«Рашэнне Савета Міністраў паўплывала». З мінскага «Дынама» сышоў трэнер

Футбольнае першынства краіны сышло на двухтыднёвы перапынак. Не, не дзеля таго, каб адпачыць і павітаць надыход лета дзесьці на барбекю ці якім іншым пленэры. Каляндар вышэйшай лігі расшчапілі патрэбы нацыянальнай зборнай — ёй якраз гуляць таварыскія матчы.

Леанід Кучук, фота pressball.by

Леанід Кучук, фота pressball.by

Адзін ужо адбыўся: у сераду беларусы прайгралі азербайджанцам — і нікога тым не здзівілі. Другі вось-вось: у панядзелак з цемнаскурымі хлопцамі са Сьера-Леонэ, але гэта яшчэ не дакладна.
Сапернікі, што казаць, гэтым разам вельмі годныя. І не шукайце іронію там, дзе яе няма. Бо калі б у календары здарылася якая-небудзь каманда з Заходняй Еўропы, то не пабачылі б яе, хутчэй за ўсё, на нашых неспакойных перакрыжаваннях. Вунь літоўцы ўжо адмовіліся ехаць у Мінск, вунь кіпрыёты таксама спаслаліся на непераадольныя абставіны, вунь адмянілі кантынентальны чэмпіянат па велатрэку… Ну, вы ведаеце — палітыка, лагістыка ды ўсё такое іншае. А з Афрыкі і Закаўказзя самалёты яшчэ лётаюць, махаючы крыламі, хай сабе і складанымі маршрутамі. Зрэшты, наконт панядзелкавай гульні са сьера-леонцамі пакуль поўнай яснасці няма — можа, не прыляцяць і яны.

«Я ўжо напісаў заяву»

Няпроста ўсё цяпер і ў самой беларускай зборнай. Пасля непазбыўных 0:8 у Бельгіі і ахвярнага звальнення галоўнага трэнера Міхаіла Мархеля каманду аддалі на «ператрымку» Георгію Кандрацьеву — былому асістэнту настаўніка. Надалі яму статус «выконваючага абавязкі», а там — ці будуць шукаць новага прарока, ці пакінуць усё як ёсць. Бо зразумела ж: якія б напалеонаўскія гарызонты ні акрэслілі ў той славутай канцэпцыі развіцця, рэчаіснасць не прынясе на нашы абшары анічога гераічнага. Бо няма грунту, рэсурсу, паліва — няма нічога, каб перці на высокія арбіты на першай касмічнай хуткасці.
Што да чэмпіянату, то за мінулым турам пацягнуўся прадказальны шлейф — трэнерская адстаўка ў мінскім «Дынама». Прайграўшы брэсцкаму «Руху», пра сыход з пасады абвясціў Леанід Кучук — ці не самы аўтарытэтны настаўнік сённяшняга беларускага клубнага футбола. Чаму тое прадказальна? Таму што сярод матываў звальнення знайшліся і «палітычныя» — так, менавіта тыя самыя, што звязаныя з дырэктыўным абмежаваннем па фінансавых выплатах. Мы пісалі пра гэтую нашумелую столь заробкаў — і пра наступствы, якія могуць падкрасціся ў найбліжэйшай будучыні. Ну і вось — здароў, марозны звонкі вечар!
«Я прыняў рашэнне сысці з “Дынама”, — сказаў Кучук пасля паразы 0:1 ад брэстаўчан. — Ужо напісаў заяву. Тут шмат прычын: дзесьці я вінаваты, дзесьці рашэнне Савета Міністраў паўплывала. І іншае, іншае, іншае... Дзякуй вам за ўвагу. І да сустрэчы».
Такі быў развітальны спіч галоўнага трэнера, і ў чацвер яго заяву працадаўца зацвердзіў. І нават часовы пераемнік быў прызначаны — Арцём Чэлядзінскі, малады спецыяліст з дынамаўскай сістэмы.
Зрэшты, галоўнае ж не ў тым, хто стане за стырно старэйшага футбольнага клуба Беларусі. Галоўнае — у абставінах, якія з ракіроўкай на трэнерскай пасадзе нікуды не дзенуцца. Бо столь заробкаў — гэта столь спартыўных вынікаў, і гэтую повязь на доўгай дыстанцыі яшчэ ніхто не абвяргаў. Два гады таму, «канфіскуючы» «Дынама» ў прадпрымальніка Юрыя Чыжа, улады меркавалі зрабіць яго ўстойліва паспяховым, што без шчодрага фінансавання немагчыма. Вядома, што былі планы па перадачы футбольнага актыву ў заможныя прыватныя рукі — у прэсу нават прасочваліся прозвішчы буйных бізнесоўцаў Віктара Пракапені і Міхаіла Гуцэрыева. Але, як кажуць, нешта пайшло не так — і ў выніку «Дынама» фактычна нацыяналізавалі.
Далей разлік быў просты: забяспечыць клубу зайздросныя ўмовы за кошт яго асобнай гістарычнай важкасці і адпаведнага адміністрацыйнага рэсурсу. Гэтым кірункам і рухаліся — і крочылі шырока, бо зімой змаглі «закантрактаваць» не толькі шэраг моцных гульцоў, але і вярнуць да альма-матэр дынамаўскія легенды — Сяргея Кісляка і Антона Пуцілу. Але ж вось пагрукаўся ў дзверы дакумент ад урада: ён патрабуе скараціць заробкі. І выглядае, што ўся мадэль «Дынама» 2.0 крышыцца наўпрост на нашых вачах.

