Калі забіваюць журналістаў...

Масавыя затрыманні журналістаў у Беларусі парадаксальна супалі з 20-й гадавінай выкрадання ўкраінскага журналіста Георгія Гангадзэ, труп якога абезгаловілі. Праз два дзесяцігоддзі пасля забойства каментатары кажуць, што смерць журналіста змяніла гісторыю Украіны.

630_360_1568366296_633.jpg


Што нам дакладна вядома пра тое, што адбылося 20 гадоў таму? Вядома, што ўлетку 2000-га Георгій Гангадзэ, заснавальнік інтэрнэт-выдання «Украінская праўда», звярнуўся ў пракуратуру з заявай, што за ім сочаць. Ён звязаў «хвост» са сваімі крытычнымі публікацыямі на адрас прэзідэнта Кучмы. 16 верасня 2000 года ўвечары ён выйшаў ад сваёй калегі Алены Прытула і ўжо не вярнуўся. Праз паўтара месяца, 2 лістапада, у 70 кіламетрах ад Кіева было знойдзена цела журналіста без галавы.

Па справе аб забойстве ў 2012–2013-м былі прызнаныя вінаватымі супрацоўнікі Дэпартамента знешняга назірання МУС. Галоўную ролю ў забойстве, быццам, згуляў генерал Аляксей Пукач, які атрымаў пажыццёвы тэрмін. Лічыцца, што ён і яго падначаленыя вывезлі Гангадзэ за межы Кіева, выцягнулі з машыны, звязалі і задушылі. Цела скінулі ў выкапаную яму. Пазней Пукач перапахаваў яго і адрэзаў галаву, каб заблытаць сляды.

Як бачым, канчатковыя заказчыкі забойства не названыя. У турме сядзяць толькі выканаўцы. Хапае спекуляцый, што замоўцам быў экс-міністр МУС Юрый Краўчанка. Але на час суда над Пукачам ён пяць гадоў як скончыў жыццё самагубствам.

Пры гэтым з тым суіцыдам Краўчанкі таксама ўсё загадкава. Не выключаюць, што экс-кіраўнік МУС быў забіты. Як кажуць эксперты, характар першага ранення не дазволіў бы яму дзейнічаць мэтанакіравана і зрабіць другі стрэл. Пасля першага стрэлу, атрымаўшы такія цялесныя пашкоджанні (былі раздробленыя абедзве сківіцы, зубы, фрагмент носу), Краўчанка фізічна не змог бы зрабіць другі стрэл сабе ў галаву.

Таму не дзіўна, што шмат хто, у тым ліку і родныя журналіста, не вераць, што ў гэтай гісторыі пастаўленая апошняя кропка.

Зразумела, што ўжо 20 гадоў гучаць альтэрнатыўныя версіі. У тым ліку таму, што палітычныя наступствы скандалу справы Гангадзэ былі глабальныя. У лістападзе 2000-га ў інфармацыйную прастору былі выкінутыя запісы размоваў Кучмы, якія, быццам, патаемна рабіў яго ахоўнік Мікалай Мельнічэнка. На іх Кучма сапраўды кажа пра Гангадзэ, прычым у эмацыйна негатыўным тоне, хаця непасрэднага загаду забіць журналіста на стужках не гучыць.

Тым не менш, частка ўкраінскага грамадства палічыла тады гаранта адказным за забойства і пайшла на плошчу. Акцыя «Украіна без Кучмы» (так называўся той пратэст) была ў выніку задушаная, аднак паўстаў адзіны антыкучмаўскі і празаходні лагер. Менавіта яго лідары павялі людзей на «Аранжавую рэвалюцыю» 2004-га і на Майдан 2013–2014-га. Гэта дае падставы для тэорыі, што забойства Гангадзэ арганізавалі заходнія спецслужбы, якія баяліся павароту Кучмы ў бок Масквы.

Між тым, арганізатары акцыі «Украіна без Кучмы» кажуць, што яе шараговыя актывісты ўвогуле не ведалі, хто такі Гангадзэ, і менш за ўсё цікавіліся геапалітыкай. «Яны (пратэстоўцы) агучвалі патрабаванні змены сацыяльных, эканамічных і палітычных адносін унутры краіны», — кажа каардынатар акцыі Уладзімір Чамярыс. Калі верыць Чамярысу, Захад не інспіраваў «Украіну без Кучмы» і, адпаведна, не «замаўляў» журналіста. На карысць недатычнасці Захаду, маўляў, сведчаць таксама афіцыйныя заявы пасольства ЗША, якое дасюль заклікае Кіеў давесці следства да канца і назваць усіх фігурантаў забойства.

Атрымліваецца, што Кучма сапраўды мог даць загад на забойства. Пасля хадзілі чуткі, што падчас прэзідэнцтва Юшчанкі Леанід Кучма даў велізарны хабар, каб яго імя выкраслілі з ліку падазраваных.

Нарэшце, модна шукаць сапраўднага замоўцу забойства Гангадзэ сярод атачэння Кучмы. Нехта з падручных мог штучна сфарміраваць ва ўкраінскага гаранта ўражанне таго, што сайт Гангадзэ нясе рэальную пагрозу рэжыму Кучмы. Аматарам гэтай версіі любяць нагадваць, што на пачатку нулявых інтэрнэт увогуле не ўплываў на палітычныя настроі ўкраінцаў. А пра існаванне інтэрнэт-выдання «Украінская праўда» было вядома толькі нешматлікім юзерам.

Але 20-я гадавіна справы Гангадзэ натхніла прыхільнікаў апошняй версіі. У прэсе нечакана ўсплыло імя Уладзіміра Літвіна, тагачаснага супрацоўніка адміністрацыі Кучмы. Па адной з версій, Літвін мог спадобіць Леаніда Кучму загадаць забіць Гангадзэ, бо меў рамантычныя пачуцці да ўладальніцы «Украінскай праўды». Сам Літвін, натуральна, кажа, што гэта хлусня.

Як бачым, разгадкі. У любым выпадку, цяжка пераацаніць уплыў той трагедыі на сучасную гісторыю Украіны. Забойства і «стужкі Мельнічэнкі» нанеслі сур’ёзны ўдар па прэстыжы Леаніда Кучмы. Гісторыя Украіны пайшла абсалютна інакш. «Калі б не справа Гангадзэ, у нас была б іншая краіна», — прызнаецца той жа Літвін. У тым ліку даючы зразумець, што грамадскі статус журналістаў у наш час дастаткова высокі і ставіцца да гэтай гільдыі любой уладзе лепш карэктна.