Стыль свабоды. Як фрыстайл стаў самым антылукашэнкаўскім відам спорту
Пра адкрыты ліст спартоўцаў і працаўнікоў галіны ведаюць ужо, здаецца, усе. Рашучая нязгода з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў — і патрабаванні правесці новыя. Эмацыйнае асуджэнне гвалту праваахоўнікаў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў — і заклік да расследавання і пакарання адказных за зверствы.
Фактычны ўльтыматум — у выпадку пераследу аўтараў маніфесту яны пакідаюць за сабою права салідарна рэагаваць. Аж да таго, каб адмовіцца ў будучым удзельнічаць у спаборніцтвах у складзе зборнай Беларусі. І ў дадатак паведаміць пра рэпрэсіі ў міжнацыянальныя спартовыя інстанцыі, у тыл ліку Міжнародны алімпійскі камітэт.
Між мінулым і будучыняй
Ліст выклікаў буйны рэзананс, і, натуральна, не толькі ў вузкапрафесійным асяродку. Кажуць, замітусіліся міністэрствы-ведамствы, паспрабавалі аказаць ціск, застрашыць наступствамі. Але затым, выглядае, занялі пазіцыю тактычнага чакання. Зразумела: гэта не забастоўку на фабрыцы задушыць ці зняць са шматпавярховіка чарговы бел-чырвона-белы сцяг. Калі супраць улады выступаюць зоркі і алімпійскія чэмпіёны — гэта з усіх бакоў асаблівы выпадак.
Пад пасланнем спартыўнай грамадскасці падпісаліся амаль 350 чалавек. Шмат сярод іх простых і ўразлівых працаўнікоў — функцыянераў ды трэнераў. Ёсць журналісты і прадстаўнікі прэс-службаў. Ёсць славутасці мінулага — такія, як плыўчыха Аляксандра Герасіменя, баскетбалісты Аляксандр Куль і Ягор Мешчаракоў, баскетбалістка Таццяна Троіна, лёгкаатлетка Надзея Астапчук, гандбаліст Дзяніс Рутэнка, вясляр Дзям’ян Турчын. Ёсць дзеючыя атлеты, у тым ліку вельмі статусныя — як капітан жаночай баскетбольнай зборнай Кацярына Сныціна і яе калега-цэнтравая Алена Леўчанка, лёгкаатлеткі Вольга Мазуронак, Марына Арзамасава, Эльвіра Герман, дзесяціборац Андрэй Краўчанка, баксёр Дзмітрый Асанаў, плывец Павел Санковіч, валейбалісты Артур Удрыс, Андрэй Радзюк, Сяргей Антановіч…
Шмат выключна годных людзей, якія не пабаяліся выказаць грамадзянскую пазіцыю пасярод небывалага цунамі рэпрэсій і беззаконня. Амаль няма футбалістаў і хакеістаў, але гэта ўжо даўно нікога не здзіўляе. Самае ж цікавае ў тым, што ліст падпісалі лідары аднаго з самых паспяховых і медаляёмістых відаў спорту — фрыстайлу. Пра што хочацца сказаць асобна.
Патрыярх Казека
Фрыстайл — гэта так званая лыжная акрабатыка. Высокія палёты і не заўсёды мяккія пасадкі на снежны схіл. Гэта небяспечны і прыгожы від спорту, які добра ведаюць і шануюць у Беларусі.
Нават калі да спорту вы абыякавыя, усё адно павінны ведаць, хто такія Аляксей Грышын, Дзмітрый Дашчынскі, Ала Цупер ці Антон Кушнір. Гэта беларускія спартовыя знакамітасці, якія рэгулярна здабывалі медалі на Алімпіядах і Кубку свету. Гэта людзі, якія шмат гадоў глядзелі на нас з тэлеэкранаў і вулічных бігбордаў. Беларускі фрыстайл — гэта як славутыя «танчыкі». Зроблены ў нас, але ведаюць яго ўсюды. Гэта нацыянальны здабытак — асабліва паважаны тым, што канкурэнцыю яму аказваюць расіяне і кітайцы з іх магутнымі рэсурсамі, а ён квітнее ўжо каторае дзясяцігодзе.