Айчынная сатыра

Тут, дарэчы, паўстае цікавая акалічнасць: як яно так выкруцілася, што перад новым саўмінаўскім цыркулярам усе роўныя, але самае крывое — менавіта сталічнае «Дынама»? Часткова мы ўжо гэтае пытанне падсвечвалі: бо ў большасці каманд узровень аплаты плюс-мінус і так упісваецца ў акрэслены калідор, і ніхто макаўкай у тую столь не грукае. У становішчы, аналагічным дынамаўскаму, па вялікаму рахунку, аказаліся толькі два клубы — такія ж багаценькія і сілкуемыя за кошт у тым ліку дзяржаўных грошай. Гэта «Шахцёр» і БАТЭ, дзе хапае гульцоў з заробкамі большымі, чым тыя непераадольныя 8 ці 15 тысяч рублёў. Але ж у Салігорску і Барысаве, падаецца, знайшлі нейкія вакольныя шляхі. Бо, скажам, той жа «Беларуськалій» можа аформіць падтрымку і ў выглядзе рэкламных кантрактаў, а ў БАТЭ, напэўна, яшчэ засталіся фонды, сфарміраваныя ў гады ўдалых еўракубкавых эпапей. Таму яны пакуль і не енчаць, і на месцах іх трэнеры, а футбалісты кляпаюць перамогі і з задавальненнем засоўваюць карткі ў банкамат.
Пра «Дынама» гэтага нельга было сказаць і да абвешчанай «харчразвёрсткі». І тут, канешне, самы час падкрэсліць, што Леанід Кучук выбраў добрую нагоду для адстаўкі. Бо тое, што мінскі праект яму не даецца, выявілася задоўга да гэтага летняга абвастрэння. Ён узначаліў сталічны клуб летась у красавіку — і ўвесь гэты час каманду пад яго кіраўніцтвам адчувальна ліхаманіла. Была надзея, што сёлета, добра папрацаваўшы ў міжсезонне, дынамаўцы акрыяюць і ўсё ж выберуцца на сухую грэблю. Але мінула вясна — і відавочна, што хранічная сімптаматыка нікуды не падзелася. Мінчане нявесела кукуюць на пятым месцы ў табліцы, прыкметна саступаючы — што асабліва прыкра — канкурэнтам у якасці гульні.
Што ж, усё сышлося, у такім разе, і трэнерскае крэсла, якое так і не стала шчаслівым, Леанід Кучук пакідае з унутранай палёгкай. Сямнаццаць гадоў яго не было ў беларускім футболе — з тых часоў, як ён з’ехаў працаваць за мяжу. Там склалася — і ў Малдове, і ў Расіі, а вось другі заход у родныя мясціны аказаўся блуканнем у лабірынце.
Трэцяга заходу, мабыць, не будзе. І не толькі таму, што Кучуку хутка 62 гады і бліжэйшы час ён яўна плануе правесці ў адпачынку — меркавана, у Адэсе, дзе адчувае сябе як дома. Проста з футболам нашым цяпер адбываецца нешта не тое — і спецыялісты пра гэта кажуць прамым тэкстам. Часам сугучна з эпічнай разанаўскай камедыяй «Гараж»: «Вы чым займаецеся?» — «Сатырай». — «Замежнай?» — «Нашай». — «У вас цудоўная прафесія. Вы займаецеся тым, чаго няма».

