезон выйшаў яшчэ год таму — аказалася, што фармат дэ-факта «сабраны» з розных папулярных праграм мінулых гадоў. Дар'ю ж паставілі нібыта «суддзёй» — і далі ў гонар гэтага псеўданім «Юста» (ад імя рымскай багіні правасуддзя Юстыцыі — якая злая іронія!). Праўда, на справе Лукашэнка толькі аб'яўляла правілы, вынікі і рашэнні рэальных суддзяў у спрэчных сітуацыях.
Глядзіце таксама

На канькабежным стадыёне «Мінск-Арэны» з таго часу прайшлі здымкі яшчэ двух сезонаў «шоу». Адзін ужо выйшаў гэтай восенню — там па-ранейшаму выступаюць падлеткі, але цяпер не толькі з Беларусі: было па дзве каманды з Расіі і Узбекістана і нават адна з краіны Еўрасаюза — Славакіі (мясцовы Саюз пажарнага спорту, які адправіў каманду ў рэжымны праект, відавочна, не хвалюе рэпутацыя). Вобраз «Юсты» амаль не змяніўся, ды і яна ўсё так жа прамаўляе свой тэкст рабатызаваным голасам і распушчаецца ў паветры напрыканцы кожнай перадачы. Напэўна, так застанецца і ў трэцім сезоне, дзе дзяцей заменяць рэжымныя «селебрыці», у тым ліку ад спорту: удзельнічаюць экс-баскетбаліст зборнай Аляксандр Кудраўцаў, чэмпіён АГ-2014 па фрыстайле Антон Кушнір, кіраўнік ФХБ Аляксандр Багдановіч, гендырэктар хакейнага «Дынама» Арцём Каркоцкі, старшыня Федэрацыі барацьбы Алім Селімаў, яго тэнісны калега Сяргей Рутэнка, раліст Сяргей Вязовіч, кікбаксёрка Кацярына Вандар'ева і экс-тайбаксёр Дзмітрый Шакута, які ўсё ніяк не атрымае ад «правасуддзя» Лукашэнкi за гібель Рамана Бандарэнкі.
Глядзіце таксама

Зрэшты, самая зразумелая сувязь са спортам з унукаў Лукашэнкі — у Аляксандра. Цёзка дзеда — сын непрызнанага кіраўніка рэжымнага «алімпійскага камітэта» Віктара Лукашэнкі. Аляксандр-малодшы, як і бацька, гуляе ў хакей у аматарскім чэмпіянаце Мiнска за праект «Бастыён», які аб'яднаў вядомых «сілавікоў» рэжыму і ахоўнікаў Лукашэнкі, а трэніруе іх усіх любімчык Аляксандра-старэйшага Дзмiтрый Баскаў.
У Аляксандра-ўнука ў цяперашнім сезоне павышэнне: праз чатыры гады ў «Бастыёне-2» яго перавялі ў першую каманду клуба, якая рэгулярна выйграе мінскі Д3 і адмаўляецца павышацца. Там Лукашэнка стаў сукаманднікам свайго аднагодка-сваяка Мікалая (абодва нарадзіліся ў 2004-м, толькі дзядзька 31 жніўня, а пляменнік — 13 верасня). Аляксандр у «Бастыёне» паўдзельнічаў у чатырох з пяці гульняў сезона і закінуў дзве шайбы.