Такога ў гісторыі «Новага Часу» яшчэ не было
Ці можа сёння спорт быць па-за палітыкай? Не. Беларускі спорт аформіўся ў сталы сегмент пратэсту.
Сталы — і адукаваны, разумны, дасведчаны. Менавіта яны, учарашнія куміры, якім пляскалі поўныя трыбуны, сёння гучна гавораць з іншых трыбун. Міжнародных, дыпламатычных, на добрай англійскай мове. Менавіта яны атрымліваюць перамогі, якіх не могуць дамагчыся прафесійныя апазіцыйныя палітыкі. Адмена ў Мінску чэмпіяната свету па хакеі — гэта яго, Саюза свабодных спартсменаў, поспех. Санкцыі на кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта, уключна з Лукашэнкам, — гэта яго трапны стрэл.
І яны працягваюць сваю працу, сваю барацьбу. Нягледзячы на цяжкасці і небяспеку, на памыі, што льюцца са старонак дзяржпрэсы, — і дзякуючы падтрымцы вольных беларусаў, якія цяпер глядзяць на айчынны спорт іншымі, шырока расплюшчанымі вачыма.
Пра спорт ва ўсіх яго праявах мы вырашылі зрабіць спецыяльны дадатак, чаго ў гісторыі «НЧ» яшчэ не было. Але ж калі жыццё дорыць нам прыемныя сюрпрызы, гэта варта адзначыць асобна.
Таму ад сёння мы штомесяц будзем прадстаўляць вашай увазе «Спартыўную Беларусь», дадатак да «Новага Часу». З красавіка ў тым ліку ў друкаваным выглядзе на 12 старонках. На гэтых 12 старонках вы прачытаеце тое, што не надрукуюць дзяржСМІ. Даведаецеся пра тых мужных спартсменаў, якіх сёння выціскаюць з беларускага спорту і з краіны.
Спадзяёмся, вам гэта будзе да спадобы.