У Віцебску ўлады ліквідавалі клуб аматараў амерыканскага футбола
Спартовая арганізацыя, якая папулярызавала любімую многімі ў свеце гульню, праіснавала амаль 6 гадоў.
Згодна з рашэннем Віцебскага абласнога суда, з 4 траўня грамадскае аб'яднанне Клуб амерыканскага футбола «Віцебскія Рысі» знаходзіцца ў стане ліквідацыі.
Ініцыятарам знішчэння клуба стала кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама. У апошнія два гады ліквідацыя грамадскіх аб'яднанняў стала ўніверсальным і эфектыўным спосабам «развіцця» грамадзянскай супольнасці на Віцебшчыне, адзначаюць праваабаронцы “Віцебскай в*сны”.
Каманда па амерыканскім футболе «Віцебскія рысі» з'явілася ў 2013 годзе. Праз два гады яна атрымала рэспубліканскае прызнанне, калі выйграла кубак Вітаўта Вялікага ў Мінску. Каманда прыняла ўдзел у турнірах Балтыйскага дывізіёна Усходняй лігі амерыканскага футбола і зацвердзіла свой статус моцнага спартыўнага клуба.
Заснавальнікам, ідэйным натхняльнікам і першапачатковым спонсарам каманды стаў вядомы ў Віцебску прадпрымальнік Кірыл Шведаў.
Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Віцебскага аблвыканкама 27 верасня 2016 года зарэгістравала ГА КАФ «Віцебскія Рысі». Заснавальнікі арганізацыі дэкларавалі яе мэты як развіццё і папулярызацыю амерыканскага футбола ў Беларусі і на міжнароднай арэне.
Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Амерыканскі футбол» было створанае пры ўдзеле 6 беларускіх каманд: Варвары (Гродна), Зубры (Мінск), Літвіны (Мінск), Паганцы (Мінск), Рысі (Віцебск) і Вартавыя (Брэст)
Рашэннем Нацыянальнага алімпійскім камітэтам Рэспублікі Беларусь 16 студзеня 2018 года дзяржава прызнала на два гады РГА «Амерыканскі футбол» адзінай спартыўнай арганізацыяй, закліканай развіваць амерыканскі футбол на тэрыторыі Беларусі і надзяліла яе правам прадстаўляць краіну ва ўсіх міжнародных арганізацыях.
На працягу 2018 года аб'яднанню ўдалося наладзіць афіцыйныя адносіны і заключыць пагадненні аб супрацоўніцтве з федэрацыямі амерыканскага футбола краін-суседзяў.