Сэксуальны гвалт з боку афіцыйнай асобы, дзьве лепшых каманды ў фінале: як прайшоў раўнд 1/2 фінала Чэмпіяната Эўропы
Іх засталося толькі дзве. У нядзелю мільёны людзей ва ўсім сьвеце будуць сачыць за, спадзяемся, вялікай гульнёй. За адну каманду будзе заўзець кароль Карл ІІІ, за іншую – кароль Фэліпэ VI. А што адбылося напярэдадні?
Спынімся напачатку на па-за гульнявымі навінамі.
Сябра дэлегацыі зборнай Албаніі падазраюць у згвалтаваньні
Інцыдэнт адбыўся ў Нямеччыне падчас Эўра-2024, а менавіта 23 чэрвеня. 18-гадовая супрацоўніца гатэля спартовай школы Кайзэраў, дзе месьцілася зборная Албаніі, зьвярнулася ў паліцыю з заявай аб сэксуальным гвалце.
Паводле яе словаў, сябра дэлегацыі албанскай каманды заштурхнуў яе на кухню, пацалаваў і ўчыніў гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару. Нягледзячы на зварот пацярпелай у паліцыю, падазраваны змог бесперашкодна вярнуцца дадому пасьля вылету зборнай Албаніі з чэмпіянату Эўропы. У пракуратуры заявілі, што ордэр на арышт албанца яшчэ ня быў выдадзены.
Сцьвярджаецца, што падазраваны, 26-гадовы мужчына, не зьяўляецца ні футбалістам, ні высокапастаўленым чыноўнікам федэрацыі. Атрымліваецца ён – нізкапастаўлены супрацоўнік албанскага футбола. Як толькі аб здарэньні стала вядома, ён быў адхілены ад працы ў Федэрацыі футбола Албаніі. Спадзяемся, так сапраўды сталася, бо праверыць інфармацыю не магчыма, бо імя меркаванага гвалтаўніка не разгалошваецца.
Паводле нямецкага заканадаўства, гвалтаўніку пагражае не менш за два гады турмы. У пракуратуры паведамілі, што цяпер трэба высьветліць пытаньне аб віне, наколькі мужчына змог зразумець адмову маладой жанчыны.
Гішпанія – Францыя
Гішпанія па справе прайшла французаў, хаця ад пірынэйцаў чакалі яшчэ больш яскравай гульні. Усё ж Францыя гэта не Харватыя. Героем гульні можна назваць школьніка Ламіна Ямаля, які забіў у французскія брамы праз некалькі хвілінаў пасьля дакладнага стрэла Кало-Муані.
Цікавая дэталь: абутак гішпанскага вундэркінда ўпрыгожвалі два сьцягі. Ніводны зь іх ня быў гішпанскім. Затое ёсьць Марока і Экватарыяльная Гвінэя. Сам Ямаль нарадзіўся ў Гішпаніі, а яго бацька з Марока, а маці з Экватарыяльнай Гвінэі.
У ХХІ стагодзьдзі падобнага прадстаўніцтва не ў «родных» зборных усё больш, таму зьдзіўляцца трэба ўсё меньш.
Эмануэль Макрон ацаніў выступ зборнай Францыі на Эўра-2024: «Яны вывелі нас у 1/2 фіналу чэмпіянату і прымусілі перажываць да апошняй сэкунды. Дзякуй, "сінія". Віншуем нашых гішпанскіх сяброў», - напісаў прэзідэнт Францыі.
Кіліян Мбапэ і іншыя палітычна актыўныя футбалісты зборнай нібы выдахліся пасьля агучваньня вынікаў выбараў на радзіме. Столькі імпэту яны выдаткоўвалі, каб перадаць сваю аналітыку французам, што на працу ўжо не засталося энэргіі. Мбапэ, які выйшаў на гульню з Гішпаніяй ужо бяз маскі, выглядаў так, нібы апрануў плашч, пад якім яго не было заўважна. Апроч прыгожага галявога пасу, Кіліян ні з чым карысным заўважаны ня быў.