Бацька (вось тут без аніякай іроніі) беларускага фрыстайлу — трэнер Мікалай Казека. Ён яго фактычна стварыў напачатку суверэнітэту, і ён жа па сённяшні дзень застаецца ў фарватары, рухаючы са сваімі выхаванцамі насустрач чарговай Алімпіядзе. У красавіку Мікалаю Іванавічу споўнілася 70 гадоў, але ён захоўвае бадзёрасць, энтузіязм і волю да перамогі. Здаецца, адсунь яго ад любімай справы — той справе будзе гамон ці каля таго.
Казека падпісаў адкрыты зварот спартоўцаў з нагоды апошніх падзей у краіне. У гэтым ёсць пэўная сенсацыя, бо, як шмат хто з людзей сталага веку, 9 жніўня ён галасаваў за Аляксандра Лукашэнку. І гэтага асабліва не хаваў.
Аднак прайшло пару тыдняў — і меркаванне мэтра радыкальна змянілася. Не будзем варажыць, што перакулілася ў свядомасці патрыярха беларускага спорту. Не ён такі адзін, хто да нязменнага кіраўніка краіны ставіўся памяркоўна, але затым быў моцна ўражаны развіццём падзей. Беспардонныя 80 працэнтаў, абвешчаныя выбаркамам на чале з непараўнальнай Лідзіяй Ярмошынай. Жудасны гвалт амапаўцаў і іншых сілавікоў, каб знішчыць народны пратэст. Чалавек з рэфлексіяй і эмпатыяй, Мікалай Казека проста не змог ад гэтага адгарадзіцца. А затым не змог і прамаўчаць. І цяпер ён у шэрагу тых, каму сумленне не дазваляе жыць з гэтым далей.
Чэмпіёнка Гуськова
У лютым 2016 года Лукашэнка дасылаў да Ганны Гуськовай узнёслыя віншаванні. Прэса цытавала: «Абараняючы гонар краіны, ты падарыла беларусам сапраўднае свята. Сёння ўсе з заміраннем сэрца сачылі за яскравым, самаадданым выступленнем, якое прынесла нам першае, такое доўгачаканае золата Алімпіяды…»
Не дзіва: Ганна насамрэч нарабіла шоргату ў алімпійскім Пхенчхане, калі сягнула ў пераможную далеч і стала лепшай фрыстайлісткай свету. Казека звыкла каардынаваў яе фінальны скачок, стоячы прама на схіле, а потым па-бацькоўску абдымаў гераіню пад вобліскі фотаўспышак. Тады ж кіраўнік дзяржавы ўзнагародзіў Гуськову ордэнам Айчыны ІІІ ступені, яна адзначыла ў інтэрв’ю яго ўвагу, і гэта выглядала як ідылія. Цягам аднаго дня Ганна ўвайшла ў шэрагі беларускіх спартовых селебрыці, і яшчэ доўга-доўга пасля вяртання на радзіму не ведала адбою ад журналістаў.
Магла б гэтак і далей. Непрыкметна адмаўчацца ў гэтыя жнівеньскія дні, як гэта робяць тыя ж футбаліст Аляксандр Глеб ці хакеіст Міхаіл Грабоўскі. Ці здзейсніць акт палітэсу, выступіўшы супраць гвалту, як тэнісістка Вікторыя Азаранка і біятланістка Дар’я Домрачава, «не заўважыўшы» статыстычных анамалій пры падліку галасоў.
Магла б — але зрабіла інакш. Гуськова таксама падпісала адкрыты ліст спартоўцаў з пагрозай адмовіцца ад зборнай, калі «вертыкаль» будзе ціснуць. Ганна праявіла грамадзянскае пачуццё, па сутнасці, паставіўшы яго вышэй за ўласныя перспектывы. Спартыўныя — бо што будзе далей? Фінансавыя — бо чаго-чаго, а скарачэння грашовых выплат ад роднай дзяржавы чакаць нядоўга. І многіх іншых, замест чаго яна зараз атрымлівае падзяку і павагу простых людзей і спартыўных заўзятараў.
Рамантычная Раманоўская
Якраз 28 жніўня Ганна Гуськова сустрэла свой 28-ы дзень нараджэння. Яна на самым піку кар’еры і свой поспех яшчэ можа паўтарыць у 2022-м на Гульнях у Пекіне. Іншая справа — Аляксандра Раманоўская, у якой усё толькі пачынаецца.
