Праклён Хары Кейна: што мы даведаліся па выніках Эўра-2024
Самая яскравая каманда выйграла турнір, самая таямнічая дала ёй сур’ёзны бой, і ўсяго за некалькі хвілінаў да канца вынік быў замацаваны апошнім голам Чэмпіянату. Інтрыга жыла да канца ці мы ўсё ведалі ад самага пачатку?

Галоўны трэнер зборнай Англіі Гарэт Саўтгэйт выглядае вельмі ўпэўненым, а некаторыя скажуць абсалютна неадэкватным у пытаньні фармаваньня складу каманды, і, галоўнае, тактыкі. У яго ёсьць фантастычная магчымасьць камбінаваць неймаверна таленавітае пакаленьне ангельцаў, і абіраць ледзьве не з трох чалавек на кожную пазыцыю. Ён, збольшага, так і робіць, і абірае заўжды адзін і той жа склад (за рэдкім выключэньнем). Як вынік – два запар фінала на Эўра.
Такое дасягненьне ня сьнілася ніводнаму трэнеру зборнай Англіі ў гісторыі. Раней лепшым вынікам быў выхад толькі ў паўфінал. Але чаму ўсіх жывых і мёртвых сабакаў вешаюць на Гарэта? Відавочным зьяўляецца яго сьляпая вера ў цудоўнага бамбардыра ўсёй нацыі – Хары Кейна.
Мы ўсе любім і захапляемся яго індывідуальнай статыстыкай. Да сваіх гадоў ён ужо зьяўляецца лепшым галеадорам зборнай у гісторыі, ён назабіваў больш за 200 галоў у Прэм’ер-Лізе за Тотэнхэм, ён бліскуча закідваў у сетку мячы ў складзе сваёй новай каманды летась – за Баварыю. І ўсё ж такі, што ня так з Хары Кейнам?
Глядзіце таксама

Тытулы. Уся справа ў іх. За сваю доўгую кар’еру элітны нападнік Хары Кейн выйграў роўна нуль тытулаў. Гэта амаль немагчыма асэнсаваць, бо футбаліст выступаў не за каманды ўзроўню Фулхэма ці Бэрнлі.
Хары Кейн да фінала Эўра-2024 прыймаў удзел у 5 фіналах. Вынік вы ўжо разумееце, мы нагадаем факты.
У 2015 годзе Тотэнхэм сустрэўся ў фінале Кубка ангельскай Лігі з Чэлсі – і прайграў 0-2. У 2019 годзе неверагодны праход па турнірнай сетцы Лігі Чэмпіёнаў дазволіў клюбу Кейна трапіць у фінал, дзе Лівэрпуль быў мацней 0-2. У 2021 годзе яшчэ адзін фінал Кубка ангельскай Лігі – Тотэнхэм біўся з Манчэсьцер Сіці і – прайграў 0-1.
У тым жа 2021 годзе Англія прабілася ў фінал Эўра-2020 (нагадаем турнір быў перанесены на год у сувязі з каранавірусам). Вынік – Італія перамагае ў серыі пэнальці ангельцаў.
«Пройгрыш у фінале Эўра-2020 на «Ўэмблі» застанецца са мной да канца маёй кар'еры. З такімі рэчамі ніколі не зьмірышся. Спадзяюся, мы выйграем некалькі буйных турніраў. Прайграваць заўсёды балюча, але я ўжо звык да такога, звык вяртацца ў гульню», – прызнаваўся Кейн праз паўгода пасьля турніру.
Глядзіце таксама

У 2023 годзе Хары Кейн прымае новы выклік і пераходзіць у каманду, якая ў сваім чэмпіянаце не бачыць канкурэнтаў – нямецкую Баварыю. Мюнхэнцы да гэтага часу 10 гадоў запар былі чэмпіёнамі Нямеччыны. Вось тут і павінны быў здарыцца прарыў, але… Напярэдадні старту чэмпіяната адбывалася гульня за суперкубак краіны, дзе сустракаліся чэмпіён і ўладальнік кубка Нямеччыны. Хары Кейн упэўнена пайшоў за першым і кубкам, і … Баварыя прайграе РБ Лейпцыг з ганебным лікам 0-3.
Больш за тое, у мінулым сэзоне Баварыя ўепршыню за 12 гадоў ўвогуле не атрымала ніводнага кубка – чэмпіянат быў датэрмінова аддадзены Байеру, а ў кубку Хары Кейн з партнэрамі склалі ласты вельмі рана.
І вось надыйшоў Чэмпіянат Эўропы 2024 года. Англія, недзе з рыпеньнем, недзе з фартам, а дзесьці з несумненным майстэрствам, праходзіць раўнд за раўндам і трапляе ў фінал. Хары Кейн, капітан зборнай Англіі выходзіць на поле супраць зборнай Гішпаніі.
Вынік вы ўжо ведаеце. За ўсе тыя фіналы ў кар’еры Хары Кейн не забіў ніводнага гала, і, што больш істотна – не ўзьняў па-над галавою ніводзін кубак.
Праклён, ня інакш. Што мог зрабіць трэнер зборнай, у хуткім часе рыцар Гарэт Саўтгейт? Выключыць жывы помнік са складу? Я скажу: так, безумоўна, нягледзячы нават на тое, што па выніках Эўра-2024 Кейн стаў (разам зь яшчэ шэрагам футбалістаў) лепшым бамбардырам турніру з 3 галамі на рахунку.
«Ні для каго не таямніца, што я не ўзяў ніводнага каманднага трафея. І з кожным годам у мяне зьяўляецца ўсё больш матывацыі і рашучасьці зьмяніць гэтае. У мяне будзе магчымасьць здабыць адну з найбуйнейшых перамогаў і ўвайсьці ў гісторыю Англіі. Я б прамяняў усе свае дасягненьні на перамогу ў фінале» — казаў Хары Кейн напярэдадні.
Глядзіце таксама

А ўжо па гарачых сьлядах прайгранага фіналу Кейн паведаміў:
«Цяжка перадаць словамі, што мы ўсе зараз адчуваем. Гэта быў цяжкі матч. Мы добра папрацавалі, вярнуліся ў гульню, і пастараліся разьвіць яе. Прапускаць у канцоўцы матча сапраўды крыўдна. На працягу ўсяго турніра мы адыгрываліся. Мы не змаглі зрабіць наступны крок і перамагчы.
У першым тайме мы змагаліся з усіх сілаў. Мы не змаглі ўтрымаць мяч. У другім тайме мы дадалі і забілі гол. Нас злавілі на прастрэле, і гэта быў канец.
Мы страцілі свой шанец. Выйсьці ў фінал няпроста. Трэба карыстацца шанцам, калі ён зьяўляецца, і мы зноў гэтага не зрабілі. Гэта вельмі балюча і так будзе яшчэ доўга. Гарэту Саўтгейту спатрэбіцца час, каб прыняць рашэньне. Мы хацелі выйграць гэты фінал для яго», – сказаў капітан зборнай Англіі.
А напрыканцы неабходна павіншаваць цудоўную зборную Гішпаніі. Яе перамога прадказвалася шмат кім яшчэ напярэдадні Эўра.
Гуляйце ў футбол, глядзіце футбол!