Яго сябры па левым народным фронце афіцыйна не перадавалі прывітаньне і падзяку.
Сам Мбапэ і яшчэ каля пятнаццаці гульцоў, прызямліліся ў французскім аэрапорце «Ле-Буржэ». Капітан зборнай Францыі з усьмешкай заявіў журналістам: «Адпачынак, адпачынак, адпачынак», – затым сеў у таксі і зьехаў. Разам зь ім і надзеі французаў.
Англія – Нідэрлянды
Кароль Вялікай Брытаніі Карл ІІІ павіншаваў зборную Англіі з выхадам у фінал Эўра-2024.
«Мы з жонкай далучаемся да ўсёй нашай сям'і і перадаем вам самыя цёплыя віншаваньні з выхадам у фінал чэмпіянату Эўропы, а таксама найлепшыя пажаданьні на нядзельны матч.
Дазволю сабе заклікаць вас атрымаць перамогу да таго, як узьнікне неабходнасьць у чароўных галах на апошняй хвіліне або ў чарговай драме ў сэрыі пэнальці — тады, я ўпэўнены, ціск і пульс ва ўсёй краіны моцна зьмякчэюць! Посьпеху, Англія», – гаворыцца ў паведамленьні Карла III.
Акрамя гэтага Гарэт Саўтгэйт можа атрымаць рыцарскі ордэн у выпадку перамогі Англіі на Эўра-2024. Галоўны трэнер зборнай Англіі стаіць у чарзе на атрыманьне Ордэна Брытанскай імпэрыі. Зрэшты Саўтгэйт можа атрымаць узнагароду нават у тым выпадку, калі Англія не выйграе чэмпіянат Эўропы — трэнер быў блізкі да атрыманьня ордэна ў 2021 годзе, калі Англія саступіла Італіі па пэнальці ў фінале Эўра-2020.
Таксама паведамляецца, што ў выпадку перамогі Англіі Хары Кейн можа быць падвышаны ў званьні да афіцэра, а іншыя гульцы зборнай будуць узнагароджаныя ганаровымі граматамі. Цяпер форвард зьяўляецца кавалерам Ордэна Брытанскай імпэрыі — гэта самы першы з 5 разрадаў.
Англія пры Гарэце Саўтгэйце яшчэ ні разу не саступала на Эўра ў гульнявы час. Пад кіраўніцтвам Саўтгэйта Англія прыняла ўдзел у 13 матчах на чэмпіянатах Эўропы. Адзіная параза была па пэнальці ў фінале Эўра-2020.
У гульнявы час ангельцы пры гэтым трэнеры пакуль не пераможаныя.
Новы прэм’ер-міністар Англіі лейбарыст Кір Стармэр спрабуе таксама “прымазацца” да посьпехаў зборнай: «Якая гульня Англіі і які пераможны гол. Бэрлін, мы ідзем!». Гучыць крыху на мове другой сусьветнай. Але гэта футбол!
Здавалася, каманда Гарэта Саўтгэйта выйдзе ў дадатковы час у трэцяй гульні запар пасьля абмену галамі ў першым тайме. Але потым выйшлі двое і зрабілі тое, што паабяцалі адзін аднаму.
Олі Ўоткінс прынес Англіі выхад у фінале Эўра: выйшаў на 81-й хвіліне замест Хары Кейна, а на 90+1 забіў пераможны мяч Нідэрляндам!
Сам Уоткінс ня быў зьдзіўлены такому ходу падзеяў. Ён напісаў:
«Клянуся жыцьцём і сваімі дзецьмі: сказаў сёньня Коўлу Палмэру, што мы выйдзем, ён створыць момант, а я забью».
Менавіта разам з Палмэрам на 81 хвіліне Ўоткінс выйшаў на поле. Палмэр аддаў пас, Уоткінс вывеў ангельцаў у фінал.
Фінал: Гішпанія – Англія. Вы за каго?