Светлая пляма

Зрэшты, занадта драматызаваць усё-ткі не варта. Беларускі футбол — не айчынная сатыра, ён ёсць, проста крыху нягеглы, як і шмат што іншае. Тут галоўнае — знаходзіць разынкі пасярод вязкай мякіны. А яны знаходзяцца. Вось, напрыклад, «Гомель», які на сёння займае трэцяе месца ў пелетоне.
Яшчэ год таму гэты клуб боўтаўся ў першай лізе, маркотна разграбаючы наступствы скандалу з дамоўнымі матчамі. Жыццё здавалася болем, бо як жа: другі па насельніцтве горад краіны, цудоўны стадыён, шматлікія заўзятары… Такому бэкграўнду пасуе моцны футбол, але яго гамяльчане неяк паступова страцілі — пасля баявых нулявых і пачатку дзясятых гадоў, калі і золата чэмпіянату выйгравалі, і Кубак краіны бралі, а ў еўракубках нават супернічалі з зорным «Ліверпулем».
І вось пасля гэтага — багна першай лігі, куды паўднёвая каманда, зрэшты, падала і раней. Аднак тут важна хутка падняцца, і, відаць, гэтым разам у гамяльчан гэта атрымліваецца. Пасля 11 тураў яны займаюць пачэсны «бронзавы» радок — ім у патыліцу дыхаюць і статуснае мінскае «Дынама», і багаценькі «Рух». І як тут не згадаць, што і футбалісты з пазіцыяй у «Гомелі» ёсць — тыя, што публічна адмовіліся ад подпісаў пад лістом праўладных спартсменаў, дый галоўны трэнер Іван Біёнчык годна выказваўся наконт сітуацыі ў краіне.А цяпер яны і на полі паказваюць клас і зусім не падобныя да андэрдогаў ні прафесійна, ні ментальна.  
ЧЭМПІЯНАТ БЕЛАРУСІ. ТУР 1128.05. ВІЦЕБСК — СМАРГОНЬ — 5:0 (1510; Вандэрсан, 16, Дыега Сантас, 31, Матвеянка, 48, 67, Чарвякоў, 77). ДЫНАМА (Мінск) — РУХ (Брэст) — 0:1 (2150; Лапцеў, 55).29.05. ТАРПЕДА-БЕЛАЗ (Жодзіна) — ШАХЦЁР (Салігорск) — 0:1 (1215; Дарба, 28). БАТЭ (Барысаў) — СЛАВІЯ (Мазыр) — 3:0 (2250; Скавыш, 17, 59, Умараў, 43). НЁМАН (Гродна) — СПАДАРОЖНІК (Рэчыца) — 2:2 (540; Куадзіа, 51, Курловіч, 78-аўтагол — Канцадайлаў, 17, з пенальці, Санец, 39).30.05. ГОМЕЛЬ — МІНСК — 5:0 (3100; Сайчыч, 3, Салавей, 22, Пабудзей, 48, Лявіцкі, 63, Кастроў, 85). СЛУЦК — ІСЛАЧ (Мінскі раён) — 2:1 (847; Альфрэд, 34, 76 — Камароўскі, 80). ДЫНАМА (Брэст) — ЭНЕРГЕТЫК-БДУ (Мінск) — 0:1 (3876; Васільеў, 56).

ekranny_zdymak_z_2021_06_03_21_46_53.png