Памёр легендарны беларускі канькабежац Ігар Жалязоўскі
Беларускі канькабежац Ігар Жалязоўскі памёр ва ўзросце 58 гадоў. Пра гэта ТАСС паведаміла выканаўчы дырэктар Саюза канькабежцаў Расіі Варвара Барышава. «Жалязоўскі памёр сёння раніцай», — сказала яна.
«На жаль, пакуль не можам звязацца з роднымі і блізкімі, каб выказаць спачуванні і даведацца інфармацыю. Па нашых звестках, Жалязоўскі памёр сёння ў 7:15. Гэта заўчасная страта, ён легенда спорту. Развітанне і пахаванне адбудзецца ў панядзелак», — сказала Варвара Барышава.
Ігар Жалязоўскі з'яўляецца срэбным прызёрам Алімпійскіх гульняў у
Калгары (1988) і бронзавым — Алімпійскіх гульняў у Лілехамеры (1994) на дыстанцыі
1000 м. На яго рахунку шэсць перамог на чэмпіянатах свету ў спрынтарскім
мнагабор'і (1985, 1986, 1989, 1991-1993) і бронзавая ўзнагарода сусветнага
першынства-1990.
На Гульнях у Лілехамеры Ігар Жалязоўскі быў сцяганосцам і падчас афіцыйных цэрэмоній нёс бел-чырвона-белы сцяг. Таксама шасціразовы чэмпіён быў прыхільнікам перамен у Беларусі. Апошнім часам ён жыў у Маскве, дзе займаўся бізнесам.
«Новы Час» выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім Ігара Жалязоўскага.