Аляксандры Раманоўскай — 24 гады, яе кар’ера яшчэ бярэ разгон. Але дзяўчына ўжо паспела нарабіць спраў і ўварвацца ў залаты фонд сусветнага фрыстайлу. Так, ёй не пашчасціла ў Пхенчхане. Яна заняла толькі 14-е месца і вельмі з гэтай нагоды засмуцілася. Зрэшты, талент ёсць талент, а школа Мікалая Казекі была і застаецца ўнікальным беларускім Хогвартсам. У мінулым годзе на першынстве свету ў амерыканскім Парк-Сіці менавіта маладая мінчанка Раманоўская пераўзышла ўсіх канкурэнтак і выйграла залаты медаль. Бліскучы 2019-ы Саша дапоўніла перамогамі на этапах Кубка свету і на Універсіядзе ў Краснаярску. Пасля такога спурту толькі і застаецца, як цэліць на Алімп, маючы на ўвазе Пекін–2022.
Але зноў жа: ці будзе ўсё гэта ў біяграфіі перспектыўнай спартоўкі? Бо яна таксама не змагла праглынуць выбарны і паслявыбарны дзяржаўны вандалізм у дачыненні да грамадзян з альтэрнатыўным меркаваннем. Раманоўская падпісала адкрыты ліст, бо інакш не магла.
Увогуле, гэтая дзяўчына ніколі не хавала ўласных перакананняў. Яе інтарэс да жыцця комплексны, і сацыяльна-палітычных тэмаў яна не цураецца. Яшчэ ў чэрвені, калі электаральная эпапея толькі набірала ход і фіксаваліся першыя выпадкі махлярства, Аляксандра не стрывала і выдала ў інтэрнэт непадробны боль: «Аднойчы я ўдзельнічала ў Алімпійскіх гульнях, дзе ад справядлівага судзейства была адна толькі назва. Цяпер я назіраю ў сваёй краіне выбары, якія язык не павернецца назваць сумленнымі і справядлівымі. У гэтым свеце наогул такія рэчы маюць права на існаванне? Ці гэта пусты гук? Ужо цягне на ваніты, шчыра кажучы…»
Прайшло два месяцы, чэмпіёнка свету зноў не маўчыць і прызнаецца, што пасля адкрытага звароту адчувае ціск. Гаворыць, што ўжо прынятая пастанова аб скарачэнні стыпендый у фрыстайле. Дадае, што на гэтым яе кар’ера можа скончыцца. Але яна не адступіць. Яна з таго пакалення, якое нарадзілася пры Лукашэнку, іншага жыцця на радзіме не бачыла — і цяпер вельмі хоча пабачыць.
Выпаленая зямля
А цяпер давайце ўявім, што Міністэрства спорту і адпаведная федэрацыя працягнуць лінію паводзінаў свайго непасрэднага кіраўніка. Той дзейнічае вядома як: не падабаецца — валі, як нядаўна было агучана наконт настаўнікаў, якія не ўхваляюць дзяржаўную ідэалогію.
Вынік будзе адзін: замест квітнеючага віду спорту застанецца выпаленая зямля. Бо Казека — гэта глыба, самародак, на якім трымаецца ўсё. Бо Гуськова і Раманоўская — гэта правадыры сённяшняга фрыстайлу, на якіх галоўныя надзеі на медалі Пекіна. Бо іншыя зоркі ўжо ва ўзросце. Антону Кушніру — 35 гадоў, Але Цупер і таго больш — 41, і абодва ўжо спрабуюць сябе на трэнерскай ніве. Ці варта душыць іншую думку цаной такога самазнішчэння? Ці варта страляць сабе ў нагу дзеля, мякка кажучы, сумнеўных выгодаў і жудасных іміджавых наступстваў?
Так, беларуская ўлада здольная на максімальна радыкальныя крокі, і ў Купалаўскім тэатры гэта добра ведаюць. Аднак усё мае мяжу — пры той умове, што недзе ў высокіх калідорах яшчэ пануе хоць які здаровы сэнс.
А сэнс той дыктуе адно: ваюючы з нязгоднымі ў спорце, вельмі лёгка не толькі нашкодзіць сабе, але і дапамагчы іншым. Умоўная Украіна, у выпадку чаго, з радасцю працягне руку апальным беларускім фрыстайлістам. І тыя будуць перамагаць пад новым сцягам — і пад усеагульныя рэспекты сусветнай спартыўнай супольнасці.