36 гадоў таму ў Польшчы ўвялі ваеннае становішча
36 гадоў таму камуністычныя ўлады ўвялі ў Польшчы ваеннае становішча. Уначы з 12 на 13 снежня 1981 года адбыліся масавыя арышты сябраў прафсаюза «Салідарнасць».
У турмах апынуліся тысячы апазіцыянераў, дзясяткі асобаў былі забітыя.
Сярод інтэрнаваных тады таксама апынулася будучая дырэктарка тэлеканала „Белсат” Агнешка Рамашэўская-Гузы. Паводле яе слоў, “бяспека” прыйшла да хаты яе бацькоў яшчэ перад афіцыйным пачаткам ваеннага становішча:
— Ваеннае становішча пачыналася а дванаццатай гадзіне, а да нас дадому прыйшлі, здаецца, без пятнаццаці дванаццаць. Прыйшлі, запыталі: „Ці ёсць пані Рамашэўска?”. Я сказала: “Так”. Запыталі: “Сафія?”, я сказала: “Не, Агнешка”. Яны сказалі: “Нічога, пройдземце з намі”. Такім чынам, я стала закладніцай за бацькоў.
Агнешка Рамашэўска-Гузы лічыцца наймалодшай інтэрнаванай у час ваеннага становішча, ёй было 19 гадоў. Ваеннае становішча ў Польшчы, доўжылася паўтары гады, было адменена 22 ліпеня 1983 года. За гэты час было арыштавана каля 10 тысяч чалавек.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя